Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кастусёў пойдзе ў прэзыдэнты ад партыі БНФ


29 траўня у Доме культуры МТЗ прайшоў нечарговы Зьезд Партыі БНФ. Адным з галоўных пунктаў парадку дня "Фармат удзелу Партыі БНФ у будучых прэзыдэнцкіх выбарах". Аднак рэвізійная камісія партыі не прызнае гэты сход зьездам.


15.35 Зьезд скончыў сваю працу

15.20 Зьезд прыняў заяву з нагоды зьбіцьця Зьмітра Пармона, а таксама патрабуе распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў спэцслужбаў. Таксама ўдзельнікі зьезду выказаліся супраць распрадажу дзяржаўнай маёмасьці – Белтрансгазу і нафтапераапрацоўчых прадпрыемстваў.

15.10 Кіраўніком перадвыбарчага штабу Рыгора Кастусёва абраны Аляксей Янукевіч.

Рыгор Кастусёў
Нарадзіўся 17 красавіка 1957 году ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёну. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. У 1988 годзе абраны на пасаду дырэктара саўгаса "Іскра" Бялыніцкага раёну. З 1995 году працаваў дырэктарам Шклоўскага раённага вытворчага аб'яднаньня ЖКХ. У 2001 годзе вымушаны быў сыйсьці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў.

Ад 2008 году супрацоўнік ТАА "СтройАрком г.Санкт-Пецярбург.

Актыўна займаецца грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю з 1989 году. Сябра партыі БНФ. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. У 2004 і 2008 гг. быў кандыдатам у дэпутаты у ПП НС.

Жанаты, мае траіх дзяцей. Жыве ў Шклове.

14.50 Аляксей Чарняеў прадставіў праект Перадвыбарчай плятформы партыі БНФ. Праект прыняты за аснову

14.45 Рыгор Кастусёў абраны прэтэндэнтам у кандыдаты ў прэзыдэнты ад Партыі БНФ. За кандыдатуру Рыгора Кастусёва прагаласавала 150 удзельнікаў зьезду, супраць – 13.

14.30 Па інфармацыі Эўрарадыё, прадстаўнік "Моладзі БНФ" з Маладзечна Валянцін Цішко падаў пісьмовую прапанову аб выключэньні з партыі цяперашняга старшыні моладзевай філіі Андруся Крэчкі і Франка Вячоркі. Аляксей Янукевіч заявіў, што на сёньняшнім зьезьдзе гэтая заява разглядацца не будзе — у пазачарговага зьезду іншая задача. Да гэтага пытаньня зьвернуцца падчас чарговага пасяджэньня сойму, якое плянуецца правесьці праз 2 тыдні.

13.25
Рыгор Кастусёў адказаў на пытаньні ўдзельнкіаў зьезду, зараз раздалі бюлетэні, хутка пачнецца безальтэрнатыўнае галасаваньне галасаваньне за кандыдатуру кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі БНФ.

Рыгор Кастусёў
13.15
З трох мяркуемых кандыдатаў застаўся адзін. Спадар Мальчык зьняў сваю кандыдатуру.
Вырашана, што без прысутнасьці Баршчэўскага не вылучаць яго. Да таго ж, спадар Баршчэўскі казаў, што без яго згоды не дапусьціць ніякіх вылучэньняў.

Нарэшце спадар Кастусёў пагадзіўся на вылучэньне яго кандыдатуры. Ён падзякаваў за давер і зараз выступае з прамовай.


12.50 Пачалося вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты ад партыі БНФ. Паступілі прапановы: Рыгор Кастусёў, Сяргей Мальчык, Лявон Баршчэўскі.


12.20 Пасьля справаздачы з падсумаваньнем выступіў Аляксей Янукевіч:


“Я шкадую, што зараз тут няма Лявона Баршчэўскага і Вінцука Вячоркі. Я гатовы з імі тут размаўляць, прасіць, каб яны далучыліся. Але рашэньне прымаецца тут і зараз.

На апошнім зьезьдзе быў прыняты курс на аднаўленьне партыі. Я выступіў за рэформы. Зьезд даручыў мне вярнуць партыю ў грамадзтва. Праз паўтары гады адбудзецца справаздачна-выбарчы зьезд, і я прыму любое яго рашэньне. Калі абяруць іншага старшыню, я не буду казаць пра рэйдэрства партыі, не буду дзяліць маёмасьць, зьвяртацца ў Мін'юст. Я прыму любое рашэньне.

Што да вылучэньня свайго кандыдата, то трэба ісьці да людзей, бо БНФ – адказная палітычная сіла. Мы вылучым свайго кандыдата і мы выступаем за аб’яднаньне дэмакратычных сілаў. Я веру, што ў нас ёсьць шанцы”.




12.01 Падчас зьезду некаторыя дэлегаты выказваюцца адносна сытуацыі ў партыі.

Выступіў сябра “Моладзі БНФ” Валянцін Цішко, які паведаміў, што пасьля гэтага зьезду рыхтуецца зьезд "Моладзі БНФ", дзе пад кіраўніцтвам Крэчкі і “ценявога” Франка Вячоркі будуць сфармаваныя перадвыбарчыя штабы Лявона Баршчэўскага.

Цішко сказаў, што лічыць гэтую працу часткі "Моладзі БНФ" раскольніцкай, якая вядзе да распаду партыі, і заклікаў прыняць захады аб спыненьні раскольніцкай працы моладзі БНФ.

Бальшыня дэлегатаў выказваюцца за ўдзел партыі БНФ у выбарах.





11.40 У спрэчках выступілі Тамра Маскалёва з Магілёву, Сяргей Мальчык з Горадні, які падчас свайго выступу падкрэсьліў, што свайго кандыдата вылучаць неабходна, і неабходнае аб'яднаньне партыі вакол свайго кандыдата.Сяргей Мальчык адзначыў, што ня лічыць, што сёньня адбываецца зьезд, а лічыць, што гэта сход. Ён выказаў шкадаваньне, што не прысутнічае Лявон Баршчэўскі, які быў названы на папярэднім сходзе магчымым кандыдатам ад партыі БНФ у прэзыдэнты.

Сяргей Панамароў
Сяргей Мальчык

Аляксей Чарняеў падкрэсьліў у сваім выступе, што перш за ўсё трэба ўздымаць аўтарытэт партыі.

Баршчэўскі: “Гэта ня сьведчыць пра палітычную мудрасьць такога кіраўніцтва”

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі, які не прысутнічае на зьезьдзе, так камэнтуе сытуацыю:

“Там сабралася тая частка БНФ, якая сябруе з рухам “За свабоду” і мае такое падвойнае сяброўства. Яе права праводзіць сходы, але такое права маюць і іншыя сябры партыі. Але такі сход не можа быць названы зьездам, таму што вядомых людзей – аўтараў праграмы Фронту, якія былі ў дэпутацкай фракцыі Фронту і ўвогуле ствараюць сапраўдны імідж БНФ, іх практычна на гэтым сходзе няма, наколькі я ведаю, таму ён не можа называцца паўнавартасным зьездам”.

Паводле Баршчэўскага, год назад у БНФ быў такі сход, але ў адрозьненьні ад гэтага, туды мог трапіць любы жадаючы. “Абмяркоўвалі тую ж праблему – стратэгія партыі падчас падзей, якія зьвязаны з прэзыдэнцкімі выбарамі, што набліжаюцца. Прынялі свае рэкамэндацыі, бо гэта не маглі быць прынятыя рашэньні. Я не думаю, што ёсьць патрэба паўтараць яшчэ адзін такі самы сход, бо гэта будзе падобна да расколу партыі, а мы расколу не хочам”, - кажа Лявон Баршчэўскі

“Шкада, што кіраўніцтва партыі не заняла нэўтральную пазыцыю, а далучылася да адной групоўкі. Гэта ня сьведчыць пра палітычную мудрасьць такога кіраўніцтва”, - адзначыў спадар Баршчэўскі.


11.20 Ва ўсіх выступах у спрэчках - заклапочанасьць сытуацыяй унутры партыі. Часта ўжываецца слова раскол.

11.10 Прынятая пастанова аб прынцыпах удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.

Удзельнікі зьезду пастанавілі:

  • вылучыць кандыдата ў прэзыдэнты з ліку сябраў БНФ,
  • да 1 ліпеня сфармаваць выбарчы штаб,
  • працягваць кансультацыі з дэмакратычнымі арганізацыямі пра магчымасьць выхаду на адзінага кандыдата.


10.55. Пачаліся выступу ўдзельнікаў зьезду. Сяргей Панамароў з Клецку заявіў, што "у першую чаргу нам трэба ратаваць партыю. Былое кіраўніцтва развальвае партыю. А выбары гэта другаснае. Мы не можам зараз ісьці на выбары. Партыя слабая. А падтрымаць мы павінны рух "За Свабоду" Мілінкевіча. Таму зараз асноўнае - ратаваць партыю, дамаўляцца з тымі сябрамі партыі, які не разам з намі".

10.50. Паводле Мандатнай камісіі на зьездзе зарэгістравана 172 кандыдаты. Усяго было абрана на з'езд 205 дэлегатаў.


10.30. Зацьверджаны склад мандатнай, рэвізійна і падліковай камісій, а таксама рэглямэнт. У складзе прэзыдуюму старшыня БНФ Аляксей Янукевіч і яго намесьнік Рыгор Кастусёў.

"Задача з'езду - вылучыць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Гэта партыя не рабіла з 1994 году", - заявіў кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч падчас свайго выступу з адкладам аб палітычнай сітуацыі.

"На прэзыдэнцкіх выбарах Партыя БНФ будзе змагацца на двух франтах - супраць Лукашэнкі і прарасейскага кандыдата".

Паводле Янукевіча, гэтыя прэзыдэнцкія выбары будуць мець адну адметную асаблівасьць: Расея на гэтых выбарах не будзе падтрымліваць Лукашэнку, перадае БелаПАН. "Крэмль і Лукашэнка пачалі сапраўдную вайну. З такой сытуацыяй вялікая верагоднасьць ўдзелу ў выбарах прарасейскага кандыдата. У яго будуць ўкладзены сур'ёзныя фінансавыя і інтэлектуальныя рэсурсы", - адзначыў Янукевіч.


У парадак дня ўключаныя наступныя пытаньні:

  • прыняцьце пастановы аб удзеле партыі БНФ у прэзыдэнцкіх выбарах;
  • вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі БНФ;
  • прэзэнтацыя і зацьвярджэньне праекту перадвыбарчай плятформы партыі - “Свабода і адказнасьць. Эканамічны рост. Незалежнасьць. Эўраатлянтычны выбар”.

Таксама заплянаваны выступ кандыдатаў у прэзыдэнты ад партыі БНФ. У раздадзеных матэрыялах ёсьць падрабязная даведка пра Рыгора Кастусёва. Можна меркаваць, што менавіта ён будзе вылучаны ў кандыдаты на выбарах.

Сярод удзельнікаў зьезду няма Вінцука Вячоркі, Віктара Івашкевіча, Лявона Баршэчўскага.



Паводле лідэра партыі Аляксея Янукевіча, будзе абмеркаванае пытаньне ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах і, магчыма, кандыдатура, якую Партыя БНФ будзе падтрымліваць.

Вінцук Вячорка, актывіст гэтай партыі і колішні старшыня, у адказ сьцьвярджае, што 29 траўня адбудзецца ня зьезд, а сход часткі сяброў партыі БНФ. Такую ацэнку вынесла рэвізійная камісія гэтай партыі, прычым аднагалосна.

Менская гарадзкая арганізацыя БНФ пастанавіла пагадзіцца з рэвізійнай камісіяй і мерапрыемства гэтае зьездам не лічыць, гэтаксама як не лічыць абавязковымі для сябе ягоныя рашэньні, і ўдзелу ў ім ня браць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG