Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам у многіх выданьнях зьявіліся публікацыі, прысьвечаныя вынікам дасьледаваньня «Беларусь і сьвет: геапалітычны выбар скрозь прызму эканомікі і культуры», выкананага Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) і сацыялягічнай лябараторыяй «Новак».

На падставе агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага ў першай палове 2010 году, навукоўцы атрымалі шэраг надзвычай цікавых і зьмястоўных вынікаў, якія пашыраюць веды пра беларускае грамадзтва.

Але адна з цэнтральных высноваў дасьледаваньня выклікае жаданьне зь ёй паспрачацца. У прэсавым рэлізе BISS яна сфармуляваная наступным чынам: «Геапалітычны выбар матывуецца двума фактарамі – сацыяльнай мабільнасьцю рэспандэнтаў (здольнасьцю скарыстацца магчымасьцямі, якія адкрывае геапалітычны разварот, па прычыне ўзросту і адукацыі) і, адпаведна, ацэнкай балянсу эканамічных дабротаў і стратаў у выніку ажыцьцяўленьня таго ці іншага геапалітычнага сцэнару. Каштоўнасная матывацыя геапалітычнага выбару адсутнічае практычна цалкам“.

Гэтая адсутнасьць каштоўнаснай матывацыі ўжо пачала жыць сваім жыцьцём, ёй ужо апэруюць іншыя дасьледчыкі і экспэрты, як устаноўленым фактам. Між тым гэтая выснова, асабліва ў яе «двухбаковым» выглядзе, не зусім вынікае з тых дадзеных, якія прадстаўленыя дасьледчыкамі (па меншай меры яны дапускаюць і іншыя інтэрпрэтацыі), і ня надта стасуецца зь іншымі статыстычнымі і сацыялягічнымі дадзенымі.

Show-прагматызм і сарамлівы патрыятызм

Адным з самых важных аргумэнтаў зьяўляюцца адказы на прамое пытаньне: «Што, на ваш погляд, павінна быць галоўным у выбары саюзьнікаў Беларусі?» Зь велізарным адрывам рэспандэнты аддалі перавагу опцыі: «Наколькі гэта будзе спрыяць паляпшэньню эканамічнага становішча ў краіне». Адна гэтая пазыцыя набірае 55.1% прыхільнікаў, наступная за ёй – «Наколькі гэта будзе спрыяць умацаваньню бясьпекі міра і стабільнасьці» – 17.3%, астатнія магчымыя матывацыі – яшчэ менш.

Пераканаўча? Не зусім.

Варта заўважыць, што гэтыя дадзеныя адпавядаюць і дадзеным апытаньняў НІСЭПД, паводле якіх большасьць беларусаў (часам пераважная) з дылемы – незалежнасьць ці падвышэньне дабрабыту – год ад году выбірала другое. Але вось дзіўная рэч: як высьвятляецца, незалежнасьць краіны – каштоўнасьць таксама і для большасьці тых, хто нібыта гатовы ахвяраваць ёй за «чачавічную зацірку» падвышэньня дабрабыту.

Зразумела, можна сьпісаць гэта на супярэчлівасьць масавай сьвядомасьці, якая сама ня ведае, чаго хоча. Але выглядае, што тут ёсьць цалкам рацыянальная інтэрпрэтацыя. Ключом да яе зьяўляецца тэза дасьледчыка Юрыя Шаўцова: «Беларускае нацыянальнае не дэманструецца, а праяўляецца».

І сапраўды так. Задаць пытаньне пра выбар паміж падвышэньнем дабрабыту і незалежнасьцю суседзям беларусаў – расейцам, палякам, літоўцам – адказ, хутчэй за ўсё, будзе адназначным на карысьць незалежнасьці. Пры тым, што далёка ня ўсе ў тых грамадзтвах так насамрэч мяркуюць. Але ў тых грамадзтвах так прынята адказваць. А ў Беларусі прынята адказваць інакш, дэманстратыўны show-патрыятызм – гэта адхіленьне ад стэрэатыпнай рэакцыі. Рэспандэнт разважае: «Ну, хіба я нацыяналіст які, каторы на кожным рагу крычыць, што для яго незалежнасьць важнейшая за ўсё? Ці хіба расеец, які за свае бярозкі кашулю на грудзях рве, ці паляк зь яго нацыянальным гонарам? Я ж нармальны беларус, як усе, зразумела ж, што дабрабыт важнейшы». І так і адказвае.

І гэта не падман, а дыктат стэрэатыпу масавай сьвядомасьці.

Момант ісьціны-2004

Своеасаблівая праверка на практыцы гэта беларускага «прагматызму» адбылася у лютым 2004 году. За некалькі месяцаў да гэтага НІСЭПД правёў апытаньне з пытаньнем пра выбар паміж незалежнасьцю і падвышэньнем дабрабыту, у якім пераважная большасьць выбрала дабрабыт. Але іранічная гісторыя ў лютым 2004 году паставіла практычны экспэрымэнт у выглядзе вострага газавага канфлікту з Расеяй, сутнасьць якога якраз і палягала ў тым самым выбары – незалежнасьць ці дабрабыт. І што ж абралі беларусы? Ну, хай сабе правадыр беларусаў Аляксандар Лукашэнка зрабіў свой выбар, зыходзячы з уласьцівай яму волі да ўлады. Але і астатнія зрабілі той самы выбар, нягледзячы на свой рытарычны «прагматызм». Сарамлівы патрыятызм прадыктаваў у рэальнасьці выбар, супрацьлеглы show-прагматызму, прадэманстраванаму ў адказах на апытаньне. Дэманструецца адно, праяўляецца іншае.

Зразумела, ціск гэтага стэрэатыпу – гэта тэндэнцыя, нехта і сапраўды ставіцца і да незалежнасьці, і да пытаньня геапалітычнага выбару цалкам прагматычна. Але аддзяліць тых, у каго гэта сапраўдная матывацыя, ад тых, хто ў адказах проста падпарадкоўваецца ўладзе стэрэатыпу, даволі складаная задача, якую, на мой погляд, дасьледчыкі BISS і Новак не выканалі. Дакладней, выканалі напалову.

На карысьць таго, што праэўрапейскія памкненьні сапраўды маюць у асноўным прагматычную матывацыю, у дасьледаваньні прыведзена і шмат іншых аргумэнтаў, апроч адказаў на «лабавое» пытаньне пра тое, чым павінен быць матываваны выбар саюзьнікаў Беларусі. Гледзячы па ўсім, дасьледаваньне было сфакусаванае на вывучэньні характару менавіта праэўрапейскіх настрояў беларусаў, выснова пра характар прарасейскіх настрояў была зробленая паводле індукцыі: на карысьць таго, што праэўрапейскія настроі – пераважна прагматычныя – атрымалася шмат доказаў, у тым ліку і адказ на пытаньне пра матывы выбару саюзьнікаў, на карысьць таго, што прарасейскія настроі гэтак жа матываваныя – толькі адказ на прамое пытаньне пра матывы. Ну, відаць, і там тое самае.

Дэцыльны каэфіцыент і “залаты” тузін

А вось і не. Магчыма, на адсутнасьць больш поўных дадзеных наклаліся яшчэ і ўстаноўкі дасьледчыкаў, іх своеасаблівае ўяўленьне пра сучасную Расею. Дасьледаваньне паказала, што да праэўрапейскага выбару схільныя больш «моцныя» сацыяльныя групы, якія валодаюць тымі ці іншымі сацыяльнымі рэсурсамі – моладзь, гараджане, людзі з высокім узроўнем адукацыі. Адсюль дасьледчыкі зрабілі выснову: геапалітычны выбар матываваны сацыяльнай мабільнасьцю і ацэнкай балянсу выйгрышаў і стратаў ад гэтага выбару. Але які ж балянс выйгрышаў і стратаў абяцае «слабым» сацыяльным групам – старым, вяскоўцам, людзям з нізкай адукацыяй, іх выбар на карысьць Усходу, Расеі?

Возьмем, напрыклад, такі паказьнік, як перавышэньне даходаў 10% самых багатых жыхароў краіны над даходамі 10% самых бедных іх суайчыньнікаў, так званы дэцыльны каэфіцыент. Паводле дадзеных ААН, у 2008 годзе ў Беларусі ён складаў 6.9, у Нямеччыне – таксама 6.9, у Польшчы – 8.8, у Літве – 10.4, у Расеі – 12.7(!). Іншымі словамі, паводле гэтага каэфіцыенту, які вымярае ступень сацыяльнай няроўнасьці, Расея – менш роўная краіна ня толькі, чым Беларусь, але і менш, чым і старыя, і новыя краіны-сябры Эўразьвязу. Нехта скажа: у меншай ступені «дзяржава-сабес», чым узгаданыя краіны, але ідэалягічныя эпітэты не мяняюць сутнасьці: расейская сацыяльна-эканамічная сыстэма дае сваім «слабым» слаям насельніцтва меншую долю нацыянальнага «пірага», чым і Беларусь, і краіны Эўразьвязу.

Так, Расея ўсё ж багацейшая за Беларусь: скажам, у студзені сёлета сярэдняя пэнсія ў Расеі складала 220 даляраў у эквіваленце, а ў Беларусі – 162 даляра. Але ж Эўропа – багацейшая і за Беларусь, і за Расею: напрыклад, у ня самай багатай краіне ЭЗ – Польшчы – сярэдняя пэнсія напачатку гэтага году складала 487 даляраў. Дык чаму ж тады сацыяльна «слабыя» слаі беларускага насельніцтва робяць геапалітычны выбар на карысьць Расеі, такой кепскай менавіта з пункту гледжаньня іх уласных жыцьцёвых пэрспэктываў, іх уласнага балянсу матэрыяльных выгадаў і стратаў?

Яны ня ведаюць, што такое Расея? Мяркую, што ведаюць: шмат хто з беларусаў мае ў Расеі радню, нярэдка людзі езьдзяць туды, да таго ж і афіцыйныя беларускія мэдыі з пэўнага (і даволі даўняга) часу малююць вобраз Расеі, як краіны сацыяльнай несправядлівасьці, грэбаваньня простым чалавекам і драпежнага капіталізму. Прычым, менавіта «слабыя» сацыяльныя групы ў найбольшай ступені схільныя афіцыйным СМІ верыць. А выбіраюць усё ж Расею. Чаму?

Што да магчымасьцяў, якія той ці іншы геапалітычны выбар адкрывае не для «слабых», а для «моцных» сацыяльных групаў беларусаў, то сытуацыя тут таксама не настолькі адназначная, як гэта падаецца дасьледчыкам BISS і НОВАКа.

Нядаўна патрапіў на вочы сьпіс тузіна самых пасьпяховых расейскіх бізнэсоўцаў беларускага паходжаньня, трое зь іх патрапілі ў сотню самых багатых расейскіх бізнэсоўцаў.

Варта адзначыць, што многія зь іх – не беларусы па крыві, які нарадзіліся і ўсё жыцьцё пражылі ў Расеі: гэта людзі, якія нарадзіліся ў Беларусі, пераехалі ў Расею і сталі ў ёй мультымільянэрамі. А вось сьпіс беларусаў, якія сталі мультымільянэрамі, зьехаўшы ў краіны Эўразьвязу, неяк на вочы не трапляўся. А вам, шаноўны чытач? Дык які геапалітычны выбар адкрывае перад дынамічнымі і сацыяльна-мабільнымі беларусамі большыя магчымасьці?

“Каб ні ўсходняй, ні заходняй, ты была сама сабой”


Ускосна пра тое, што суадносіны паміж рацыянальнасьцю і геапалітычным выбарам крыху больш складныя, чым вынікае з шырока тыражаванай высновы дасьледаваньня «Беларусь і сьвет: геапалітычны выбар скрозь прызму эканомікі і культуры», сьведчыць і адна важная агаворка дасьледчыкаў. У адным з пытаньняў рэспандэнтам прапанавалася зрабіць выбар паміж чатырма геапалітычнымі варыянтамі: саюзам толькі з Эўропай, толькі з Расеяй, і з Эўропай, і з Расеяй адначасна, і выбарам на карысьць незалежнай Беларусі, якая не ўваходзіць ні ў якія саюзы. Калі б беларусы былі такімі суцэльнымі прагматыкамі, калі б тыя, хто арыентуецца на Эўропу, глядзелі на яе, як на край магчымасьцяў і самарэалізацыі, а тыя, хто выбірае Расею, выбіраў насамрэч сацыяльныя гарантыі, дык хто ж тады павінны быць тыя, хто абірае незалежную Беларусь, дыстанцыяваную і ад Усходу, і ад Захаду? Відаць, прагматыкі-цэнтрысты – крышачку таго, крышачку іншага. Але насамрэч гэта ня так. Гэта, паводле дасьледчыкаў, пераважна «прыхільнікі Лукашэнкі, запалоханыя «бурлівым морам» і перш за ўсё Расеяй, якія арыентуюцца выключна на беларускую ўладу як на абаронцу і дабрадзея».

А як жа наконт сацыяльнай мабільнасьці, калькуляцыі выгодаў і стратаў як матыву геапалітычнага выбару? Чаму ж «слабыя» сацыяльныя слаі беларускага грамадзтва ў большасьці арыентуюцца ўсё ж на расейскае «бурлівае мора»?

Сказанае – не аргумэнты ў спрэчцы, горш ці лепш выбар на карысьць Усходу ці Захаду. Гэта пярэчаньне высновам дасьледнікаў BISS і НОВАКа, што гэты выбар матываваны выключна эканамічнай прагматыкай. Так выглядае, што іх увялі ў зман развагі паводле аналёгіі.

“Расея – усход Беларусі”: свае і чужыя

Паводле дасьледаваньняў НІСЭПД, матывацыі геапалітычнага выбару беларусаў на карысьць Эўропы ці Расеі насамрэч асымэтрычныя.

Што да праэўрапейскіх памкненьняў, то і паводле дадзеных НІСЭПД у іх падмурку пераважае прагматычная матывацыя – прыхільнікі эўраінтэграцыі Беларусі ў значна большай ступені, чым іншыя, схільныя лічыць, што ў Эўропе жыцьцё лепш. Лёгіка простая: там лепш, дык калі мы будзем там, то і ў нас (і нам асабіста) будзе лепш. А вось што да прарасейскіх памкненьняў, то зь імі ня проста ня так, а з дакладнасьцю да наадварот. Тыя, хто схільныя да інтэграцыі з Расеяй, хто робіць свой геапалітычны выбар на яе карысьць, ацэньваюць тамтэйшае жыцьцё, расейскі дабрабыт горш, чым беларускі, не радзей, а часьцей (!), чым апытаныя ў сярэднім. Дык дзе ж тут прагматыка? Гэта хутчэй антыпрагматыка – хочам ісьці туды, дзе на наш погляд нават горш, чым у нас.

Але ўсё устае на свае месцы, калі дапусьціць, што выбар тых беларусаў, якія робяць яго на карысьць Расеі, мае як раз не прагматычную, а каштоўнасную матывацыю. Нехта можа лічыць гэтыя каштоўнасьці кепскімі, недарэчнымі, вычварнымі, але ад гэтага яны не перастаюць быць менавіта каштоўнасьцямі, а не арытмэтычнай калькуляцыяў выгодаў і стратаў. Мэханізм гэтага выбару выдатна сфармуляваў філёзаф Валянцін Акудовіч, сказаўшы, што Расея – не “на ўсход ад Беларусі”, а “ўсход Беларусі”. Іншымі словамі, гэтая матывацыя – блізкасьць, датычнасьць, адчуваньне, што расейцы – гэта нашы, свае. А эўрапейцы – не свае, пры ўсім іх дабрабыце.

Неяк неакадэмічна ў сьпісе магчымых матывацыяў выбару саюзьнікаў Беларусі прапаноўваць рэспандэнтам варыянт адказу «выбіраць тых, хто свае». Яго і не прапаноўвалі. Але выглядае, што для значнай часткі беларусаў менавіта такі варыянт быў бы самым адэкватным.

Чаму сытуацыя менавіта такая, як яна склалася – гэта асобная праблема. Але існыя матывацыі геапалітычнага выбару – ня чыста акадэмічнае пытаньне. І лепш мець пра іх адэкватнае ўяўленьне, якім бы непрыемным яно ні было і як бы ні супярэчыла ўлюбёным перакананьням некага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG