Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хачу, каб беларускія памежнікі атрымлівалі задавальненьне ад іншага"


У сваім артыкуле, надрукаваным у выданьні "Львівська газета", дырэктар львоўскага выдавецтва "Медицина світу", кандыдат мэдычных навук Валадымір Паўлюк прыводзіць некалькі выпадкаў прыкрага стаўленьня да ўкраінцаў на беларуска-ўкраінскай мяжы. "Хачу, каб у беларускім памежным атрадзе ўсё ж атрымлівалі задавальненьне ад таго, што ўкраінцы спакойна перасеклі мяжу, а не ад таго, што сярод ночы іх выганяюць зь цягніка, як нейкіх пацукоў", — рэзюмуе аўтар.

Валадымір Паўлюк прапануе чытачам чатыры гісторыі, якія адбыліся ня так даўно зь ім і ягонымі сябрамі. Магчыма, яны стануць карыснымі і для іншых украінцаў, адзначае аўтар.

Гісторыя першая


"Сёлета ў траўні я разам з жонкай і сынам ва ўзросьце 5 з паловай гадоў ехаў у Санкт-Пецярбург на вясельле маёй пляменьніцы. Да памежнай станцыі Удрыцк мы даехалі без прыгодаў. У 5.30 раніцы ў дзьверы купэ вельмі гучна пастукалі, магчыма, кулаком. Некалькі беларускіх памежнікаў, сярод якіх жанчына-старшына, сурова папрасілі нас паказаць дакумэнты. Калі я забавіўся, жанчына гыркнула: "Вы яшчэ не прачнуліся. Хутка давайце пашпарты! Дакумэнты на дзіця!" Кінуўшы позірк на дакумэнты, жанчына тонам камандзіра загадала: "Бярыце рэчы і выходзьце з купэ!" На пытаньне, чаму, нам адказалі: "У вас няма дакумэнтаў на сына, хутка пакіньце цягнік!" Гэтая надзвычай энэргічная і аўтарытарная асоба выкінула нас зь цягніка за 3—4 хвіліны, хаця цягнік стаяў яшчэ на станцыі хвілін сорак. Потым памежнікі патлумачылі нам, што мы ня маем дакумэнту на сына. Але ж мы мелі пасьведчаньне аб яго нараджэньні, да таго ж ён ехаў у суправаджэньні абодвух бацькоў. Для Расеі гэтага было дастаткова.

"Каб вы ехалі ў Расею праз Харкаў, гэтага было дастаткова, а вы едзеце празь Беларусь", — такая пазыцыя беларускіх памежнікаў.

Калі мы ў Удрыцку бралі квіткі назад дадому, касірка супакоіла нас: "Вы ня першыя, каго так выкідаюць. Сёньня хоць ня так халодна. А ўявіце сабе, калі гэта адбываецца зімой, а ў пасажыраў маленькія дзеці".

…У той жа дзень мы вярнуліся дадому, я пачаў шукаць у інтэрнэце дакладную інфармацыю пра перасячэньне ўкраінска-беларускай мяжы, уводзячы розныя ключавыя словы, аднак аніякай інфармацыі адносна таго, што падчас транзытнага перасячэньня дзеці павінны мець праязны дакумэнт, не знайшоў. Інфармацыі пра такія "беларускія асаблівасьці" няма і ў касах, дзе мы куплялі квіткі, не сказала нам пра гэта і правадніца вагону, у якім мы ехалі.

Гісторыя другая


Канадзец украінскага паходжаньня Алег Івануса, мэцэнат выданьня шмат якіх унікальных гістарычных і рэлігійных кніг па-ўкраінску, разам з жонкай ляцелі ў Санкт-Пецярбург самалётам, а адтуль у Львоў вырашылі ехаць цягніком. Расейска-беларускую мяжу перасеклі без праблем, праехалі празь Беларусь, а вось на беларуска-ўкраінскай мяжы беларускія памежнікі высадзілі іх зь цягніка: бо яны ня мелі транзытных беларускіх візаў. Ім патлумачылі, што набыць гэтыя візы можна толькі ў Менску. Старыя людзі павінны былі на таксі ехаць у сталіцу, атрымліваць візы, аплачваць іх праз банк і тым жа таксі вяртацца на мяжу. Усё гэта ім абышлося ў 500 даляраў. Пра маральную шкоду і "станоўчыя ўражаньні" я ня ўзгадваю.

Гісторыя трэцяя


Прадстаўнікі фармацэўтычнай кампаніі ехалі некалькімі аўто, зарэгістраванымі на іхнюю фірму, з Кіева ў Літву на канфэрэнцыю. Шлях пралягаў празь Беларусь. У Літву патрапілі бязь цяжкасьцяў. А калі вярталіся назад, то на беларуска-ўкраінскай мяжы ўзьніклі праблемы: беларускі памежнік спытаўся, чаму адным з аўтамабіляў кіруе ня той чалавек, які быў за рулём, калі яны раней перасякалі мяжу ў Літву. Яму растлумачылі: усе мы працуем у адной фірме, усе маюць правы кіроўцы, проста машына зарэгістраваная толькі на аднаго чалавека. Ён стаміўся, яго падмяніў калега. Нягледзячы на ўсе гэтыя тлумачэньні, беларусы канфіскавалі аўто! Толькі празь некалькі месяцаў коштам надзвычайных намаганьняў удалося вызваліць аўтамабіль зь "беларускага палону".

Гісторыя чацьвёртая


Мае сябры вырашылі паехаць некалькімі аўтамабілямі на двухдзённую экскурсію ў Беларусь. Перасеклі мяжу без праблемаў, аднак калі праехалі кілямэтраў 15, дарогу перакрыў шлягбаўм. Мытнікі сказалі, што за праезд з кожнага аўтамабіля трэба заплаціць па 30 эўра. На што турысты адказалі: "Дзякуй, мы вяртаемся назад". Тады памежнікі папярэдзілі, што іх ужо ня выпусьцяць зь Беларусі бяз сплаты гэтага мыта.

Вось такія дружалюбныя, шчырыя і ўважлівыя ў нас суседзі.

Замест высновы


Што я, уласна, хачу сказаць гэтай публікацыяй? Каб мы ўсяляк абміналі Беларусь? Не, ня гэта. Мне хацелася б, каб украінскія чыгуначнікі і памежнікі своечасова і ў поўным аб’ёме забясьпечвалі мяне інфармацыяй, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў на мяжы Ўкраіны і Беларусі. Хачу таксама загадзя ведаць пра тое, што, вандруючы на ўласным аўто ў Беларусь, я павінен заплаціць у беларускую казну 30 эўра. Хачу, каб старшына памежнага атраду Шпатуська на памежнай станцыі Удрыцк атрымлівала задавальненьне ад таго, што ўкраінцы спакойна перасеклі ўкраінска-беларускую мяжу, а не ад таго, што на сьвітанку яна зможа выгнаць іх зь цягніка, нібыта якіх пацукоў. Магчыма, у нас тады сапраўды будзе СНД, а не сындром набытых дэфіцытаў, у прыватнасьці — дэфіцыту людзкасьці і здаровага сэнсу. Я ўжо не кажу пра дэфіцыт садружнасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG