Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: "Абвінавачваць Бакіева — гэта беспрынцыпова"


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Падчас сустрэчы з магілёўскімі студэнтамі і выкладчыкамі Аляксандар Лукашэнка чарговым разам акрэсьліў сваю пазыцыю адносна падзеяў у Кіргізіі, якія прывялі да зьвяржэньня прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

Нагадаем, што ад сярэдзіны красавіка Бакіеў на асабістае запрашэньне Лукашэнкі знаходзіцца ў Беларусі і пакуль ня мае намеру вяртацца на радзіму. Тым часам новае кіраўніцтва Кіргізстану патрабуе ад беларускіх уладаў экстрадыцыі былога кіраўніка.

У пытаньнях да кіраўніка Беларусі навучэнцы і пэдагогі Магілёва нашмат больш цікавіліся пытаньнямі глябальнай палітыкі, чым станам беларускіх ВНУ. Так, адзін з выкладчыкаў быў занепакоены лёсам зрынутага Курманбека Бакіева, які хаваецца ад крымінальнай адказнасьці ў Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што падчас апошняй гутаркі з Бакіевым той заявіў, што гатовы вярнуцца на радзіму, але выключна дзеля абвяшчэньня рэфэрэндуму — ня больш за тое. Беларускі кіраўнік нагадаў, што "так званы часовы ўрад" хоча правесьці рэфэрэндум, каб прыняць новую Канстытуцыю краіны. Рэфэрэндум можа абвясьціць альбо прэзыдэнт, альбо парлямэнт, але ні таго, ні другога ў Кіргізстане фактычна няма. "Бакіеў не зьбіраецца трымацца за ўладу, але гэта быў бы легітымны варыянт вырашэньня сытуацыі", — канстатаваў Лукашэнка:
Я яго прыняў таму, што я ўсё роўна б так паступіў, па-чалавечы. І я пра гэта сёньня не шкадую… ...

"Ну вось уявіце: яшчэ ўчора мы былі ў яго на Ісык-Кулі. Гэта асабовы фрагмэнт і аспэкт. Курманбэк Саліевіч нас прымаў. Гэта ж зусім нядаўна было. Усё як мае быць, па-прэзыдэнцку; тыя ж Мядзьведзеў, Назарбаеў — усе. Як ён стараўся — прэзыдэнты ж таксама людзі... Я яго прыняў таму, што я ўсё роўна б так паступіў, па-чалавечы. І я пра гэта сёньня не шкадую… На АДКБ пасьля доўгіх дыскусій у рашэньні было запісана: у Кіргізіі адбыўся неканстытуцыйны пераварот і г.д. Потым Бардзюжа ў СМІ ўжо заявіў, што пазыцыю прэзыдэнта Беларусі вымушаныя былі падтрымаць усе кіраўнікі дзяржаў. Там цэлы клубок! І абвінавачваць Бакіева — гэта беспрынцыпова".

Раней часовы ўрад Кіргізстану надрукаваў праект новай Канстытуцыі краіны, у якім абмяжоўваюцца магчымыя злоўжываньні на вышэйшай пасадзе. Прыкладам, прэзыдэнт абіраецца на 5 гадоў, пры гэтым адна і тая ж асоба ня можа выбірацца на два тэрміны запар. Мяркуецца, што рэфэрэндум адбудзецца ўжо 27 чэрвеня. Як відаць, адсутнасьць "адмашкі" з боку Бакіева новыя ўлады асабліва не засмучае. Апроч таго, у кастрычніку плянуецца правесьці парлямэнцкія выбары. Ня выключана, што паралельна могуць прайсьці і выбары прэзыдэнта. Да канца году функцыі "прэзыдэнта пераходнага пэрыяду" выконвае старшыня часовага ўраду Роза Атунбаева.

Нагадаем, што тыдзень таму Генэральная пракуратура Беларусі атрымала зь Бішкеку арыгінал запыту аб экстрадыцыі Курманбека Бакіева. У ведамстве паведамілі, што ніякай новай інфармацыі адносна справы Бакіева няма, дакумэнты знаходзяцца на разглядзе ў кіраўніцтва пракуратуры. Аднак экспэрты не сумняюцца, што вырашальным у гэтай гісторыі будзе слова не пракуратуры, а кіраўніка краіны. Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў згадвае, што Лукашэнка неаднаразова падкрэсьліваў — Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі пад асабістай апекай прэзыдэнта:

"Ад Генпракуратуры ў гэтым пытаньні практычна нічога не залежыць. Таму, безумоўна, усё, што тычыцца знаходжаньня Бакіева ў Беларусі, будзе вырашацца на самым версе. Гэта адназначна, паколькі яшчэ раней Лукашэнкам было заяўлена, што толькі ён зьяўляецца гарантам ва ўсіх гэтых пытаньнях. Але, зноў жа, нельга выключаць, што нешта можа ў пэрспэктыве зьмяніцца".

У Кіргізстане супраць Бакіева заведзеная крымінальная справа. У прыватнасьці, яму інкрымінуецца "масавае забойства" — маюцца на ўвазе сутыкненьні апазыцыі зь сілавымі структурамі 7 красавіка, якія прывялі да шматлікіх ахвяраў.

У вышук праз Інтэрпол абвешчаныя сваякі і блізкія паплечнікі Бакіева: браты экс-прэзыдэнта Жаныбек, Ахматбек і Каныбек, а таксама два сыны — Максім і Марат. Праваахоўныя органы таксама шукаюць былога прэм'ер-міністра Даніяра Усенава, экс-кіраўніка Фонду разьвіцьця Ігара Чудзінава і некалькі былых міністраў. За спрыяньне ў вышуку гэтых ды іншых асобаў часовы ўрад абяцае немалыя "ганарары". Адпаведнае распараджэньне падпісала Роза Атунбаева. Інфармацыя, якая можа паспрыяць нэўтралізацыі былых кіраўнікоў Кіргізстану, ацэнена ў сумы ад 20 да 100 тысяч даляраў.

Месца знаходжаньня Курманбека Бакіева ў Беларусі трымаецца ў таямніцы. Аднак ёсьць зьвесткі, што першы час Бакіеў зь сям'ёй жыў у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Драздах, аднак потым яго перакінулі ў ваенны санаторый пад Лепелем. Мясцовыя жыхары кажуць пра надзвычайныя меры аховы аб'екта, які сам па сабе ня мае ніякага сакрэтнага статусу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG