Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае прапанова Аляксандра Лукашэнкі аб продажы кантрольных пакетаў акцый “Белтрансгазу” і НПЗ у абмен на ўнутрырасейскія цэны на газ і нафту – гэта выгадная зьдзелка, капітуляцыя ці піяр? У чым прычыны чарговага канфлікту наконт аплаты расейскага газу? Які далейшы лёс мытнага саюзу? Над гэтымі пытаньнямі ў «Праскім акцэнце» разважаюць: аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” Тацьцяна Манёнак, выдавец БДГ Пётар Марцаў і экпэрт Інстытуту мэнэджмэнта і прыватызацыі Алена Ракава.

Дракахруст: Напрыканцы гэтага тыдня Аляксандар Лукашэнка зрабіў сэнсацыйную заяву: ён сказаў, што ня супраць прадаць Расеі кантрольныя пакеты “Белтрансгазу” і нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, але ў абмен на унутрырасейскія цэны на газ і на нафту.

“Вось калі яны скажуць, што будуць па ўнутраных коштах прадаваць газ у Беларусь – на роўных умовах і па ўнутрырасейскіх коштах – мы ня супраць, бярыце кантрольны пакет. Гэтак жа і па нафтаперапрацоўчых заводах. Танная нафта – добрыя ўмовы, але не бясплатна... Мы ня супраць, але за добрыя грошы”.


Гэта прапанова, ад якой нельга адмовіцца ці якую нельга прыняць? Іншымі словамі, гэта добрая, прарыўная, узаемавыгадная зьдзелка, капітуляцыя ці гэта банальны піяр?

Тацяна Манёнак
Манёнак
: Я б не казала, што гэта сэнсацыя. Расея і Беларусь на працягу мінулага года абмяркоўвалі "Праграму пашыранага супрацоўніцтва ў паліва-энэргетычнай сфэры".
Кошт нашых НПЗ катастрафічна хутка зьніжаецца, ня выключана, што ў хуткім часе яны наагул будуць непатрэбныя Расеі.
І там былі адлюстраваныя ўсе гэтыя пытаньні, якія цікавяць Беларусь – роўнадаходныя цэны на газ, і нізкія цэны на нафту, а з расейскага боку – кантроль над беларускімі прадпрыемствамі, найперш газавай і нафтаперапрацоўчай галінах. Супольная камісія працавала вельмі інтэнсіўна і спрабавала ўзгадніць гэтыя падыходы. Нездарма першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка напрыканцы мінулага году казаў, што Расея нечакана прапанавала падпісаць 4 міждзяржаўныя пагадненьні. Там ішла гаворка пра гарантыі для расейскага капіталу пры ўваходжаньні на беларускія прадпрыемствы.

Беларускі бок вельмі доўга супраціўляўся, на Вышэйшым дзяржсавеце саюзу гэтая праграма не была ўзгодненая, і адсюль ўзьніклі ўсе праблемы і канфлікты ў адносінах, у прыватнасьці, новыя ўмовы імпарту расейскай нафты для Беларусі.

Цяпер сытуацыя вельмі цікавая – плод сасьпявае. Беларусь амаль паўгода папрацавала ў новых умовах імпарту расейскай нафты, і аказалася, што сытуацыя даволі складаная. Беларускія чыноўнікі кажуць пра тое, што беларускія НПЗ ня могуць эфэктыўна перапрацоўваць расейскую нафту, якая пастаўляецца з мытам. Глыбіня перапрацоўкі нашых НПЗ – 70%, а каб мець прыбытак з перапрацоўкі нафты па такой цане, патрэбная глыбіня перапрацоўкі 93%.

Можна, зразумела, падвысіць кошты на ўнутраным рынку прыблізна на 70%. Але відавочна, што ўрад на гэта ніколі ня пойдзе. Сытуацыя ўскладнілася. МВФ і Нацбанк падлічылі, што кошт гэтага нафтавага шоку – прыкладна 2 мільярды даляраў. Я мяркую, што гэта і болей.

І відавочна, што ніякая вэнэсуэльская нафта ня можа замяніць танную расейскую, гэта выдатна разумеюць і ўрад і прэзыдэнт.

Расея інтэнсіўна будуе сваю нафтавую і газавую інфраструктуру ў абыход Беларусі. Зьявілася інфармацыя, што ў Усьць-Лузе пад Піцерам будзе збудаваны новы НПЗ. Гэта азначае, што кошт нашых НПЗ катастрафічна хутка зьніжаецца, ня выключана, што ў хуткім часе яны наагул будуць непатрэбныя Расеі. Таму насьпеў час таргавацца па гэтых пытаньнях. Я ўжо не кажу пра "Белтрансгаз", бо 50% Расею не задавальняе. Беларусі вось нядаўна нагадалі пра доўг.

Дракахруст: Алена, ёсьць зразумела эканамічная арытмэтыка. Але ёсьць і біблійная прыпавесьць пра продаж першародзтва за сачавічную поліўку. Тут ня той выпадак?

Алена Ракава
Ракава
: Бакі выдатна разумеюць, што дамаўляцца трэба. Наша краіна ўпарта імкнецца манэтызаваць нежаданьне Расеі бачыць тут іншую ўладу, іншых лідэраў. Але Расея не гатовая не жадаць гэтага бясплатна. Зь іншага боку, там выдатна разумеюць, што дражніць Лукашэнку можна колькі заўгодна, але ад яго ніхто не зьбіраецца пакуль адмаўляцца. Што да кантрольных пакетаў, то жаданьне іх набыць даўно агучвалася.

Тут варта заўважыць, што ўнутрырасейскія цэны – гэта не такія ўжо "салодкія" цэны.
Празь некалькі гадоў унутрырасейскія цэны будуць амаль такія, як эўрапейскія.
І яны будуць падвышацца, я бачыла прагнозы, што ў наступным годзе яны будуць падвышаныя яшчэ на 20% замест 12%, як меркавалася раней. "Газпром" па аб'ектыўных прычынах губляе эўрапейскі рынак – тут і сланцавы, і звадкаваны газ, і ўнутрырасейскі рынак робіцца адным са значных фактараў продажаў "Газпрому". Празь некалькі гадоў унутрырасейскія цэны будуць амаль такія, як эўрапейскія мінус мыта і транспартныя выдаткі.

Дракахруст: Пётар, я прашу вас даць палітыка-эканамічную, а ня чыста эканамічную ацэнку гэтых заяваў Лукашэнкі. Шмат гадоў казалася, што "Белтрансгаз" і НПЗ – "фамільнае срэбра" нацыянальнай эканомікі, эканамічны заклад незалежнасьці. Танныя цэны – гэта добра, але ці ня робіцца сувэрэнітэт краіны бяз гэтых закладаў надта хісткім?

Пятро Марцаў
Марцаў
: Сярод тых трох варыянтаў адказу, якія вы пералічылі, мне найбольш праўдападобным падаецца трэці: гэта – перадвыбарчы піяр. Лукашэнку патрэбная падтрымка Масквы, дакладней, вобраз падтрымкі Масквы ў вачах электарату і палітычных эліт. Я ня веру, што кантрольныя пакеты "Белтрансгазу" ці НПЗ будуць прададзеныя сёлета. Можа быць усё, нават пагадненьні аб намерах, але толькі да выбараў. Пасьля выбараў выкуп гэтых пакетаў расьцягнецца ў некалькі этапаў, як тое было з "Белтрансгазам".

Ёсьць простая рэч: 40% бюджэту, прынамсі 2 гады таму, фармаваліся даходамі ад рээкспарту нафты і экспарту нафтапрадуктаў.
Я ня веру, што кантрольныя пакеты "Белтрансгазу" ці НПЗ будуць прададзеныя сёлета.
40% бюджэту ў нашай эканоміцы – гэта кантроль над грамадзтвам, над электаратам. Для палітыка гэта вельмі важна. Лукашэнка разумее, што са стратай нафтахімічнага комплексу і газавага транзыту, са стратай кантролю за гэтымі грашыма, ён губляе значную частку ўлады. Таму я ня веру, што сёлета гэта будзе прададзена.

Ці будзе прададзена потым? Можа быць, але за працяглы час і доўгім гандлем з Масквой. Гэта ж моцны інструмэнт гандлю. Колькі гады праз два будуць каштаваць гэтыя заводы – гэта іншае пытаньне. Але Лукашэнку турбуе ня тое, што будзе праз 2 гады, а тое, што будзе на працягу гэтага году.

Ну а на вашае пытаньне, ці трэба гэта прадаваць – дык трэба гэта прадаваць. Гэта ня наш газ і ня наша нафта, і загрузіць свае заводы без Расеі мы проста ня зможам, яны сканаюць, яны страцяць вартасьць. Не такія яны ўжо высокатэхналягічныя і сучасныя. Паміж эканамічнай і палітычнай рэальнасьцю ёсьць велізарны разрыў. Мае калегі казалі пра тое, што гэта неабходна. Так, даўно было неабходна, бо мы ня ў стане выцягваць на сябе ня толькі сусьветных цэнах, а , як сказала Алена, праз пару гадоў і па ўнутрырасейскіх цэнах. Нам трэба гэта аддаваць. Але гэта ня будзе аддадзена сёлета.

Дракахруст: Тацяна ўжо прыгадала яшчэ адзін канфлікт у двухбаковых адносінах, які выйшаў на паверхню на мінулым тыдні. «Газпром» паведаміў, што Беларусь з пачатку гэтага году плаціць за газ леташнюю цану, спасылаючыся на дамоўленасьці на вышэйшым ўзроўні. Між тым «Газпром» спасылаецца на кантракт, паводле якога цана павысілася, і Беларусь ужо завінавацілася на салідную суму 139 мільёнаў даляраў. «Газпром» пагражае скараціць пастаўкі.

Пра прэтэнзіі да Беларусі ў гэтым пытаньні заявіў у інтэрвію тэлекампаніі «Мір» і расейскі прэм'ер Пуцін.

"Нашы беларускія сябры зьвярнуліся да нас у мінулым годзе, у пазамінулым, з просьбай захаваць для іх цэнавыя парамэтры і скідкі папярэдняга году, 2008 году. І мы ў 2009 годзе пайшлі на гэта. Цяпер яны ў аднабаковым парадку плацяць нам па цане 2008 году. Недаплачваюць нам. Утварылася пэўная запазычанасьць".

У чым прычыны гэтага канфлікту і як ён наагул мог узьнікнуць? На погляд наіўнага чалавека, відаць, існуе нейкі кантракт, у якім запісаная цана – кепская ці добрая, высокая ці нізкая, але пэўная. Як яна можа гэтак па-рознаму інтэрпрэтавацца? І чым, на ваш погляд, гэтае розначытаньне скончыцца?

Ракава: Справа ў тым, што сапраўды ёсьць кантракт, але ў нас такі славянскі кантракт, які суправаджаецца рознымі нефармальнымі дамоўленасьцямі. Летась мы таксама плацілі менш, чым было пазначана ў кантракце.
«Газпрому» нават выгадна, каб гэты доўг назапасіўся.
І Расея з гэтым як бы пагадзілася. Сёлета беларускі бок па нейкіх прычынах лічыць, што расейскі бок ізноў пагодзіцца з такой схемай. Напрыканцы году або калі сытуацыя стане сапраўды крытычнай, калі «Газпром» сапраўды раззлуецца, мы пагасім гэтую запазычанасьць. У кантракце гэта не прапісана, але беларускаму боку так лягчэй плаціць. І ён лічыць, што расейцы павінны пайсьці насустрач.

Манёнак: Справа ў тым, што напрыканцы 2006 году было падпісанае пагадненьне аб умовах паставак на 4 гады. Гэтае пагадненьне не выконвалася, Расея ішла насустрач Беларусі. Напрыканцы мінулага году віцэ-прэм'ерам Ігару Сечыну і Ўладзімеру Сямашку былі дадзеныя даручэньні дамовіцца аб пераглядзе цаны газу на 2010 год, але каб яна была блізкай да цаны 2009 году. Я ізноў жа прыгадваю тую праграму больш шчыльнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў паліва-энэргетычнай галіне, якая прадугледжвае больш глыбокую інтэграцыю. Менавіта ў гэтым рэчышчы расейскі бок і разглядаў магчымасьць ільготных паставак газу Беларусі. Але пры ўмове, што і беларускі бок пайшоў бы насустрач – гэта і кантроль над «Белтрансгазам», і сумесныя праекты ў энэргетыцы, стварэньне адзінай энэргетычнай прасторы. Беларускі бок накіраваў у Маскву дадатак да газавага кантракту. Ён, праўда, пакуль не падпісаны, але даручэньне віцэ-прэм'ерам таксама ніхто не адмяняў. Так што Беларусь, сыходзячы з непадпісанага дадатку да кантракту і з даручэньня віцэ-прэм'ерам, мае права аплачваць газ па цэнах мінулага году. Заўважце, што расейскі бок ня надта і раззлаваўся. Не бывае так, каб толькі адзін бок парушаў правілы кантракту. Зразумела, што Беларусь заплаціць. «Газпрому» нават выгадна, каб гэты доўг назапасіўся, а потым канвэртаваць яго ў пакет акцый. Калі даўжнік сур'ёзны, лягчэй будзе размаўляць і дамагацца тых умоваў, якія патрэбныя.

Дракахруст: Пётар, вы згодны з тлумачэньнем, якое прапанавала Тацяна? Ці гэта зь беларускага боку такая «дыпляматыя скандалу» – зробім скандал і магчыма атрымаем, менш чым хацелася, але больш, чым нам прапаноўвалі?

Марцаў: Я амаль згодны з Тацянай, асабліва з апошняй тэзай, што расейцам выгадна зацягваць нас у даўгі, бо з даўжніком прасьцей працаваць, прасьцей дамаўляцца і прасьцей у яго нешта купляць.

Усё насамрэч нават прасьцей, чым мы думаем.
У газавай сфэры ўсе жывуць сёньняшнім днём, асабліва ў Беларусі.
Яшчэ ў 2006 годзе былі зробленыя разьлікі па прагнозных цэнах. Мы ўжо не вытрымліваем тую цану, якая прадугледжаная кантрактам. Мы робім выгляд, што працуем па старым кантракце і плацім па старым кантракце столькі, колькі можа вытрымаць наша эканоміка. Бо ўсё, што вышэй, чым 165 даляраў за 1000 кубамэтраў – гэта рост спажывецкіх цэнаў, гэта скарачэньне да нуля рэнтабэльнасьці прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу і чорнай мэталюргіі. Эканоміка гэтага ня вытрымае. Урад плаціць колькі можа, а розьніца паміж тым, што запісана ў кантракце, і тым, што плаціцца рэальна, запісваецца ў доўг.

Калі вы думаеце, што гэта нейкім сплянавана ці ў Расеі, ці ў Беларусі, то вы глыбока памыляецеся. Расея сапраўды ня надта нэрвуецца, яна разумее, што доўг яна назапашвае, разьлічваючы на тое, што з даўжніком будзе лягчэй працаваць пры вырашэньні як эканамічных, гэтак і палітычных пытаньняў.

У газавай сфэры ўсе жывуць сёньняшнім днём, асабліва ў Беларусі, не пераймаючыся наконт таго, што будзе заўтра.

Дракахруст: Вось я як раз хацеў спытаць пра гэтае жыцьцё сёньняшнім днём. Ці не ствараецца ўражаньне, асабліва пасьля гэтай заявы Лукашэнкі пра продаж «Белтрансгазу» і НПЗ, што Беларусь у рэшце рэшт прыйшла да стану failed state –дзяржавы, якая ня спраўдзілася, якая проста ня ў стане плаціць па сваіх рахунках? Яна павінна прадаваць апошняе. А што потым прадаваць? Ці не атрымалася так, што мастацтва «пацалункаў у абмен на танныя газ і нафту» на 16 ці 19 гадоў хапіла, а ўрэшце прыходзіць гадзіна расплаты, а расплачвацца даводзіцца ўжо ўсім?

Ракава: Я мяркую, што да failed state нам яшчэ далёка.
Ня ў інтарэсах Расеі дапускаць гэты failed state на сваёй мяжы.
На мой погляд і ня ў інтарэсах Расеі дапускаць гэты failed state на сваёй мяжы і ў дзяржаве, інтэграцыя зь якой прасунулася даволі далёка. Расея не зрабіла гэта з Украінай. Як толькі Ўкраіна падышла да той рысы, калі стала відавочна, што яна ня цягне цану 300 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, ёй зрабілі дысконт, абнулілі, як і Беларусі, мыта на 30% і г.д. Расея не зацікаўленая ў банкруцтве гэтых дзяржаваў. Іншая справа, што яна зацікаўленая ў набыцьці нейкіх актываў за гэтыя даўгі ці дысконты.

Што да Беларусі, то я мяркую, што мы здольныя плаціць цану 170 даляраў за 1000 кубамэтраў газу. Іншая справа, што гэта выкліча рост цэн і зьніжэньне ўзроўню жыцьця, што недапушчальна ў выбарчы год. Улады не гатовыя істотна падвышаць цану бэнзіну, падвышаць жыльлёва-камунальныя тарыфы, хаця іх трэба падвышаць, асабліва па электраэнэргіі.

На мой погляд, тое, што ў нас велізарны непрыватызаваны сэктар – гэта нашая перавага. Калі казаць пра даўгі, то прыклад failed state цяпер – гэта Грэцыя, якой няма чым плаціць, і эўрапейскіх грошай можа не хапіць, каб дапамагчы ёй. У нас яшчэ ёсьць, што прадаваць. З улікам гэтага мы можам нават патроіць цяперашні зьнешні доўг. Так што да failed state нам яшчэ далёка.

Дракахруст: У свой час расейскія шавіністы – Дзьмітры Рагозін, Уладзімер Жырыноўскі, казалі, што незалежная Беларусь – гэта «гістарычная недарэчнасьць» (недоразумение). Але можа яны мелі рацыю ў тым, што Беларусь – эканамічная недарэчнасьць, бо нарэшце прыйшлі да таго, што трэба прадаваць проста ўсё, каб проста выжыць?

Манёнак: Справа ў тым, што беларускі «цуд», які назіраўся апошнія гады, сапраўды быў пабудаваны на танных расейскіх энэрганосьбітах. Пётар казаў пра 40% бюджэту (цяпер гэта крыху меней), якія складаліся з рээкспарту расейскай нафты і продажу нафтапрадуктаў. Мне як грамадзянцы Беларусі крыўдна чуць тыя заявы расейскіх палітыкаў, якія вы, Юры, цытавалі. Гэта ёсьць плата за тое, што рэформы ў Беларусі ў гэты час ня йшлі. Здавалася, што новыя ўмовы імпарту расейскай нафты прымусяць улады распачынаць рэформы, перш за ўсё структурную рэформу. Але гэтага не адбылося і тыя самыя нафтаперапрацоўчыя заводы, якія раней былі донарамі, цяпер самі сталі аб'ектамі дзяржаўнай дапамогі, бо трэба забясьпечваць стабільнасьць іх працы.

І калі не адбылося рэформаў, калі Беларусь ня выкарыстала гэты даволі камфортны прамежак часу, то цяпер давядзецца за гэта плаціць.

Я згодная з Аленай, што пры жаданьні Беларусь зараз магла б заплаціць Расеі за газ у поўным аб'ёме па цане 170 даляраў. Ёсьць што прадаваць, і прадаць можна даволі хутка, скажам, той самы «Белтэлекам».

Але Расея ня будзе надта жорстка ціснуць у гэтай сытуацыі, бо ў іх ёсьць агульны праект – мытны саюз. Для Расеі гэты «геастратэгічны праект», як казаў Пуцін, вельмі важны. Беларусь прымушае Расею неяк заплаціць за рэалізацыю гэтага праекту. Расея плаціць ня хоча.

Прапанова Лукашэнкі наконт «Белтрансгазу» і НПЗ – гэта спроба патаргавацца, працягнуць час.

Дракахруст: Пётар, я таксама папрашу вас пракамэнтаваць гэты сюжэт – што насуперак даўно абвешчаным плянам з 1 ліпеня мытны саюз трох краін у поўным аб’еме ўведзены ў дзеяньне ня будзе. Прычына правалу – нязгода беларускага боку фактычна па адным пытаньні – мыта на нафту, якую Расея пастаўляе Беларусі. Вось Тацьцяна нагадала, што Расея ўскладала на мытны саюз вялікія спадзевы, Пуцін казаў пра тое, што саюз стварае “новую геапалітычную рэальнасьць”. Ну а вось спадар Сідорскі гэтыя прыгожыя геапалітычныя мроі груба разбурыў. Чаму так атрымалася?

Марцаў: Тут можна спакойна абаперціся на словы нашага прэзыдэнта, які сказаў, што калі ня будзе скасаванае спэцмыта на нафту, то ніякага мытнага саюзу ня будзе, ва ўсялякім выпадку Беларусі гэта ня выгадна. Тут ён абсалютна пасьлядоўны.
Калі вы думаеце, што расейскія тавары не зьмятуць нашых айчынных таваравытворцаў – дык зьмятуць.
Нам па-ранейшаму патрэбная танная нафта, каб атрымліваць даходы традыцыйным спосабам, не клапоцячыся пра сыстэмныя рэформы ў эканоміцы, бяз пошуку іншых даходных пазыцый. Было відавочна, што Расея не скасуе спэцмыта на нафту, і тое, што мы не пагодзімся на мытны саюз без скасаваньня гэтага мыта, таксама было відавочна. Гэта можна было спрагназаваць яшчэ ў сьнежні мінулага году, калі пагадненьне пра мытны саюз было толькі падпісанае.

Трэба разумець, што ня толькі гэта тармазіла і будзе тармазіць мытны саюз. У краін розныя правілы сэртыфікацыі і стандартызацыі тавараў, гэта нябачныя бар'еры для пранікненьня расейскіх тавараў на наш рынак, а нашых – на расейскі. У гэтых пытаньнях яшчэ і конь не валяўся, іх нават не пачыналі абмяркоўваць.

Гэта была прадказальная сытуацыя, што прэм'ер-міністры зьбяруцца ні з чым.

Ці выгадна гэта Беларусі цяпер, у перадвыбарчы год? Так, выгадна, дакладней, не для Беларусі, а для яе палітычнага кіраўніцтва. Бо калі вы думаеце, што расейскія тавары не зьмятуць нашых айчынных таваравытворцаў – дык зьмятуць. І насамрэч трэба будзе прадаваць гэтыя прадпрыемствы. Прычым, яны яшчэ дзяржаўныя, яны яшчэ не прайшлі этап прыватызацыі і мадэрнізацыі. Так што гэтыя канфлікты наконт мытнага саюзу мы будзем назіраць яшчэ не адзін год.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG