Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’я ў жыцьці прэтэндэнта на вышэйшую пасаду: тормаз ці фарсаж?


Пра жаданьне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай гонцы ўжо заявілі блізу дзясятка беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Аднак за прэзэнтацыямі ды агучваньнем праграмаў цяжка разгледзець чалавечыя якасьці прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду. Якія яны ў сямейным жыцьці? Дапамагаюць сямейнікі ў дасягненьні высокай мэты ці — наадварот — перашкаджаюць?


Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адным зь першых абвясьціў старт у другой запар для сябе прэзыдэнцкай кампаніі. Біяграфія Мілінкевіча добра вядомая яшчэ ад выбараў 2006 году. Спадар Мілінкевіч жанаты другім шлюбам, ад першага мае двух сыноў — Вітаўта і Аляксандра. Першая жонка жыве ў Горадні.

Рыгор Кастусёў
Адзін з патэнцыйных канкурэнтаў спадара Мілінкевіча — вылучэнец ад Партыі БНФ, шклоўскі актывіст дэмакратычнага руху Рыгор Кастусёў. Кажа, што ў сямейным жыцьці ён абсалютна «стабільны», чым і ганарыцца:

«Жанаты 30 гадоў, пайшоў ужо чацьвёрты дзясятак. Трое дзяцей. Так што ў гэтым пляне я стабільны. Жонка — сацыяльны работнік Шклоўскага аддзяленьня сацыяльнага забесьпячэньня. Дачка старэйшая зараз гадуе ўнучку, у дэкрэтным адпачынку. Другая дачка скончыла Акадэмію музыкі, працуе ў Магілёве ў школе. А сын вучыцца на 4 курсе Гданьскага ўнівэрсытэту ў Польшчы. Магу сказаць, што ў нас сямейныя адносіны — на першым пляне. І зь дзецьмі, і паміж жонкай і мужам, і з унучкай, і з бацькамі. Бацькоў, праўда, ужо няма, але цешча і маці цешчына жывуць, жонка іх даглядае. Таму ў гэтым сэнсе ўсё ў нас на ўзроўні добрым».

Аляксандар Лукашэнка з сынам Міколам.
Аднадумцы Кастусёва вылучаюць яго ў прэтэндэнты на кандыдата ў прэзыдэнты пад недвухсэнсоўным лёзунгам: «Бяда са Шклова прыйшла, Шклоў павінен яе і спыніць». Паміж радкоў чытаецца прозьвішча цяперашняга кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. І хоць наўпрост Лукашэнка яшчэ не абвясьціў пра ўдзел у выбарах, але некалькі разоў падкрэсьліў, што ня бачыць прычынаў, каб гэтага не зрабіць.

У 1994-м Лукашэнка канчаткова перабраўся ў Менск, пакінуўшы намінальную першую лэдзі ў Рыжкавічах. Сьледам за бацькам пацягнуліся і сыны — Віктар і Дзьмітры. Дагэтуль невядома, ці існуе афіцыйны шлюб Аляксандра Рыгоравіча і Галіны Радзівонаўны. А пяць гадоў таму публіцы быў прадстаўлены малодшы з Лукашэнкаў — Мікалай. Самога Лукашэнку больш хвалюе ня ўласны прыклад, а тое, каб у якія «цьмяныя гісторыі» ня ўляпаліся ягоныя дзеці:

«Нават сваіх дзяцей, якіх я беззапаветна люблю, я трымаю ў яжовых рукавіцах. Вы хоць адзін раз чулі пра скандал з удзелам дзяцей прэзыдэнта? Ніколі! І Леанід Сямёнавіч Мальцаў, і Аляксандар Паўлоўскі, праз рукі якіх яны прайшлі ў войску, слова дрэннага пра іх не сказалі…»

Віталь Рымашэўскі
Сустаршыня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі перакананы, што для любога публічнага палітыка сямейныя каштоўнасьці павінны быць на першым месцы. А ягоны прыклад можа быць узорам для астатніх:

«Жанаты першы і апошні раз, упэўнены. Маю дачку, якой 9 месяцаў. Дачка — Ева, жонка — Наста. Мае палітычныя посьпехі, калі яны ёсьць, то як мінімум паловы зь іх я дасягнуў дзякуючы таму, што маю такую жонку. Бо мець добрую жонку — гэта ўжо палова справы ў жыцьці. Калі ёсьць падтрымка ў сям’і, калі ёсьць разуменьне, ёсьць ахвярнасьць і цярпеньне — то гэта надзвычай важная падтрымка. Палітычная справа вельмі няпростая, нялёгкая. Бывае, элемэнтарна не хапае часу на сям’ю. Але калі сям’я зьяўляецца ў тваёй справе падтрымкай, то ты можаш вельмі шмат што зрабіць. У выніку гэта будзе ўплываць на паводзіны чалавека, на ягоныя памкненьні. Бо калі ў чалавека ня ўсё добра ў сямейным пляне, ёсьць сур’ёзныя праблемы, я перакананы, што гэта ня можа не адлюстроўвацца на ягоных паводзінах — працоўных, палітычных у тым ліку, і ня можа ня шкодзіць».

Алесь Міхалевіч
А вось незалежны прэтэндэнт Алесь Міхалевіч лічыць, што прыватнае жыцьцё палітыка не павінна хваляваць староньніх назіральнікаў. Чалавека трэба ацэньваць, зыходзячы зь ягоных прафэсійных здольнасьцяў, а не па тым, які ён у пазапрацоўным жыцьці:

«Я жанаты, у мяне дзьве дачкі. Адна — 2000 году нараджэньня, другая — 2009, зусім маленькая. З жонкай афіцыйна расьпісаныя ад 1999-га… Я думаю, што сямейныя каштоўнасьці і сямейныя стасункі важныя для кожнага чалавека — незалежна ад таго, палітык ён ці не. Але асабіста я заўсёды галасую за палітыкаў, зыходзячы зь іх прафэсійнага досьведу і зыходзячы з таго, якія яны рашэньні прымаюць. Я лічу, што палітык таксама мае права на прыватнае жыцьцё, на прыватнасьці. І я, напрыклад, сам асабіста не люблю, калі ўмешваюцца ў маё асабістае жыцьцё, і таксама ня ўмешваюся ў прыватнае жыцьцё іншых. Але калі ўжо назваўся, то зразумела, што палітыкі маюць менш прыватнасьці, чым іншыя. Я гэта разумею, і жонка таксама разумее».

Юры Глушакоў
Яшчэ адзін прэтэндэнт, першы намесьнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў прызнаецца, што па-за працай цалкам прысьвячае сябе адзінай дачцэ:

«Жонка памерла ў 2006 годзе, ад хваробы…»

Карэспандэнт: «Ва ўлётцы вы пазначылі, што выхоўваеце дачку. Хтосьці дапамагае?»

«Зразумела, маці дапамагае, вельмі моцна дапамагае брат. Таму ў гэтым сэнсе ўсё нармальна. Фактычна дачка ўжо дарослая — 1990-га году нараджэньня, 19 гадоў. Але, канечне, выхаваўчы працэс у такім узросьце патрабуе пэўных намаганьняў. Пакуль усё добра, спадзяюся, і надалей так будзе. Цяпер яна вучыцца і адначасова працуе».

Яраслаў Раманчук
Вольны ад сямейных абавязкаў пакуль толькі адзін прэтэндэнт — намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Пытаньне пра «зайздроснага жаніха» ён карэктуе, паколькі гатовы «ашчасьлівіць» усіх жанчын Беларусі:

«Калі на 8 сакавіка я напісаў артыкул наконт таго, што менавіта патрэбна жанчынам — ня кветкі раз на год, а 3-4 пункты, якія пераклікаюцца з маёй праграмай. Потым на блогу было вельмі шмат добрых камэнтароў, што менавіта гэта і патрэбна жанчынам: каб яны больш заробкаў мелі, каб лепш ім працавалася, каб большая сацыяльная ахова была. Жанчыны рэагуюць эмацыйна, таму, думаю, буду размаўляць зь імі вобразамі, безумоўна, на лічбах усё гэта паказваць. Але зводзіць усё ў адно пытаньне — жанаты ці не — думаю, у гэтым ня ўся праўда».

У ліку палітыкаў, якія заявілі пра ўдзел у прэзыдэнцкай гонцы, — былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў. Спадар Саньнікаў у другім шлюбе, ягоная жонка — журналістка Ірына Халіп, у іх расьце маленькі сын.

Днямі са спасылкай на кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» было заяўлена, што на прэзыдэнцкую пасаду прэтэндуюць былы кіраўнік Вярхоўнага савету Мечыслаў Грыб і генэрал Валерый Фралоў. Аднак самі яны параілі пачакаць разьвіцьця падзеяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG