Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мала тых прэтэндэнтаў, хто сапраўды разьлічвае на перамогу і ідзе да яе”


Ці павялічвае шанцы апазыцыі на выбарах масавае вылучэньне патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты? Наколькі гэта ўпісваецца ў апазыцыйны сцэнар правядзеньня выбарчай кампаніі? Ці можа хто-небудзь з вылучаных кандыдатаў прэтэндаваць на статус трэцяй сілы? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч і рэдактар інтэрнэт-выданьня «Мы» Кірыл Пазьняк. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Аляксандар Старыкевіч
Кірыл Пазьняк
Віталь Цыганкоў


«Працэс вылучэньня актывізавалі чуткі, што Масква ня будзе падтрымліваць Лукашэнку».


Цыганкоў: Актыўнае вылучэньне новых прэтэндэнтаў на кандыдаты ў прэзыдэнты асабліва «масава» адбывалася апошнімі днямі. Яраслаў Раманчук — ад АГП, Юры Глушакоў — ад «зялёных», генэрал Валер Фралоў — ад самога сябе. Ці можна сказаць, што гэта мае нейкія шанцы паўплываць на выбарчую стратэгію апазыцыі (вядома, у тым выпадку, калі яна існуе)?

Пазьняк: Мне здаецца, апошнім часам ніхто не сумняваўся, што дамовіцца пра «адзінага» ня ўдасца. Ідэя «праймэрыз» даўно памерла, і заўвагі пра выбар «адзінага» часам ужо ўспрымаюцца як спэкулятыўныя. Тым ня менш палітыкі дагэтуль робяць агаворкі наконт неабходнасьці абраць «адзінага» і пра сваю гатовасьць удзельнічаць у гэтай працэдуры — па ўсім відаць, пераважна дзеля карэктнасьці.

Дэмакратычныя сілы зараз перажываюць дэфіцыт фінансавых рэсурсаў — у тым ліку з-за таго, што іхні патэнцыял замалы, патэнцыял пратэстных настрояў малы і мэханізм выбарчы ўладамі ўжо адладжаны. Але не варушыцца нельга. Да таго ж працэс вылучэньня актывізавалі чуткі, што Масква ня будзе падтрымліваць Лукашэнку.

«Адзінага» цяпер ужо абіраюць у межах розных кааліцыяў і альянсаў. Мы бачым ужо больш за дзесяць «кандыдатаў», і інтарэсы ва ўсіх даволі розныя. Хтосьці проста неадэкватна ацэньвае сытуацыю, хтосьці піярыцца, хтосьці працуе на пэрспэктыву, на наступныя выбары. Хтосьці ўваходзіць у кампанію зь бізнэсовым інтарэсам — гучаць заявы пра вылучэньне, і потым пад гэта шукаюцца фінансавыя рэсурсы. Пэўныя палітычныя сілы «прадаюць» сябе падчас збору подпісаў і агітацыі.

Сабраць сто тысяч подпісаў выбарнікаў, каб стаць зарэгістраваным кандыдатам, здольныя толькі максымум 2-3 палітыкі.
Зь іншага боку, тут можна ўбачыць і пазытыўнае — ёсьць канкурэнтаздольнае асяродзьдзе, зьяўляюцца новыя кандыдаты ў прэзыдэнты. Аднак такі россып кандыдатаў у вачах выбарцаў, улічваючы невялікі аўтарытэт статуснай апазыцыі, б’е па гэтым зьмізарнелым аўтарытэце. Сабраць сто тысяч подпісаў выбарнікаў, каб стаць зарэгістраваным кандыдатам, здольныя толькі максымум 2-3 палітыкі. Магчыма, у такіх умовах гэта і ёсьць самы натуральны і аб’ектыўны крытэр, хто зь іх наймацнейшы.

Цыганкоў: Але ў 2001 годзе таксама даволі вялікая колькасьць прэтэндэнтаў зьбіралі подпісы. Але потым яны аддалі свой аўтарытэт і рэсурсы на карысьць «адзінага» кандыдата, Уладзімера Ганчарыка. Чаму гэтаксама ня можа адбыцца і зараз?

Пазьняк: Зараз вельмі шмат такіх звадак сярод апазыцыі, розных блякаваньняў, альянсаў. Акурат гэты працэс сьведчыць пра тое, што наўрад ці яны выйдуць на нейкую працэдуру, пры якой нехта можа адкінуць свае амбіцыі.

«Праблема ў тым, што мала тых, хто сапраўды сур’ёзна і мэтанакіравана разьлічвае на перамогу і ідзе да яе»


Цыганкоў: Аляксандар, як вы ацэньваеце працэс вылучэньня шматлікіх кандыдатаў?

Старыкевіч: У прынцыпе, я згодны з тым, што адзінай стратэгіі няма і кожны вырашае свае тактычныя задачы. Хтосьці зьбіраецца рэальна ўдзельнічаць у кампаніі, хтосьці проста хоча засьвяціцца ў СМІ, хтосьці разьлічвае на пэўныя «адступныя» за тое, што ён з актывам далучыцца да іншага кандыдата.

Праблема, аднак, ня ў тым, што надта шмат кандыдатаў — праблема ў тым, што мала тых, хто сапраўды сур’ёзна і мэтанакіравана разьлічвае на перамогу і ідзе да яе.

Цыганкоў: Ну вось, калі казаць пра падзеі сёньняшняга дня, — вылучэньне Яраслава Раманчука.
Калі б меркавалася, што кандыдат ад АГП пойдзе да канца, то гэта быў бы Анатоль Лябедзька.
Для шырокіх народных мас ён чалавек адносна новы. Ці не выпадае ён з агульнага шэрагу апазыцыйных кандыдатаў, ці можа ён стаць нейкім сюрпрызам, як стаў Аляксандар Казулін у 2006 годзе?

Старыкевіч: Я думаю, што Яраслаў у выніку здыме сваю кандыдатуру на карысьць іншага кандыдата. Мая вэрсія, што гэта якраз той сцэнар, які прыняты партыяй. Калі б меркавалася, што кандыдат ад АГП пойдзе да канца, то гэта быў бы Анатоль Лябедзька.

«Інтрыга, што тычыцца новай асобы, палягае ў кампаніі «Гавары праўду»


Цыганкоў: Ці магчыма за час да выбараў вылучэньне нейкага новага нечаканага кандыдата?

Пазьняк: Інтрыга, што тычыцца новай асобы, палягае ў кампаніі «Гавары праўду» — што за ёй стаіць, на каго яна працуе. Бо варыянт з намэнклятурным кандыдатам малаверагодны.

Цыганкоў: Мы гаворым пра кандыдатаў ад улады і апазыцыі, але самі некаторыя кандыдаты — той жа Міхалевіч, Глушакоў, Фралоў — ня хочуць называць сябе апазыцыйнымі. Ці ўдасца камусьці замацаваць сябе ў якасьці «трэцяй сілы»?

Пазьняк: Той самы Фралоў кажа пра сябе, што ён прарасейскі кандыдат. Глушакоў заявіў, што праблема ня толькі ў Лукашэнку. Такая прэтэнзія на «залатую сярэдзіну» тэарэтычна адпавядае беларускаму мэнталітэту. Але праблема ў тым, як данесьці гэтую сваю пазыцыю да насельніцтва. Можна пісаць ідэальныя з пункту гледжаньня паліттэхналёгіяў праграмы, — але праблема ў тым, як гэта давесьці да насельніцтва.

Старыкевіч: Я думаю, улада разьлічвае на іншыя мэханізмы. І хто там будзе супраць яе — апазыцыянэр ці прадстаўнік нейкай тэарэтычнай трэцяй сілы — ня так моцна яе турбуе.

Так, апазыцыя сёньня ў значнай часткі грамадзтва не карыстаецца папулярнасьцю, нават у тых людзей, якія не давяраюць Лукашэнку. Але размовы пра трэцюю сілу сёньня больш размовы, а не сур’ёзная справа. Пра генэрала Фралова я, напрыклад, наагул не лічу патрэбным усур’ёз размаўляць. Чалавек, які замаўляе пікет у падтрымку яднаньня з Расеяй і куды прыходзяць 2 чалавекі — і ён абвяшчае сябе кандыдатам у прэзыдэнты... Несур’ёзна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG