Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачалася акцыя пратэсту аўтамабілістаў


1 чэрвеня беларускія аўтааматары распачалі грамадзянскую кампанію пад назвай «Стоп-бэнзін. Мы — ня дойныя каровы». Уладальнікі аўто пратэстуюць супраць высокіх коштаў на паліва, якія сёлета ўзрасталі ўжо тры разы.


На пачатку студзеня за 1 літар 92-га бэнзіну на беларускіх запраўках бралі 2470 беларускіх рублёў, цяпер кошт складае 2870 рублёў.

Арганізатары грамадзянскай кампаніі «Стоп-бэнзін» заклікаюць з 1 па 4 чэрвеня заехаць на АЗС, якія належаць беларускаму нафтаваму канцэрну «Белнафтахім», заліць у бак свайго аўто ня больш як 2 літры паліва ды абавязкова ўзяць у апэратара АЗС чэк. А 4-га чэрвеня, на думку ўдзельнікаў акцыі, варта ўвогуле байкатаваць усе заправачныя станцыі, скарыстаўшы для перамяшчэньня грамадзкі транспарт.

Паводле словаў аднаго з каардынатараў грамадзянскай кампаніі «Стоп-бэнзін» Канстанціна Міхайлава, аўтааматары ня маюць на мэце нанесьці эканамічную шкоду дзяржаве, у якой жывуць, а проста хочуць зьвярнуць на сябе ўвагу, дамагаюцца павагі і ўцямных адказаў на свае пытаньні.

У нас вінаватымі апынаюцца Расея, хто заўгодна, але толькі ня мы самі.
Міхайлаў: «Адбылося падаражэньне бэнзіну, цукру, праезду ў маршрутках — усяго-ўсяго. А ў нас вінаватымі апынаюцца Расея, хто заўгодна, але толькі ня мы самі. Пры гэтым па БТ мы чуем, што ў нас усё выдатна, супэр, і што мы лепшыя ў сьвеце. Шмат хто разумее, што гэта няпраўда на сёньняшні дзень, а хацелася б чуць менавіта праўду. Няхай нават яна будзе горкая, але праўда. Я ня ведаю, ці адкажуць на нашыя пытаньні, але вельмі на гэта спадзяюся».

Акцыя пратэсту аўтааматараў не абмяжоўваецца толькі Менскам. Кампанія «Стоп-бэнзін» стала агульнабеларускай: яе падтрымалі ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах. Арганізатары кажуць пра тое, што ў акцыі ўдзельнічаюць дзясяткі тысяч чалавек. Каардынатар кампаніі Канстанцін Міхайлаў лічыць, што ўжо можна гаварыць пра пэўны посьпех.

Міхайлаў: «90 адсоткаў той задачы, якая ставілася перад намі, выканана. Па-першае, мы вельмі моцна аб’ядналі народ вакол сябе. Мы хацелі паказаць, што ёсьць праблемы і іх трэба вырашаць — гэта, я лічу, мы выканалі».

Удзельнікі грамадзянскай кампаніі «Стоп-бэнзін» ня згодныя з тым, што паліва падаражэла ў выніку падняцьця Расеяй мыта на экспарт нафты.

Міхайлаў: «Расея падняла на 15-20 адсоткаў пошліны на тую нафту, якая экспартуецца. А тое паліва, якое прызначаецца для ўнутранага беларускага рынку, ідзе па старых коштах».

Яшчэ да пачатку акцыі на вуліцах Менску можна было ўбачыць аўтамабілі з налепкамі акцыі і павязанымі на антэны белымі стужачкамі. Белы колер, на думку аўтааматараў, павінен сымбалізаваць яднаньне дзеля дасягненьня агульнай мэты, а шэры, які стужка набудзе празь некалькі дзён ад дарожнага бруду, павінен паказаць, як беларусы сталі жыць.

Супрацоўнікі заправак пакуль не заўважаюць акцыі, хаця згаджаюцца, што кошты на паліва непамерна высокія. Гаворыць Андрэй, супрацоўнік АЗС «Беларусьнафта» на ўскраіне Менску:

«Не, пра гэтую акцыю мы ня чулі нічога абсалютна. Канечне, гэта непамерныя кошты на паліва. Бывае, што людзі запраўляюцца на 5 ці на 10 тысячаў, без праблемаў».

Тым часам акцыю падтрымалі некаторыя станцыі тэхнічнага абслугоўваньня аўтамабіляў і крамы аўтазапчастак. Менская СТА «СПАС», напрыклад, для ўладальнікаў аўто з налепкай акцыі «Стоп-бэнзін» прапануе бясплатную дыягностыку падвескі да 11-00 і 15-адсоткавую зьніжку на рамонтныя працы.

У першы дзень правядзеньня акцыі — 1 чэрвеня — арганізатары кампаніі перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама кіраўніцтву канцэрну «Белнафтахім» калектыўны зварот з просьбай патлумачыць прычыны падаражэньня паліва.

Арганізатары кампаніі "Стоп-бэнзін" Канстанцін Міхайлаў і Арцём Шаркоў абмяркоўваюць свае дзеяньні
Арцём зьбірае ў мінакоў подпісы
Большасьць падпісваецца ахвотна
Подпісы былі аднесены ў рэзыдэнцыю

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG