Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Коммерсант": прапанову Лукашэнкі называюць у Маскве "сур'ёзнай і дзелавой"


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея можа атрымаць кантроль над магістральнымі газаправодамі і нафтаперапрацоўчымі магутнасьцямі краіны.

Умовай зьяўляецца зьніжэньне цэнаў на газ і нафту для Беларусі да ўзроўню ўнутрырасейскіх. Толькі па газу за чатыры гады, да ўвядзеньня прынцыпу роўнадаходнасьці ўнутраных і зьнешніх цэнаў, страты Масквы могуць скласьці 4 мільярды даляраў. Па нафце Расея губляе да 3 мільярдаў у год пры адмове ад экспартнага мыта. Аднак ва ўрадзе Расеі прапанову Менску ацэньваюць як "сур'ёзную і дзелавую" падставу для перамоваў, якія пачнуцца ўжо сёньня.

Масква сустрэла заявы А.Лукашэнкі з энтузіязмам. Прэс-сакратар расейскага прэм'ера Дзьмітрый Пяскоў назваў прапанову "сур'ёзнай і дзелавой". "Прэм'еры Расеі і Беларусі ў пятніцу вечарам у Пецярбурзе на чарговай сэсіі па абмеркаваньні Мытнага саюза змогуць усё абмеркаваць",— патлумачыў "Коммерсанту" спадар Пяскоў.

Спачатку была дасягнутая дамоўленасьць пра вывад газу, нафты і нафтапрадуктаў за рамкі стварэньня Мытнага саюза, але ў мінулую пятніцу Ўладзімер Пуцін прапанаваў узгадніць адзіную эканамічную прастору за пару месяцаў і перайсьці да роўных цэнаў на энэрганосьбіты ўжо ў 2011 годзе.

У "Газпроме" і "Газпром нефти" (валодае 21,29% у Мазырскім НПЗ праз "Славнефть") камэнтаваць прапанову Менску адмовіліся. Міністар энэргетыкі Расеі Сяргей Шматко назваў яе "вельмі цікавай", але тут жа дадаў, што расейскія інвэстыцыі ў Беларусь павінны быць абаронены. А намесьнік міністра Анатоль Яноўскі таксама нагадаў, што падчас апошняй сустрэчы прэм'ераў Расеі і Беларусі Ўладзімер Пуцін паабяцаў адмяніць мыта пры пастаўцы нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь пры ўмове падпісаньня пакетнага пагадненьня па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы. Аднак намесьнік міністра падкрэсьліў, што "пакуль у Беларусі існуюць асаблівыя эканамічныя ўмовы і несвабоднае цэнаўтварэньне, нават наяўнасьць кантрольнага пакету не гарантуе расейскаму бізнэсу карпаратыўнае кіраваньне кампаніяй".

Кіраўнік East European Gas Analysis (США) Міхаіл Карчомкін патлумачыў, што калі расейскія цэны будуць расьці на 25% у год, то пры продажы Беларусі газу па цэнах Смаленскай вобласьці цягам трох гадоў льготы складуць 4 мільярды даляраў. Валеры Несьцераў з "Тройки Диалог" дадае, што адмова ад экспартнага мыта ў памеры 280 даляраў за тону пры пастаўцы ў гэтым годзе 16,8 мільёна тон нафты (6,3 мільёны тон пастаўляецца бязмытна) у Беларусь прывядзе да выпадаючых прыбыткаў расейскага бюджэту ў памеры 3 мільярдаў даляраў. Спадар Несьцераў лічыць, што прапанова Аляксандра Лукашэнкі рэалізаваная ня будзе.

Але "Газпром" ужо не аднойчы дэманстраваў жаданьне атрымаць кантроль над "Белтрансгазам". А ў "Праграме эфэктыўнага выкарыстаньня зьнешнепалітычных фактараў у мэтах доўгатэрміновага разьвіцьця Расеі", якую МЗС распрацаваў па даручэньні прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева (10 траўня апублікавана на сайце часопіса "Русский Newsweek", сапраўднасьць пацьверджана МЗС), пастаўлена задача "дамагацца згоды беларускіх уладаў на набыцьцё расейскімі нафтавымі кампаніямі кантрольных пакетаў акцый нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі".

У Расеі ёсьць інструмэнты ціску на Беларусь. Нядаўна "Газпром" аб'явіў пра рост доўга краіны за газ да 197 мільёнаў даляраў. Запазычанасьць склалася з-за розьніцы ў разьліковых цэнах.

"Калі ў мінулым годзе цэны ў другім паўгодзьдзі ўпалі ніжэй за разьліковыя і беларусы, выплачваючы па 150 даляраў у сярэднім за год, да канца года пагасілі касавы разрыў, то ў гэтым годзе цана будзе расьці і можа скласьці 200 даляраў у сярэднім за год",— патлумачыў "Коммерсанту" мэнэджэр "Газпрому". У такім выпадку доўг можа вырасьці да 1,05 мільярда даляраў.

Апроч таго, агульны доўг Беларусі, які ўключае дзяржаўныя і прыватныя пазыкі ў Расеі, Ізраіля, арабскіх краінаў, дасягнуў 22 мільярдаў даляраў, тады як адзін з галоўных донараў бюджэту краіны — нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы моцна пацярпелі ад увядзеньня з 2010 года мыта на экспарт расейскай нафты ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG