Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прывыклі — дзе п’еш, там і паліш. Адвыкнуць цяжка"


Апытаньне "Свабоды" да Дня адмовы ад паленьня: "Ці павінна Беларусь паводле прыкладу краінаў Эўразьвязу ўвесьці забарону на паленьне ў кавярнях, барах, рэстаранах?" Адказвалі жыхары Магілёва.


Спадар: "Я, чэсна кажучы, ня ведаю. Я сам палю. Магчыма, бо не для ўсіх прыемнае паленьне. Некаторым перашкаджае. Я сам калі кідаў паліць, то гэта было даволі навязьлівае адчуваньне, што нехта паліць, і самога зьбівала са шляху".

Спадарыня: "Я ня ведаю, ці трэба забараняць, але трэба, каб яны не перашкаджалі тым, хто ня паліць. Гэта прага да паленьня, залежнасьць ад яго — гэта факт, безумоўны факт. Але каб і псавалі настрой, шкодзілі здароўю іншых — таксама нельга".

Спадарыня: "Я сама палю, таму складана адказаць. Напэўна, трэба ўсю праграму перабудоўваць у нас, каб гэта зьмяніць, бо прызвычаіліся — дзе п’еш, там і паліш. Таму складана".

Юнак: "Канечне. Пасіўнае паленьне нашмат больш шкоднае, чым актыўнае. Я вось сам не палю й практычна ў тыя бары, кавярні, дзе няма заляў для тых, хто паліць, — я туды не хаджу. Гэта непрыемна, па-першае, а па другое — шкода".

Спадар: "У нас ёсьць у некаторых барах, рэстаранах разьмежаваньні (залі для тых, хто паліць, і тых, хто ня паліць). Вось гэта найбольш слушна будзе, каб не прыцясьняць розных людзей. Чаму паленец мусіць прыцясьняцца? Тое ж самае і непаленец".

Юначка: "Трэба зрабіць, у прынцыпе, розныя залі, якія ёсьць у некаторых кавярнях, рэстаранах — для паленцаў і непаленцаў. Дапусьцім, калі чалавек ня паліць, яму, зразумела, непрыемна знаходзіцца ў залі з тымі, хто паліць".

Спадар: "Несумненна, аднак пры наяўнасьці месцаў для паленьня, каб было рэкамэндавана паліць у прыбіральнях, унутраных дворыках. Трэба паважаць тых, хто побач".

Спадарыня: "Я мяркую, што трэба безумоўна. Адразу ж паставіць крыж на паленьні як мужчынскай паловы, так і жаночай ня выйдзе. У нас жа крыху іншая культура выхаваньня. З часам — так. Гэта ж падрыхтоўчы працэс. У шмат якіх краінах ён ішоў гадамі".

Юнак: "Паленьне ў грамадзкіх месцах наагул трэба забараніць. Проста непрыемна бачыць тых, хто паліць, асабліва дзяўчат".

Юначка: "Канечне. Пасіўнае паленьне забівае, па-першае. Асабіста я, калі гэты дым, пачынаю кашляць, задыхацца. Мала што — а калі ў чалавека алергія? Няхай паляць у спэцыяльна адведзеных месцах".

Малады спадар: "Я мяркую, што варта. Я сам нядаўна кінуў паліць і лічу, што ня кожнаму прыемна, калі побач знаходзіцца чалавек, які паліць. Я думаю, што гэта хутка дойдзе да нас".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG