Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыск: бел-чырвона-белы сьцяг на знак пратэсту


Ваўкавыскі актывіст АГП Віталь Гуляк вывесіў у вакне сваёй кватэры бел-чырвона-белы сьцяг, пратэстуючы гэтым супраць праведзенага ў яго кватэры ператрусу і канфіскацыі ягоных асабістых рэчаў. Ператрус адбыўся 18 траўня, калі трэсьлі ўсіх датычных да кампаніі «Гавары праўду».

Сам Віталь Гуляк кажа, што гэта ягоная эмацыйная рэакцыя на ператрус і канфіскаваныя з кватэры рэчы. Актывіст ужо неаднойчы зьвяртаўся да сьледчых і ў пракуратуру, а адказу дагэтуль няма.

Празь некаторы час у кватэру ўжо стукаліся супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным: маўляў, на вас скардзяцца суседзі. Сьцяг давялося зьняць, а на Віталя Гуляка склалі пратакол.

Віталь Гуляк — інвалід ДЦП другой групы зь дзяцінства.

Апроч кампутара, мабільнага тэлефона, газэтаў, кніг у яго канфіскавалі банкаўскую картку і «карту паляка».

Віталь Гуляк зьвярнуўся ў пракуратуру са скаргай, у якой патлумачыў, што ў яго сканфіскавалі жыцьцёва неабходныя рэчы. У прыватнасьці, банкаўскую картку, на якую ён атрымлівае пэнсію па інваліднасьці, так што цяпер ён наагул застаўся бяз сродкаў да існаваньня.

У яго таксама сканфіскавалі мабільны тэлефон, зь якога ён у кожным выпадку мог выклікаць лекара. А таксама пазбавілі «карты паляка», па якой Віталь Гуляк мог рэгулярна выяжджаць за мяжу для лячэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG