Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да беларускага ўраду


Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук і былы кіраўнік дзяржавы, спрабуе дамагчыся заслужанай пэнсіі. Згодна з адмысловым дэкрэтам Лукашэнкі пэнсія Шушкевіча складае зараз менш за 1 эўра.

Сёньня ў газэце "Народная воля" надрукаваны адкрыты ліст С.Шушкевіча.

Спадар Шушкевіч зьвяртаецца да прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага, кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Макея, старшыняў абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу і старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду.

У лісьце гаворыцца, што Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня прыняў закон аб пажыцьцёвым пэнсійным забесьпячэньні С.Шушкевіча, а 9 верасьня 1997 году быў падпісаны дэкрэт № 16 аб упарадкаваньні пэнсій за асаблівыя заслугі перад беларускім народам. Паводле гэтага дэкрэту яму была прызначаная так званая пэнсія ў памеры 3200 рублёў у месяц. Менавіта столькі зараз і атрымлівае спадар Шушкевіч.

"Відавочна, што дэкрэт, калі ён адпавядае Канстытуцыі, ня можа ператвараць пэнсію ў насьмешку, зрабіць яе меншай за мінімальную сацыяльную пэнсію. Але па нашых законах я сам не магу зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб суд гэта пацьвердзіў. Таму, у адпаведнасьці з артыкулам 116 Канстытуцыі РБ, я прашу Вас зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб ён вызначыў, наколькі адпавядае канстытуцыі РБ дэкрэт прэзыдэнта № 16 ад 9 верасьня 1997 года, згодна зь якім мая пэнсія ператвораная ў насьмешку і ганьбіць ня толькі таго, хто яе прызначыў сваім дэкрэтам, але і ўсе дзяржаўныя інстытуты, якія маюць дачыненьне да сацыяльнага забесьпячэньня", — гаворыцца ў адкрытым лісьце.

Спадар Шушкевіч сказаў карэспандэнту "Свабоды":

"Мая пэнсія захавалася ў тым памеры, у якім яна была ў 1997 годзе. Гэта паказвае, якая інфляцыя была ў нас, якое абясцэньваньне валюты, што мая пэнсія з прыстойнай стала большаю за 1 даляр, але меншаю за 1 эўра".
XS
SM
MD
LG