Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прадстаўнікі Гомельскага аддзяленьня Беларускай асацыяцыі жанчын-юрыстаў, якое ачольвае Ірына Кучвальская, прыйшлі да сьледчага ізалятару на вуліцы Кніжнай у Гомелі, каб перадаць падлеткам сабраную літаратуру. Гэта кнігі пра выбітных людзей сьвету, пра экалёгію й спорт.


У ізалятары цяпер утрымліваецца звыш 30 падлеткаў, якія ўчынілі цяжкія злачынствы. У абласной інспэкцыі па справах непаўналетніх паведамілі, што падлеткавая злачыннасьць ў рэгіёне хаця й зьніжаецца, але лічыць яе ўсе яшчэ трэба сотнямі. Пра гэта сьведчыць і міліцэйская статыстыка:

“Непаўналетнімі асобамі да 18 гадоў за мінулы год было ўчынена 1044 злачынствы. Гэта ў асноўным крадзяжы асабістай і дзяржаўнай маёмасьці”.

Крадзяжы прадуктаў, прамысловых тавараў, побытавай тэхнікі складаюць прыкладна дзьве траціны ў падлеткавай злачыннасьці.

Аднак ёсьць у пераліку і цяжкія злачынствы:

“Восем забойстваў было ўчынена непаўналетнімі за мінулы год, 7 – цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, 6 -- згвалтаваньняў, рабаўніцтваў – 73”.

Каб неяк суняць падлеткавую злачыннасьць, у рэгіёне, асабліва падчас летніх канікулаў, імкнуцца пашырыць занятасьць сярод непаўналетніх. А для асабліва цяжкіх падлеткаў міліцыя ад 7 чэрвеня адкрые адмысловы лягер пры вайсковай частцы 5525.
XS
SM
MD
LG