Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Прадасьць заводы, каб выбары з шыкам правесьці"


Апытаньне "Свабоды": "Як ставіцеся да таго, што Лукашэнка гатовы прадаць Расеі ключавыя прадпрыемствы — "Белтрансгаз" і НПЗ?" Адказвалі жыхары Магілёва.


Спадар:
"Даўно да гэтага ішло. Дзявацца яму няма куды. Мне ж галоўнае, каб працавала эканоміка. А хто такі Лукашэнка, усе нармальныя людзі разумеюць. Да Расеі я вялікага захапленьня ня маю. Самае лепшае — гэта інтэграцыя з Эўропай. Чаго ў нас няма. Дванаццаць гадоў, ці колькі — пятнаццаць — ён пры ўладзе, — страцілі ўсё".

Спадар: "Калі гэта будзе для Беларусі карысна, то я "за". Нейкія грошы, інвэстыцыі расейскія… Аднак тут пытаньне такое неадназначнае. Расея такая ня дужа надзейная краіна, таму цяжка пра гэта казаць. Шараговаму чалавеку цяжка разабрацца ў такой сытуацыі".

Малады спадар: "Дужа адмоўна. І нават магу сказаць больш — тое, што робіцца ў краіне, проста жах. У нас вялікія даўгі. Мы вінаватыя і МВФу, і Расеі дужа шмат, таму грошай няма, а выбары ж неяк трэба праводзіць з шыкам. Заробкі ўзьняць, пэнсіі перад выбарамі. Проста ў краіне няма грошай".

Малады спадар: "Канечне ж, у адны рукі аддаваць неразумна. Трэба шукаць варыянтаў некалькі, каб падстрахавацца й знайсьці лепшы варыянт. А проста так сьлепа ўзяць і аддаць у адны рукі — гэта не зусім слушна".

Спадар: "Я б перадусім пачынаў са сваіх прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў, каб ім прадаць. Як у Расеі прадавалі сваім прадпрыемствы. Я мяркую, тады б яны былі больш эфэктыўнымі. Аднак публічнасьці тут ня будзе адназначна. Каму ён захоча прадаць, таму й прадасьць".

Спадар: "Адмоўна стаўлюся да гэтага. Калі ты прадаеш сваю вытворчасьць, становісься залежным ад той жа Расеі. Трэба вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю. А прадаць можна заўжды ўсё".

Малады спадар: "Грошы ж прыносяць ані газ, ані нафта. Грошы ў асноўным прыносяць прадпрымальнікі. Вось калі б разьняволілі прадпрымальніцтва, во тады неістотна, ёсьць у нас газ, няма ў нас газу, — прадпрымальнікі яго б купілі ў той жа Расеі па тамтэйшых цэнах. Калі ўсё ж прадасьць, то гэтае рашэньне будзе толькі ягоным".

Спадар сталага веку: "Я супраць гэтага. Няхай гэта ўсё будзе ў Беларусі. Навошта прадаваць некаму на старану? У нас беларусаў шмат беспрацоўных".

Спадар: "Хацелася б, каб гэта ўсё ў нас было. І потым з эканамічнага гледзішча правесьці конкурс. Аднак тут, можа, ёсьць нейкія палітычныя матывы, я ня ведаю".

Малады спадар: "Нармальна стаўлюся. Ён кіраўнік дзяржавы. Ён мае права вырашаць. Там жа прапануюць неблагую цану за пакет акцыяў гэтых прадпрыемстваў. Усё ж тут залежыць ад цаны. Я мяркую, калі на Захадзе прапануюць такія ж грошы, то ён так жа паступіць".
XS
SM
MD
LG