Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернік "Сьведкаў Еговы" Дзьмітры Смык: пакараньне і апраўданьне


Дзьмітры Смык пасьля апраўдальнага прысуду

Дзьмітры Смык пасьля апраўдальнага прысуду

Сёньня суд Цэнтральнага раёну Гомеля апраўдаў верніка абшчыны "Сьведкі Еговы" Дзьмітра Смыка ў крымінальнай справе за ўхіленьне ад прызыву на вайсковую службу.

Перасьлед верніка, распачаты прызыўной камісіяй гарадзкога ваенкамату й падтрыманы пракуратурай Цэнтральнага раёну, цягнуўся дзевяць месяцаў.

У выраку, абвешчаным судзьдзёй Аленай Цалковай, сказана, што ў дзеяньнях верніка не было складу злачынства. Скасавана таксама й мера стрыманьня — падпіска пра нявыезд:

"Шчасьлівы, што так усё завяршылася. Насамрэч я й разьлічваў на такое рашэньне суду. Мне не было чаго ўтойваць, не было чаго хаваць. З адданымі Бог заўсёды паступае аддана. Я заставаўся адданым менавіта яго нормам, таму ён і заступіўся за мяне. А плюс да таго ў нашай краіне ёсьць дастаткова кампэтэнтныя судзьдзі, не пазбаўленыя здаровага сэнсу. Яны ўніклі ў маю справу, і, відаць, ім стала бачна, што маёй віны тут няма".

Крымінальную справу супраць Дзьмітра Смыка ў Цэнтральным судзе Гомелю разглядалі двойчы. У лістападзе мінулага году старшыня гэтага суду Рыгор Дзьмітрэнка пакараў верніка за так званае ўхіленьне ад прызыву на вайсковую службу штрафам на 3,5 мільёна рублёў. Абласны суд пацьвердзіў пакараньне, а пасьля праз пратэст Вярхоўнага суду адмяніў штраф.

Пры паўторным разглядзе справы дзяржаўны абвінаваўца, пракурор Цэнтральнага раёну Ігар Купчын зноў запатрабаваў аштрафаваць верніка такім жа буйным штрафам, як і першы раз.

Паводле пракурора, Дзьмітры Смык нібыта выбраў "зручную рэлігію". Зь дзяцінства ён, маўляў, не выхоўваўся ў рэлігійнай сям’і — "прыйшла армія й прыйшла рэлігія".

У апошнім слове, сказаным сёньня перад абвяшчэньнем прысуду, Дзьмітры спаслаўся на біблейскага апостала Паўла й эвалюцыю Паўлавых поглядаў на хрысьціянства.
гэта сапраўды мае перакананьні, і я гатовы быў за іх сесьці за краты. ...

Смык: "Калі б я быў няшчырым, я, напэўна, даўно здаўся б. Страціў бы ўсялякія надзеі, апусьціў бы рукі й галаву й адтаптаў бы гэтыя няшчасныя паўтара года ў ботах, вярнуўся б дамоў — і мне не дурылі б галаву. А так — гэта сапраўды мае перакананьні, і я гатовы быў за іх сесьці за краты. А як іначай праверыць шчырасьць?!"

Дзьмітры Смык прайшоў усе неабходныя дапрызыўныя мерапрыемствы. Яго прызналі абмежавана прыдатным да вайсковай службы. З прычыны рэлігійных перакананьняў Дзьмітры пісьмова зьвярнуўся ў прызыўную камісію — прасіў даць яму магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу. Аднак заяву верніка адхілілі, бо ў краіне да гэтага часу не прыняты закон аб такой службе. У Канстытуцыі запісана, а закону — няма.

Прадстаўнік БХК у рэгіёне, выкладчык рэлігіязнаўства ў унівэрсытэце імя Ф. Скарыны Віктар Адзіночанка лічыць, што зараз улады занялі больш рэалістычную пазыцыю ў дачыненьні да вернікаў аб’яднаньня "Сьведкі Еговы":

"Пазыцыя, зь якой асуджаліся да гэтага "Сьведкі Еговы", зыходзіла з таго, што адмова ад службы ў войску можа нейкім чынам падарваць абароназдольнасьць нашай краіны. Потым ужо ўлады ўпэўніліся, што гэта адзінкавыя выпадкі, калі людзі адмаўляюцца ад войска і гатовыя за свае погляды пайсьці ў турму альбо атрымаць штрафы.

Урэшце прыйшлі да высновы, што лепш за ўсё далей распрацоўваць тыя прававыя асновы, якія закладзены ў Канстытуцыі, у прыватнасьці, у 57 артыкуле. Закон пра альтэрнатыўную службу, калі я не памыляюся, не распрацаваны цягам чатырнаццаці гадоў, і гэта проста недапрацоўка нашых заканатворцаў".

Вырак у дачыненьні верніка "Сьведкі Еговы" набудзе моц праз 10 дзён, калі толькі пракуратура яго не апратэстуе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG