Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 траўня ў Пецярбургу прайшла сустрэча Уладзіміра Пуціна з арганізатарамі і ўдзельнікамі дабрачыннага літаратурна-музычнага вечара "Маленькі прынц". Сярод іх быў і вядомы рок-музыка Юры Шаўчук.


З музыкам пагаварыла наша калега з расейскай службы Радыё Свабода Тацяна Вольцкая.




Сустрэча дзеячоў мастацтва з прэм'ер-міністрам прайшла перад дабрачынным літаратурна-музычным вечарам "Маленькі прынц" у Міхайлаўскім тэатры, арганізаваным маскоўскім фондам дапамогі хворым на рак дзецям "Падорым жыцьцё". Самім вечарам лідэр гурту “ДДТ” Юры Шаўчук застаўся задаволены:

- Быў вельмі добры канцэрт, які зладзіў фонд "Падорым жыцьцё", назьбіралі грошай для дзяцей, хворых на леўкемію. Тым самым дапамаглі будаўніцтву новага анкалягічнага цэнтру. Было вельмі шмат актораў, музыкаў, сьпевакоў. І яшчэ была сустрэча з прэм'ер-міністрам, на якую я прыйшоў, таму што ў мяне назапасілася шмат пытаньняў. Пагаварылі пра Расею.

- Вы сказалі Пуціну, што вам тэлефанаваў адзін з памочнікаў прэм'ер-міністра і прасіў не задаваць вострых пытаньняў. Пуцін сказаў, што гэта правакацыя.

- Гэта ён аджартаваўся. На што я адказаў, што, напэўна, нейкі “дзівак” пажартаваў. На самой справе, я думаю ... А што тут думаць, калі я размаўляў паўгадзіны, і мне тлумачылі, якія пытаньні не задаваць.

- А якое ў вас агульнае ўражаньне ад гэтай размовы?

- Гутарка была не такой працяглай, як хацелася б. Шмат пытаньняў не задаў. Але галоўнае пасьпеў: у якой краіне будуць жыць нашы дзеці? Я казаў пра змрочную, карумпаваную, неміласэрную і бездухоўную краіну. З шахцёрамі, якія на працу ідуць, як штрафныя батальёны ў апошні бой. З расслаеньнем грамадзтва на князёў, баяраў - няважна, з партбілетамі або без, зь мігалкамі на машыне - і звычайны цяглавы народ. Адзіная ўмова выхаду з гэтай сытуацыі цяпер - гэта роўнасьць усіх перад законам, дэмакратыя. Пуцін са мной пагадзіўся, што бяз роўнасьці ўсіх перад законам, без дэмакратызацыі краіны будучыні ў Расеі няма. Гэта яго словы былі.

- А наконт "Маршаў нязгодных" вы задаволеныя яго адказамі?

- Вядома, не задаволены. Чаму? Таму што калі ён сказаў, што трэба, каб "маршы" не перашкаджалі, як ён сказаў, дачнікам ці хворым патрапіць да лекараў, я проста не пасьпеў адказаць. Бо калі прыяжджае які-небудзь чыноўнік, то перакрываюцца ўвесь горад і ўвогуле ўсё стаіць. Мяне падтрымаў Алег Басілашвілі. Зайшла яшчэ гаворка аб горадзе, аб разбурэньні помнікаў архітэктуры, аб будаўніцтве вось гэтай вежы газпромаўскай і г. д. На гэта ён таксама не адказаў. Ён сказаў, што павінна вырашаць адміністрацыя гораду.

- А чалавечая рэакцыя на яго слова была якая? Словы дык мы ўжо прачыталі, а вы ў вочы яму глядзелі.

- Калі я сказаў яму: "А вы ў курсе, што пратэстныя настроі ў грамадзтве растуць?", Глядзеў яму ў вочы. Ён, вельмі цяжка уздыхнуўшы, прашаптаў - так. І гэта была не гульня. Прэм'ер-міністар пра гэта ведае - і гэта ўжо, напэўна, няблага. Але, з другога боку, так і не зразумела, што наша ўлада будзе рабіць. Словам, адбылася традыцыйная ўжо пару сотняў гадоў размова мастака з уладай. Многія гаварылі, вось і я таксама пагаварыў.

- Вы лічыце, гэта мае сэнс?

- Вядома.

- Памятаеце, была сустрэча пісьменьнікаў з Пуціным. Некаторыя пісьменьнікі з прынцыповых меркаваньняў на яе не пайшлі.

- Гэта іх права. А я лічу, што неабходна гаварыць. Лепш гаварыць, чым ваяваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG