Лінкі ўнівэрсальнага доступу

31 траўня — Міжнародны дзень без тытуню


З ініцыятывы Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя ад 1988 году апошні дзень траўня адзначаецца ва ўсім сьвеце як Міжнародны дзень без тытуню. Згодна з дадзенымі гэтай арганізацыі, у глябальным маштабе ўжываньне тытуню — другая пасьля падвышанага артэрыяльнага ціску прычына сьмерці.

Цяпер ад курэньня памірае кожны дзясяты ў сьвеце. Як вынікае з дасьледаваньняў, надрукаваных у мэдычным часопісе Lancet, вельмі нэгатыўна курэньне (разам зь некаторымі іншымі фактарамі) адбілася на дынаміцы сьмяротнасьці ў краінах былога СССР. Калі ў 1970 годзе Беларусь з паказчыкам сьмяротнасьці сярод жанчын знаходзілася на 38-м месцы, а сярод мужчын — на 81-м, то цяпер, праз 30 гадоў, — адпаведна на 108-м і 150-м.

Ад 15 па 31 траўня ў Беларусі з гэтай нагоды праводзіцца адмысловая акцыя "Краіна без тытуню". Яна мае на мэце шырокае інфармаваньне насельніцтва пра самыя розныя аспэкты небясьпекі, якія курэньне нясе здароўю, а таксама прапаганду захадаў, накіраваных на тое, каб скараціць ужываньне цыгарэтаў. Асаблівая ўвага аддаецца жаночаму здароўю.
У Беларусі ад курэньня часьцей адмаўляюцца мужчыны, чым жанчыны ...

Паводле апошніх сацыялягічных дадзеных, доля курцоў сярод мужчын у Беларусі складае 50,2%, сярод жанчын — 21,4%.

За мінулыя 9 гадоў працэнт тых, хто адмовіўся ад тытуню, сьведчаць сацыёлягі, зьнізіўся сярод мужчын на 13,9% (з 64,1% у 2001-м да 50,2% у 2009-м). Сярод жанчын доля курцоў за гэты пэрыяд, наадварот, павялічылася на 1,7%: з 19,7% у 2001-м да 21,4% у 2009-м.

Больш за ўсё курцоў — сярод людзей ва ўзросьце 40—50 гадоў (35%).

Па-ранейшаму ў грамадзтве недаацэньваецца нэгатыўнае ўзьдзеяньне так званага пасіўнага курэньня. Толькі ў сем’ях прыблізна чвэрці курцоў існуе правіла — не паліць дома. Звычайна атрутныя тытунёвыя рэчывы асядаюць на вопратцы і валасах курца. Калі дарослыя бяруць дзяцей на рукі, тыя ўдыхаюць гэтыя атрутныя часьцінкі, больш за тое, могуць зьлізаць атруту з адзеньня бацькоў, што безумоўна шкодзіць здароўю малых.
Пасіўнае курэньне можа адбіцца на разумовых здольнасьцях дзяцей ...

Гэтыя меркаваньні мэдыкаў нядаўна былі пацьверджаныя брытанскімі навукоўцамі. Як сьведчыць прафэсар-пэдыятар Эндру Шэнан, пасіўнае курэньне можа нэгатыўна адбіцца і на разумовых здольнасьцях дзяцей.

"Вельмі важна", кажа брытанскі прафэсар, "каб цяжарныя жанчыны таксама ведалі пра небясьпеку, якую тоіць у сабе такое пасіўнае курэньне. Бо яно ўзьдзейнічае ня толькі на малых дзяцей, але і на эмбрыёны".

Многія заходнія адмыслоўцы падтрымліваюць забарону на паленьне ў грамадзкіх месцах — у офісах, рэстаранах, на вуліцах, у школах.

Як адзначалася на нядаўняй міжнароднай канфэрэнцыі, якая прайшла ў Эдынбургу, праведзеныя ў Шатляндыі дасьледаваньні прадэманстравалі, што за тры гады, як там дзейнічае забарона курыць у грамадзкіх месцах, колькасьць пасіўных курцоў скарацілася на 40%. Таксама ў выніку ўведзенай у Брытаніі забароны істотна (на 17%) зьнізілася колькасьць людзей, якія зьвярнуліся да лекараў у сувязі са скаргамі на сэрца.

Тым часам вынікі апытаньня, праведзенага ў Беларусі і ў іншых краінах СНД, паказалі: дзьве траціны курцоў памылкова лічаць, што паленьне амаль ці нават зусім бясшкоднае для здароўя, і толькі нямногія апытаныя хацелі б кінуць курыць. Яшчэ меней тых, каму гэта ўдалося.

Цікава, што сярод тых, хто адмовіўся ад тытуню, пераважная большасьць (41%) зрабілі гэта зь першай спробы. З другога разу — 12% удзельнікаў апытаньня, з трэцяга — 6%, з чацьвёртага — 2%, зь пятага — 4%.
Курцам з працяглым стажам лепш адмаўляцца ад цыгарэты паступова ...

Шмат хто з тых, хто калісьці курыў, а потым кінуў, даюць адну параду ўсім астатнім: "Лепш не пачынаць". Такой жа думкі, зразумела, прытрымліваюцца і мэдыкі. Тым ня менш людзям, якія кураць шмат гадоў і ня могуць адмовіцца ад тытуню, дактары раяць разьвітвацца з гэтай звычкай паступова, ужываючы пры гэтым розныя захады ў комплексе.

Перш за ўсё, лічаць яны, трэба пачаць ужываць самыя розныя вітаміны, асабліва вітамін С. Яго курцам патрабуецца ўдвая болей, чым тым, хто ня курыць. Дэфіцыт вітаміну С — гэта ня толькі дрэнны стан скуры і сьлізістай абалонкі, гэта яшчэ і ўдар па сардэчна-сасудзістай, касьцёва-мышачнай і імуннай сыстэмах. Генэтычна беласкурым жанчынам-курцам мэдыкі дадаткова раяць крэмы зь вітамінамі А, Е і С.

Другая парада — трэба скараціць колькасьць цыгарэтаў у дзень, а таксама паспрабаваць перайсьці на лягчэйшыя. Пры паступовым скарачэньні ўжываньня тытуню шмат каму ўдавалася адмовіцца ад курэньня даволі хутка. Фізіялягічна гэта можна патлумачыць так: абмен рэчываў у арганізьме перабудоўваецца паступова, тытунёвая залежнасьць зьмяншаецца і ўрэшце зьнікае зусім.

Мэдыкі катэгарычна ня раяць кідаць курыць раптоўна тым, хто толькі што перанёс складаную апэрацыю, асабліва на сэрцы. Адключыўшы такога пацыента ад апарату штучнага дыханьня, дактары нават даюць яму, калі папросіць, лёгкую цыгарэту, бо інакш у хворага можа пачацца так званы сындром "ранішняга кашлю курца". Такі кашаль вельмі небясьпечны для тых, хто перанёс складаную кардыялягічную апэрацыю.






Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG