Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Сяргей Буткевіч


На 69-м годзе жыцьця пайшоў з гэтага сьвету адзін са старэйшых віцебскіх журналістаў. Паводле ўспамінаў тых, хто яго ведаў і паважаў, Сяргей Буткевіч меў багатую эрудыцыю і вялікі творчы талент, якія ў апошнія гады свайго жыцьця аддаваў супрацоўніцтву з незалежнымі СМІ – газэтамі «Витебский курьер» і «Народная Воля». Яго вострыя, крытычныя артыкулы тычыліся розных праблем роднага Віцебску – горада, які ён дужа любіў.


Сяргей Буткевіч пайшоў з жыцьця пасьля цяжкой хваробы, якая цягам апошніх год замінала яму займацца любімай працай. Пасьля перанесеных інсультаў ён ня мог пакідаць свае кватэры – хвароба абмежавала ягоныя фізычныя магчымасьці. Але ён не пакідаў пісаць, і ў гэтага стомленага, але не зламанага хваробай чалавека атрымліваліся энэргічныя, пругкія, эмацыйныя артыкулы на самыя надзённыя тэмы віцебскага жыцьця.

Тэлефон у ягонай кватэры, бывала не замаўкаў цэлымі днямі. Яму тэлефанавалі знаёмцы і сябры, героі ягоных друкаваных матэрыялаў, якім публікацыі дапамаглі вырашыць нейкія праблемы, і зусім не знаёмыя людзі, якія чакалі ад журналіста парады ці дапамогі.

Журналіст Сяргей Буткевіч быў добрым бацькам і мужам. А для тых, хто ня меў зь ім сваяцтва і проста сустракаўся па жыцьцёвым шляху, гэты чалавек застанецца у памяці як добры старэйшы сябар і сапраўдны прафэсіянал, які ніколі ня скардзіўся на нягоды ўласнага жыцьця і быў адданы сваёй справе.

Паводле старшыні абласной Рады ТБМ Іосіфа Навумчыка, які ведаў Сяргея Буткевіча больш за 40 год – яшчэ з савецкіх часоў, гэта быў дужа прынцыповы чалавек і журналіст вялікага прафэсійнага ўзроўню:

– Я памятаю, як ён працаваў у газэце “Советская Беларуссія” карэспандэнтам па віцебскай вобласьці. І не за ўсе тэмы браўся. У першую чаргу ён абіраў артыкулы з праблемнымі пытаньнямі. Ён вельмі крытычна і аб’ектыўна ставіўся да тых зьяў і працэсаў, якія насамрэч вымагалі крытычных заўваг. Гэта, на мой погляд, і адрозьнівала яго – не ў папрок іншым журналістам – ад многіх і многіх.

У апошнія гады, калі Сяргей Буткевіч пачаў актыўна супрацоўнічаць зь недзяржаўнымі СМІ, ён прынцыпова вырашыў пісаць па-беларуску, падкрэсьлівае Іосіф Навумчык:

– Раней ён пісаў толькі на расейскай мове, але апошнім часам большасьць артыкулаў выходзіла на беларускай мове. Бывала, ён і мне тэлефанаваў, пытаў пра тое ці іншае слова. Наогул зь ім было цікава размаўляць і цікава было яго слухаць…

Журналіст Уладзімер Жыгулоў быў адным з тых, хто разам з Сяргеем Буткевічам працаваў у незалежнай газэце «Витебский курьер»:

– Мы, бывала, рабілі агульныя артыкулы. Я часьцей шукаў нейкія матэрыялы, а ён са мной разам іх потым апрацоўваў. Ён быў вельмі адукаваным журналістам. Апошнія гады Сяргей Буткевіч змагаўся зь цемрай антынароднай улады. І падарваў сваё здароўе.

У апошнія шэсьць гадоў, пасьля трох перанесеных інсультаў Сяргей Буткевіч не выходзіў са свае кватэры. Але ў ёй амаль ніколі не змаўкаў тэлефон. Журналісту тэлефанавалі знаёмцы і сябры, героі ягоных матэрыялаў, і зусім не знаёмыя людзі, якія чакалі ад яго прафэсійнае дапамогі .

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які не аднойчы быў героем артыкулаў Сяргея Буткевіча, што адзін зь ягоных апошніх артыкулаў называўся “Манумэнтальная паказуха”. Ён быў пра тое, што ўлады Віцебску вырашылі паставіць некалькі помнікаў, зусім недарэчных, на думку інтэлігенцыі горада, і газэту з гэтым матэрыялам раскупілі ў шапіках за адзін дзень:

– Я не аднойчы яму казаў: “Вы, Сяргей Сяргеевіч, адзін зь лепшых журналістаў у краіне. І ў мяне ёсьць мара: выдаць лепшыя вашы артыкулы асобнай кнігай”. А ён адказваў: “У мяне на гэта ўжо няма здароўя”… Можа, мяне зараз чуюць людзі, у якіх ёсьць грошы, – дык гэта трэба абавязкова зрабіць!”

Журналіст Канстанцін Севярынец таксама быў паплечнікам Сяргея Будкевіча і ягоным асабістым сябрам. Ён як ніхто іншы ведае, колькі клопату ўпала на плечы жонкі спадара Буткевіча, і як яны разам змагаліся супраць жорсткай хваробы, якая напаткала журналіста:

– Інэса Аляксандраўна, калі здарылася гэтая бяда, аддала яму ўсё што магла – і свае рукі, і сваё сэрца… Шкада, што на зорным небе Віцебска, а неба Віцебска вельмі зорнае, паменшала на адну зорачку . З Сяргеем Буткевічам пайшла цэлая эпоха зь віцебскага жыцьця. І ў мяне нарадзіўся такі верш. Ён называецца “Наўздагон. Памяці Сяргея Буткевіча, настаўніка і сябра”:

Май неспадзеў жалобу абвясьціў,
І спахмурнела над Прыдзьвіньнем сонца:
У вечны вырай Віцебск адпусьціў
Свайго зачараванага ўлюбёнца.

На разьвітаньне не хапае сьлёз,
І слоў няма для невымернай страты,
У тых, хто рос і будаваў свой лёс
Пад пільным
Пад буткевіцкім наглядам.

Цяпер ён паглядзіць на нас здаля,
Каб мы жылі па праўдзе,
Так, як трэба...
Хай будзе пухам родная зямля,
І памяці
Высокім будзе неба.


Сяргея Будкевіча пахавалі 30 траўня на могілках "Дружба" ва ўрочышчы Мазурына пад Віцебскам.


Праводзіць журналіста ў апошні шлях сабраліся родныя і блізкія, а таксама калегі зь Віцебску і Менску.

Рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч, Канстанцін Севярынец і Павал Севярынец каля пад'езду, дзе жыў С.Буткевіч

Разьвітацца з журналістам прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек

Калі выносілі труну, віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг з жалобнай чорнай стужкай. Як патлумачыў спадар Хамайда, на знак таго, што Сяргей Будкевіч не аднойчы пісаў пра дзейнасьць легендарнага Мірона.

Бел-чырвона-белы сьцяг на пахаваньні С.Будкевіча

За труной ідуць тыя, хто ведаў і цаніў журналіста

Разьвітаньне на могілках. Прамаўляе Іосіф Сярэдзіч

Бел-чырвона-белы сьцяг - да апошняй хвіліны разьвітаньня

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG