Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прадаваць Радзіму можна, але пакрысе і па добрай цане”


Ці сапраўды Беларусь гатовая аддаць кантрольны пакет акцыяў «Белтрансгазу», як пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ці магчыма адначасова сумясьціць падвышэньне заробку і выкананьне эканамічнай праграмы МВФ? Як далёка беларускія улады гатовыя ісьці ў лібэралізацыі эканомікі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст Міхал Залескі і публіцыст Аляксандар Класкоўскі.


Міхал Залескі
Аляксандар Класкоўскі
Віталь Цыганкоў

«Кіраўнік нашай дзяржавы гатовы зрабіць усё, каб і надалей заставацца кіраўніком нашай дзяржавы»


Цыганкоў: Беларусь гатова аддаць кантрольны пакет акцый «Белтрансгазу» ў выпадку, калі цана на газ для нашай краіны будзе роўная расейскай. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 27 траўня на пытаньні студэнтаў магілёўскіх ВНУ. «Вось калі расейцы скажуць, што будуць па ўнутраных цэнах прадаваць газ у Беларусь — на роўных умовах і па ўнутрырасейскіх цэнах, — мы ня супраць, бярыце кантрольны пакет. Гэтаксама і па нафтаперапрацоўчых заводах. Танная нафта — добрыя ўмовы, але не бясплатна», — заявіў Лукашэнка.

Як можа ацаніць такія словы беларускага прэзыдэнта? Ці сапраўды афіцыйны Менск настолькі мае патрэбу ў грашах, што гатовы прадаць «Белтрансгаз» і нафтаправоды? Ці гэта толькі «фігура мовы», і калі дойдзе да рэальнага інтарэсу пакупнікоў, то зноў паўстануць нейкія «складанасьці», «непаразуменьні» і да рэальнага продажу справа ня дойдзе?

Класкоўскі: Відавочна, што эканамічная сытуацыя для беларускай улады пагаршаецца — фактычна расхваленая «беларуская мадэль» вычарпала свой рэсурс. Гэта відаць і па эвалюцыі выказваньняў. Калісьці гучала, што «ня буду прадаваць Радзіму», а цяпер высьвятляецца, што можна, але толькі пакрысе, і па добрай цане. Некаторыя эканамісты ўжо зазначаюць, што беларускае кіраўніцтва можа прадзешавіць.

Калі наіўна і наўпрост успрымаць гэтыя словы Лукашэнкі, то можна падумаць, што беларуская ўлада здалася, узьняла лапкі ўгору. І напэўна, у палітычным асяродзьдзі зноў пачуюцца воклічы, што Лукашэнка здае незалежнасьць і так далей. Аднак яны ўжо чуліся неаднаразова і раней.

Лукашэнка «сьцеле саломку» сабе пад прэзыдэнцкія выбары. Ён заўжды перад выбарамі закідае такія вуды ў расейскі бок.
Я думаю, тут ідзе палітычная гульня, і Лукашэнка «сьцеле саломку» сабе пад прэзыдэнцкія выбары. Ён заўжды перад выбарамі закідае такія вуды ў расейскі бок. Так было і ў 2001 годзе, потым былі крыўды з боку Масквы. Зараз расейцы ўжо навучаныя тым досьведам і будуць дзейнічаць вельмі ўчэпіста. Таму я не выключаю, што пасьля выбараў могуць быць жорсткія «разборкі», калі расейскія алігархі пераканаюцца, што іх «разьвялі».

Залескі: Мне здаецца, што кіраўнік нашай дзяржавы гатовы зрабіць усё, каб і надалей заставацца кіраўніком нашай дзяржавы. Таму ўсе гэтыя заявы я ўспрымаю выключна як палітычныя. Іхнім эканамічным падмуркам ёсьць абавязаньне даць сярэдні заробак 500 даляраў, і неабходнасьць кіраваць прадпрыемствамі, не звальняючы людзей.

Прэзыдэнт трапляе паміж молатам і кавадлам. Ён мусіць утрымліваць прадпрыемствы ў штатным рэжыме, запоўненыя працоўнымі месцамі. Але заводы могуць працаваць, калі ёсьць сыравіна і ёсьць рабочыя. Вось Лукашэнка і імкнецца забясьпечыць сыравінай любымі сродкамі.

Цыганкоў: Дарэчы, ці можна сказаць, што зараз спрыяльны час для продажу, напрыклад, нафтаперапрацоўчых заводаў? Пасьля таго, як Расея пачала пастаўляць нафту на новых умовах, з улікам экспартнага мыта, вытворчасьць у нафтаперапрацоўчай галіне, паводле афіцыйнай статыстыкі, зьменшылася на 40 працэнтаў. Рынкавы кошт гэтых заводаў упаў, ці ня так?

Залескі: Цяжка сказаць, бо гэтыя заводы разьлічаныя на доўгія гады, і патрэбныя велізарныя грошы для падтрыманьня іх у сучасным стане. Другая акалічнасьць — гэтыя заводы працуюць на экспарт, і іхні лёс прадвызначаны тым, які попыт будзе ў заходняй Эўропе на іхнюю прадукцыю. Гэтым і вызначаецца іхні рынкавы кошт. Зараз, відавочна, ня самы лепшы час іх прадаваць, бо крызіс яшчэ ня скончыўся, глябальная эканоміка хістаецца. Таму трэба захоўваць рэальныя актывы, маёмасьць, якая працуе.

Калі зазірнуць у гісторыю, то можна параўнаць. Мы прадалі расейцам палову «Белтрансгазу» за 2,5 мільярда даляраў. А чэхі прадалі немцам свой «Трансгаз» за 7,5 мільярда эўра — пры тым, што там працягласьць трубаў была меншая.

«І рыбку зьесьці, і ногі не замачыць?»


Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што не гледзячы на патрабаваньні МВФ, задача дасягнуць да канца году сярэдняга заробку 500 даляраў застаецца. Лукашэнка пацьвердзіў, што Беларусь зноў будзе браць крэдыты ў гэтай арганізацыі. Ці магчыма адначасова сумясьціць падвышэньне заробку і выкананьне эканамічнай праграмы МВФ?
Выглядае, што новы крэдыт прыйдзе якраз перад самымі выбарамі, ім добра напампуюць эканоміку.


Класкоўскі: Відавочна, што ўлада тут хітруе. Гэта тая тактыка, якая адлюстроўваецца грубаватым народны выслоўем «і рыбку зьесьці, і ногі не замачыць». Нейкі час таму ўрад даваў зразумець, што гатовы браць наступны крэдыт ад МВФ. Потым рыторыка рэзка зьмянілася, — «мы выйшлі з крызісу, нам ніякія грошы не патрэбныя і гэтак далей». Зараз высьвятляецца, што проста была ўзятая паўза, і падчас яе вядуцца актыўныя перамовы з МВФ. Выглядае, што новы крэдыт прыйдзе якраз перад самымі выбарамі, ім добра напампуюць эканоміку, і потым будуць выпраўляць сытуацыю новымі крэдытамі.

Такая выбраная лінія, бо як слушна заўважыў спадар Залескі, беларускі кіраўнік робіць усё, каб захаваць сваю ўладу.

Яшчэ адзін момант. Беларускае кіраўніцтва адчула, што МВФ гуляе ў сваю гульню. І палітыка МВФ ня вельмі супадае з палымянымі заявамі Эўрапарлямэнту пра беларускі рэжым. МВФ хочацца прадэманстраваць, што ў іх ёсьць пасьпяховая стратэгія. І таму яны заўважна прыплюшчваюць вочы на тое, што Менск вядзе павойную гульню, і фактычна ігнаруе многія рэкамэндацыі МВФ.

«У нас усе патрабаваньні МВФ выконваюцца майстрамі работы з паказьнікамі»


Цыганкоў: Вось напрыклад, агенцтва прыватызацыі было створанае — відавочна, выкананае патрабаваньне МВФ. Ці ўдасца ўладзе балянсаваць паміж патрабаваньнямі Фонду і жаданьнем захоўваць сацыялістычную эканоміку?

Залескі: Разьбіраць словы Лукашэнкі — як клубок нітак разблытваць, часам і канцоў ня знойдзеш. Кажа «заробкі сёлета асабліва не расьлі, бо мы выконвалі патрабаваньні МВФ». Заробкі не расьлі, таму што заводы стаялі!

Вось дасягненьне — стварылі агенцтва па прыватызацыі. Я прапановы па ягоным стварэньні пісаў яшчэ ў 1990 годзе. Пацягнулі гадоў 20, і зрабілі.

У нас усе патрабаваньні МВФ выконваюцца майстрамі работы з паказьнікамі. У нас такіх спэцыялістаў ад раёну да Саўміну хапае — паказаць, як усё хораша робіцца. Таму варта глядзець не на тое, якія прававыя заяўкі робіць улада, а на тое, якім чынам ідзе правапрымяненьне. Пакуль рэальная сытуацыя з намінальнай мала супадаюць.

Цыганкоў:
Лібэралізацыя — гэта ня рай, а беспрацоўе і сацыяльнае расслаеньне.
Аляксандар Лукашэнка таксама закрануў тэму лібэралізацыі эканомікі, выказаўшыся зноў за яе неабходнасьць. Як можна ацаніць сапраўдную схільнасьць беларускага кіраўніцтва да эканамічнай лібэралізацыі? Цяперашняе кіраўніцтва сапраўды дасьпела да гэтага, ці ўсё робіцца пераважна для замежнага спажыўца, і будуць толькі частковыя захады, якія не закрануць сутнасьць сёньняшняй эканамічнай сыстэмы?

Класкоўскі: Па-першае, варта нагадаць, што лібэралізацыя — гэта ня рай, а беспрацоўе і сацыяльнае расслаеньне. Натуральна, што ў год выбараў улада ня пойдзе на такія радыкальныя крокі.

Ва ўладаў, я б сказаў, «змушанае прасьвятленьне». У параўнаньні з тымі часамі, калі кіраўнік дзяржавы адкручваў назад цэны, называў МВФ «жульлём» — вядома, пэўная эвалюцыя ёсьць. Вельмі паказальным тут будзе Дырэктыва нумар 4, якая неўзабаве павінна зьявіцца. У сеціве гуляюць яе праекты, некаторыя зь іх дастаткова радыкальныя.

Аднак ня варта чакаць, што цяперашні рэжым комплексна і пасьлядоўна будзе ажыцьцяўляць эканамічную лібэралізацыю. Мэнтальнасьць у яго іншая, а палітычная прырода яго такая, што ўлада ўсё роўна будзе ў эканоміцы лезьці, куды ня трэба. Таму працэс будзе сутаргавым і непасьлядоўным. Зь іншага боку, кропля камень точыць

Залескі: Я быў на адной дыскусіі, і там прысутнічалі прадстаўнікі ўлады. І адзін зь іх, магчыма, забыўшыся, дзе ён знаходзіцца, вельмі проста сказаў: «Мой дзед казаў, што ў галодны год добры гаспадар сабаку заўсёды з ланцуга спускае. Навошта яго карміць, калі ён сам сябе ежу знойдзе». Вось і ўся лібэралізацыя. Пакуль няма эканамічнай свабоды, усё астатняе — гэта камуфляж.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG