Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадапошняе месца? Задача дасягнутая!


Гурт «3+2» і намесьнік старшыні АНТ Сяргей Хоміч (крайні справа)

Гурт «3+2» і намесьнік старшыні АНТ Сяргей Хоміч (крайні справа)

Удзельнікі «Эўрабачаньня» ад Беларусі, гурт «3+2», задаволеныя сваім удзелам у песенным конкурсе. Канчатковае перадапошняе месца арганізатары і ўдзельнікі зь беларускага боку лічаць не паразай, а вынікам адсутнасьці падтрымкі ў галасаваньні з боку краін-суседзяў.


На першую прэсавую канфэрэнцыю па вяртаньні з Осла ўдзельнікі гурту «3+2», яны ж артысты прэзыдэнцкага аркестру Беларусі, выйшлі, загарнуўшыся ў чырвона-зялёны сьцяг з выявамі матылькоў. Пяцёра маладых людзей заявілі, што выканалі галоўную задачу — патрапілі ў фінал конкурсу і надзвычай задаволеныя сваім удзелам у Эўрабачаньні. Гаворыць адзін з удзельнікаў — Арцём Міхаленка:

«Мы дамагліся вельмі вялікага выніку — мы прайшлі ў фінал. Наша галоўная задача была прайсьці ў фінал. Калі мы выходзілі на сцэну, гэтае адкрыцьцё крылаў заўсёды суправаджалася бурай эмоцыяў. Уся заля ўставала, былі тысячы фотаўспышак. Нам усё падабаецца: песьня, як з намі працавалі нашыя прадусары, і ўся нашая каманда, якая рабіла адну вялікую справу. І беларусы, наш народ нас падтрымліваў — было шмат віншаваньняў і быў вельмі добры настрой. Мы зрабілі ўсё правільна і падарылі людзям радасьць і шчырасьць».

Перадапошняе, 24-е месца ў фінале конкурсу ўдзельнікі гурту патлумачылі непрадказальнасьцю галасаваньня. Нагадаю, што «3+2» атрымалі адзнакі толькі ад чатырох краін: ад Расеі — 2, Баўгарыі — 1, Малдовы — 3 і Грузіі — 12 балаў. Прадстаўнік тэлеканалу АНТ, які займаўся падрыхтоўкай нумару, намесьнік старшыні АНТ Сяргей Хоміч выказаў меркаваньне, што сёлета не спрацаваў фактар салідарнасьці паміж краінамі-суседзямі:

«На Эўрабачаньні ёсьць песьня альбо дзьве, якія падабаюцца ўсім. У астатніх выпадках спрацоўвае эфэкт галасаваньня суседзяў. Гэта такая традыцыя конкурсу. І калі краіны-суседзі аддавалі адна адной галасы, дык так і разьмеркаваліся месцы. Калі ў нас, для краін Усходняй Эўропы, гэтае правіла не спрацавала, то і атрымалася 24-е месца».
Адпачатку гэта быў рызыкоўны праект, бо ў ім усё было ня наша.


Сяргей Хоміч таксама выказаў непаразуменьне з нагоды камэнтароў аўтара песьні — Макса Фадзеева. Расейскі кампазытар заявіў, што ягоную ідэю выступу гурту ў горшы бок зьмянілі самі беларусы. Спадар Хоміч таксама не падтрымаў выказваньне камэнтатара «Эўрабачаньня» на БТ Дзяніса Кур’яна, што варта перастаць траціць грошы на замежных аўтараў, а зьвярнуць увагу на айчынных. Нагадаю, што сцэнічныя строі з крыламі таксама рыхтаваў расейскі мадэльер. «Эўрабачаньне 2010» для Беларусі музычны крытык Сяргей Будкін пракамэнтаваў гэтак:

«Заўжды ёсьць такія апраўданьні, што вінаваты хто заўгодна, але толькі ня мы. І гэта паўтараецца з году ў год. Але адпачатку гэта быў рызыкоўны праект, бо ў ім усё было ня наша. У яго ўкладалі высілкі людзі зь іншых краін, якім заплацілі грошы і якія абсалютна не адчуваюць ні пэрспэктывы, ні магчымасьці беларускай музыкі. Магло б пашанцаваць, а магло б і не пашанцаваць. Калі б пашанцавала, то наўрад ці гэта была б ня наша перамога, а замежных спэцыялістаў. А не пашанцавала — і параза таксама сталася ня нашай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG