Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што гаварылі пілёты перад пагібельлю прэзыдэнцкага самалёта?


На сайтах Міністэрства ўнутраных справаў і Канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы апублікавана транскрыпцыя перамоваў экіпажу польскага прэзыдэнцкага самалёта, які разьбіўся 10 красавіка каля Смаленску. У катастрофе загінула 96 чалавек, уключна з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качынскім і яго жонкай.

Запісы размоваў з "чорных скрынак" расейская сьледчая камісія ўчора перадала польскаму боку. Сёньня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск вырашыў апублікаваць транскрыпцыю гэтых запісаў, якую зрабілі расейскія і польскія экспэрты ў Маскве.

Што вынікае з гэтых запісаў для людзей, якія не зьяўляюцца экспэртамі ў справе авіяперавозак і авіякатастрофаў?

Запісы, як падаецца, не даюць адназначнага адказу на пытаньне, чаму самалёт разьбіўся.

За 60 сэкундаў да падзеньня самалёта на зямлю ўключылася аўтаматычная сыстэма асьцераганьня пілётаў, якая папярэдзіла іх аб тым, што на траекторыі палёту авіялайнэра знаходзіцца зямля (TERRAIN AHEAD).

Прыблізна за 20 сэкундаў перад ударам самалёта аб зямлю сыстэма асьцераганьня выдала пілётам загад падняць машыну ўгору (PULL UP). З запісу ясна не вынікае, чаму пілёты не паслухалі гэтага загаду.

Самалёт зачапіўся аб дрэвы каля смаленскага лётнішча недзе сэкундаў за пяць-шэсьць да пагібелі. Запіс абрываецца а гадзіне 10.41.05 маскоўскага часу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG