Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У мяне двое дзетак, і як іх выгадаваць?..»


«У мяне двое дзетак, і як іх выгадаваць?..»
«Колькі дзяцей у вашай сям’і? А колькі вы хацелі б мець?» З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся сёньня да гарадзенцаў.

Спадарыня: «У мяне ў сям’і двое, а хацела мець траіх. Зрэшты, і маю траіх — муж трэці. Так што колькі хацела, столькі і маю».

Спадарыня: «У мяне сямёра дзетак...»

Карэспандэнт: «А колькі б хацелі мець?»

Спадарыня: «Мне і так дастаткова, гэта надта адказная справа. Асаблівых цяжкасьцяў няма гадаваць іх, бо старэйшыя дапамагаюць малодшым. Але зь іншага боку — сёньня ўсім цяжка жыць».

Карэспандэнт: «А вы спраўляецеся?»

Спадарыня: «Даводзіцца пакруціцца, бо інакш нельга. І ведаеце, калі нараджала першых дзяцей, то, здаецца, яшчэ сама была дзіцём. А вось гэтыя, апошнія — зусім іншыя адносіны, болей любові да іх».

Спадар: «У нас двое дзетак. А як мы хацелі? Ведаеце, нашы жаданьні не заўсёды супадаюць з рэаліямі...»

Спадарыня: «У нас двое, і столькі ж мы і хацелі. Раней было прасьцей дзяцей гадаваць, а цяпер дзіцячыя рэчы даражэнныя...»

Спадарыня: «У нас адно дзіцё, і, можа, хацела б два, але позна. Мой сын ужо дарослы, а зараз дзяцей гадаваць складана. А калі бацькі яшчэ мала зарабляюць... зусім складана».

Спадарыня: «Двое ў мяне дзетак, і болей не хачу. Цяжка жыць: вучоба дарагая, забясьпечваць дзяцей складана, за адну вучобу толькі колькі плаціць даводзіцца. Дый вучыць у нас няма дзе дзяцей, хоць ты ў Маскву адпраўляй...»

Спадар: «У мяне адна дарослая дачка — 23 гады. Думаю, што дзяцей павінна быць у сям’і трое, так заўсёды раней было. Але цяпер вельмі складана іх выгадаваць, гэта раней было лягчэй і прасьцей. Паспрабуйце жыльлё збудаваць, грошай заўсёды нестае, а на працу ўладкаваць... Вось дачка скончыла ўнівэрсытэт імя Я.Купалы, а з працай — бяда...»

Спадарыня: «От, хацела б, можа, яшчэ адно дзіця, каб было двое, але фінансава вельмі складана».

Ейная сяброўка: «У мяне дзяўчынка і хлопчык, і, напэўна, хопіць у наш час. Цяжка вельмі фінансава, паўсюль грошы патрэбныя...»

Спадарыня: «Цяпер і ў школе, і ў садку трэба выпускныя адзначаць. Падарунак садку, выхавацелькам, настаўнікам — набягае да 300 тысяч. А яшчэ дзяўчаткам малым сукенкі шыць, фрызуры рабіць».

Карэспандэнт: «Цікава, а колькі ж абыходзіцца выпускны ў школе дзяўчатам, якія сканчаюць 11 клясу?»

Спадарыня: «Ой, у мільён дакладна ня ўкласьціся...»
XS
SM
MD
LG