Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абвінавачанага ў крымінале чыноўніка Лукашэнка бярэ ў Баку?


Пракуратура Гарадзенскай вобласьці распачала крымінальную справу ў адносінах да кіраўніцтва адкрытага акцыянэрнага таварыства "Шклозавод "Нёман". Чыноўнікі абвінавачваюцца ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі пры выкарыстаньні дзяржаўнай грашовай дапамогі.

Сёньня старшы памочнік пракурора Гарадзенскай вобласьці Вячаслаў Ігнацік спраўдзіў для "Свабоды" інфармацыю аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле сытуацыі на шклозаводзе "Нёман":

"Што датычыць самога дырэктара — так, супраць яго крымінальная справа ўзбуджана, але арыштоўваць пакуль яго не зьбіраліся".

Дырэктарам шклозаводу "Нёман" Ігар Бацян быў прызначаны ў 2005-м годзе. Да гэтага ён працаваў у акцыянэрных таварыствах "Лякафарба" і "Лідзкае піва", а яшчэ раней — у ліцейным цэху маладэчанскага заводу "Спадарожнік".

Ужо пры дырэктару Ігару Бацяну шклозавод "Нёман" наведаў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Паводле ягонага ўказу аб мерах дзяржаўнай падтрымкі шклозаводу сьпісалі запазычанасьць па падатках у памеры 900 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, прадпрыемства атрымала бюджэтную пазыку і грашовую субсыдыю ў суме больш як 21 мільярд рублёў.

Цяпер дырэктара Ігара Бацяна абвінавачваюць ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі пры выкарыстаньні дзяржаўнай грашовай дапамогі. Між тым чыноўнік пакуль на волі. У яго прыёмным пакоі на прадпрыемстве паведамілі:

Спадарыня: "Дырэктар сёньня ў Менску, а заўтра ў складзе ўрадавай дэлегацыі адлятае ў Баку на 5 дзён — з 1 па 5 чэрвеня, там і прэзыдэнт ляціць…"

Рабочыя прадпрыемства, зь якім давялося пагутарыць, чулі пра крымінальную справу толькі з інтэрнэту, але нават не змаглі сказаць, ці працуюць надалей іхні дырэктар і ягоная намесьніца.

Спадар: "А хто ж яго калі бачыць на працы? У яго асобныя дзьверы, і калі нават ён на працы, то яго ніхто ня ўбачыць. Там каб увайсьці, трэба спэцыяльны пропуск мець. Гэта толькі тыя, хто працуе ў заводаўпраўленьні, тыя могуць туды зайсьці".

Другі рабочы распавядае, што сытуацыя на прадпрыемстве сапраўды няпростая: шмат людзей ужо звольнена, за апошнія паўтара года не падымаліся заробкі, зараз ізноў прымушаюць выходзіць у неаплочваныя адпачынкі.

Спадар: "Вядзецца палітыка па звальненьні людзей. За апошні год сышло 500, а мо і болей, чалавек. Заробкі не растуць. Во як плацілі два гады таму 550 тысяч, так і плоцяць".

Са слоў суразмоўцаў, настроі ў рабочых ня самыя лепшыя. Пытаюся — куды адыходзяць тыя рабочыя, каго скарачаюць?

Першы спадар: "Людзям няма куды падзецца. У Бярозаўцы толькі гэтае прадпрыемства, таму нічога яны зрабіць ня могуць".

Другі спадар: "Ну, ідуць да прыватнікаў працаваць, едуць у Польшчу, хто ў Менск, а хто ў Ліду, на будоўлі ў Расею. У Бярозаўцы застаюцца толькі тыя, у каго тут сям’я жыве".

Нагадаю, што яшчэ ў лістападзе 2009 году працоўны калектыў ААТ "Шклозавод "Нёман" накіраваў адкрыты ліст пратэсту ў беларускі ўрад. Пісьмовы зварот, які падпісалі каля адной тысячы чалавек, атрымала і галіновае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Працоўныя паведамлялі пра крытычную сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве, у тым ліку пра затрымку заробкаў, няпоўную аплату зробленага, адмену дадатковага харчаваньня ды іншае.

Радыё Свабода і раней не раз расказвала пра сытуацыю на шклозаводзе "Нёман", які знаходзіцца ў рабочым пасёлку Бярозаўка на Гарадзеншчыне. Мы паведамлялі пра хваляваньні працаўнікоў у час вымушаных прастояў і скарачэньня заробкаў.
XS
SM
MD
LG