Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас фэстывалю "Славянскі базар у Віцебску" два канцэрты вырашана правесьці на плошчы Перамогі. Пасьля рэстаўрацыі, праведзенай на загад старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, плошча з мэмарыяльнага аб’екту ператварылася ў забаўляльны.

У межах фэстывалю, які сёлета пройдзе з 9-га па 15-га ліпеня, на віцебскай плошчы Перамогі пройдуць два платныя канцэрты. 10 ліпеня тут будуць выступаць удзельнікі "Эўрабачаньня" мінулых гадоў, а 14 ліпеня адбудзецца канцэрт Дзімы Білана.

Білеты на плошчу будуць каштаваць па 15 тысяч рублёў, іх можна будзе набыць тут жа — каля турнікетаў з мэталашукальнікамі. Ад "безьбілетнікаў" будуць страхавацца тым, што вялізную танцавальную пляцоўку абнясуць агароджай і паставяць па пэрымэтры міліцыянтаў.

Зрэшты, танчыць можна будзе і за агароджай: відэатрансьляцыю канцэрту можна будзе ўбачыць на двух сьвятлодыёдных экранах, а музыку будзе добра чуваць з дынамікаў. І гэта зусім ня радуе жыхароў бліжэйшых жылых дамоў, адзін зь якіх — вялікі дзевяціпавярховік — стаіць проста ўздоўж плошчы.

Калі Летні амфітэатар — галоўная канцэртная пляцоўка фэстывалю — месьціцца ў прыродным яры, і гук трохі гасяць асаблівасьці ляндшафту, то на плошчы Перамогі ўсё будзе гучаць на поўную моц. Да таго ж канцэрты будуць праходзіць увечары.
XS
SM
MD
LG