Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі ня ведаюць, хто зьбіваў Вячорку і Пармона?


Актывісты моладзі БНФ Франак Вячорка і Зьміцер Пармон зьвяртаюцца ў пракуратуру, каб высьветліць прозьвішчы спэцназаўцаў, якія зьбілі іх падчас затрыманьня, і прыцягнуць да адказнасьці.

27 траўня каля дзясятка актывістаў моладзі БНФ спрабавалі правесьці велапрабег ад стэлы "Менск — горад-герой" да помніка Максіму Багдановічу. Спэцназаўцы затрымалі трох чалавек. У машыне Зьмітру Пармону зламалі ключыцу.

Франак Вячорка зьвяртаецца ў пракуратуру, маючы заключэньне судмэдэкспэртаў наконт ступені цяжкасьці нанесеных яму пабояў. Паводле экспэртызы, на назе і на руках у Франка ёсьць ацёкі, якія ўтварыліся ад удараў. Экспэрты нават зрабілі выснову, што ўдары хлопец атрымаў 27 траўня прыкладна ў 18.30.

Нагадаем: пасьля жорсткага затрыманьня хлопцаў зьбівалі ў машыне людзі ў цывільным. Паводле паказаньняў Франка і Зьмітра, яны прымушалі іх сядзець на падлозе і білі рукамі, нагамі і нават падгалоўнікамі з крэслаў.

Калі ж Франак атрымаў накіраваньне на судмэдэкспэртызу і папрасіў высьветліць, хто ж зь імі так абышоўся, то яму адказалі, што гэта невядомыя асобы.

Гаворыць Франак Вячорка:
Ён кляўся і бажыўся, што гэтыя людзі ня маюць ніякага дачыненьня да міліцыі і Цэнтральнага РУУС ...

"Я прадэманстраваў міліцыянту, які мяне дапытваў, фотаздымкі тых людзей, якія мяне зьбівалі і затрымлівалі. Ён кляўся і бажыўся, што гэтыя людзі ня маюць ніякага дачыненьня да міліцыі і Цэнтральнага РУУС.

Але вельмі дзіўна, што людзі, якія нас зьбівалі, прывезьлі нас не куды-небудзь, а менавіта ў міліцыю, і паводзілі сябе там як дома.

Таму я й зьвяртаюся ў пракуратуру, каб правялі расьсьледаваньне наконт незаконных дзеяньняў і ўжываньня сілы супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі".

Зьміцер Пармон
Зьміцер Пармон
распавёў "Свабодзе", што пасьля таго, як ён сказаў невядомым, што ў яго зламаная ключыца, адзін зь іх нанёс яму яшчэ некалькі ўдараў. На наступны дзень пасьля шпіталізацыі да Зьмітра прыходзіў у шпіталь супрацоўнік міліцыі і падрабязна распытваў пра абставіны справы.

"Міліцыянт склаў пратакол і даў накіраваньне на судмэдэкспэртызу. Але гарантыі ніякай няма. Таму я й зьвяртаюся ў пракуратуру.

Канечне, гэтыя людзі не прадстаўляліся. Я ня ведаю, хто зь іх дзе служыць, але я вельмі добра запомніў іх твары і магу кожнага зь іх апазнаць".

Дактары сказалі Зьмітру Пармону, што яшчэ як мінімум два тыдні ён правядзе на шпітальным ложку. 2 чэрвеня яму будуць рабіць апэрацыю.

9 гадоў таму сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Юхо прывезьлі з Курапатаў у гэтае ж аддзяленьне 6-га клінічнага шпіталя. Падчас разгону абаронцаў мэмарыяльнага комплексу амапаўцы зламалі яму руку. Тады ім удалося пазьбегнуць пакараньня, бо іх дзеяньні прызналі законнымі.

Юрысты лічаць, што ў выпадку са Зьмітром Пармонам сытуацыя паказальная, бо яму зламалі ключыцу не падчас затрыманьня, а ўжо пасьля, калі хлопец сядзеў у машыне і не аказваў ніякага супраціву.

Ранейшыя спробы прыцягнуць да адказнасьці спэцназаўцаў былі бязвыніковымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG