Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсара Аляксандра Патупу ўвекавечылі ў бронзе


Помнік Аляксандру Патупу.

Помнік Аляксандру Патупу.


Сёньня на Ўсходніх могілках сталіцы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцьця помніка вядомаму пісьменьніку, грамадзкаму дзеячу, прафэсару Аляксандру Патупу.

Аляксандар Патупа раптоўна памёр 1 чэрвеня 2009 года ва ўзросьце 64 гадоў. Навуковец, прафэсар фізыкі і філязофіі, грамадзкі дзеяч, паэт, пісьменьнік, член-карэспандэнт некалькіх міжнародных акадэміяў — можна доўга пералічваць усе ягоныя тытулы і ўзнагароды. Асоба надзвычай таленавітая, творчая, узьнёслая і ў той жа час прагматычная. Перад скульптарам Віктарам Завадзкім задача стаяла нялёгкая:

«А пра Аляксандра Сяргеевіча даведваўся ад блізкіх, родных, сяброў. І чым больш даведваўся, тым больш разумеў, што ў адной працы выказацца, раскрыць індывідуальныя якасьці, шматграннасьць характару надзвычай цяжка. Ён быў і навуковец, і пісьменьнік, і муж… А яшчэ, самае галоўнае — трэба было выказаць адносіны сям’і да яго, любоў, каханьне… Спадзяюся, у нас гэта атрымалася».

Атрымаўся ня проста помнік — складаная скульптурная кампазыцыя, цэнтральнай часткай якой — два профілі ў бронзе. Сёньня на могілкі прыйшло некалькі дзясяткаў людзей, каб узгадаць прафэсара Патупу.

Лёс у яго быў складаны. Нарадзіўся ў 1945 годзе ў Севастопалі, з 16 гадоў жыў у Беларусі. Паводле адукацыі Аляксандар Патупа — фізык, скончыў фізычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава. У 25 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

У 1979 годзе па ілжывым даносе паўгода правёў на Валадарцы. Дзякуючы намаганьням родных і сяброў быў вызвалены рашэньнем Вярхоўнага суду БССР. Пасьля гэтага 9 гадоў ня мог уладкавацца на працу. Потым працаваў у Інстытуце фізыкі Беларускай акадэміі навук, у Белдзяржунівэрсытэце. Падчас перабудовы актыўна заняўся выдавецкім бізнэсам, арганізаваў выдавецкую кампанію «Эрыдан». Зь імем Патупы зьвязаны тагачасны росквіт прыватнага бізнэсу ў краіне.

Менавіта Аляксандар Патупа быў выдаўцом першага ў Савецкім Саюзе малафарматнага зборніка Ёсіфа Бродзкага, надрукаванага яшчэ ў друкарні ЦК КПБ. А ў 1992 годзе «Эрыданам» быў выдадзены ўжо двухтомнік Бродзкага.

Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994 годзе Аляксандар Патупа падтрымліваў Вячаслава Кебіча. Відавочцы ўзгадваюць: калі Патупа даведаўся, што ягоны пратэжэ прайграў, ён прамовіў: «Беларусь! Ты зьехала з глузду!»

Апошнія 20 гадоў жыцьця прысьвяціў прадпрымальніцтву, распрацоўваў канцэпцыю рынкавых рэформаў. Быў сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам Міжнароднага ПЭН-клюбу. З 2001 па 2007 год ачольваў Беларускі саюз прадпрымальнікаў. У партыях ніколі ня быў.

Узгадвае калега, сябра спадара Патупы Аркадзь Маслакоў:

Гэта быў чалавек, які глыбока мысьліў, разумеў жыцьцё, праблемы, сытуацыю ў краіне.
«Я з гэтым чалавекам прайшоў два дзесяцігодзьдзі на глебе прадпрымальніцтва, быў у яго намесьнікам. Гэта быў чалавек, які глыбока мысьліў, разумеў жыцьцё, праблемы, сытуацыю ў краіне. Страціла краіна надзвычай значнага чалавека, які б прынёс шмат карыснага для нас з вамі».

Спадар Патупа ўваходзіў у склад Грамадзка-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Старшыня гэтай рады Ўладзімер Макей пасьля сьмерці спадара Патупы адзначыў: «Пры ўсёй зьнешняй інтэлігентнасьці ў яго быў унутраны стрыжань. Прынамсі, ён цьвёрда адстойваў свае пазыцыі, зыходзячы, натуральна, са свайго разуменьня таго, што адбываецца вакол».

Неадназначнае стаўленьне ў спадара Патупы было да нацыянальнай мовы і культуры. У 1990-х ён выступаў за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай. Паводле Патупы, «Закон, які абвясьціў беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай, быў створаны на хвалі моўнага шавінізму…» Пазьней, аднак, ён даваў інтэрвію на беларускай мове, і калі да яго зьвярталіся па-беларуску, адказваў таксама па-беларуску. Але сам пісаў па-расейску.

Аляксандар Патупа — аўтар навукова-папулярных кніг «Бег за бясконцасьцю», «Адкрыцьцё Сусьвету», мастацкіх кніг «Прахадная пешка», «Голая праўда пра голага караля», «Пастка ў цэйтноце», «Фантакрым XXI», шэрагу фантастычных аповесьцяў, вершаў. Сёлета выйшла кніга паэзіі, прозы і публіцыстыкі Аляксандра Патупы «Рыплівае кола фартуны». А літаральна сёньня з друкарні прывезьлі кнігу дзіцячых твораў Аляксандра Патупы «Разгубляшка».

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG