Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў хоча вярнуцца ў Кіргізстан правесьці рэфэрэндум


Былы прэзыдэнт Курманбек Бакіеў мае намер вярнуцца ў Кіргізстан для аб'яўленьня рэфэрэндуму. Пра гэта паведамляе "Інтэрфакс" са спасылкай на заяву, якую зрабіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе выступу перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Магілёўскай вобласьці. Ён таксама адзначыў, што пасьля гэтага Бакіеў гатовы канчаткова сысьці з палітычнай сцэны.

Па словах Лукашэнкі, часовы ўрад Кіргізстану апынуўся ў складаным становішчы. Па яго словах, аб'явіць рэфэрэндум можа толькі прэзыдэнт або парлямэнт.

Лукашэнка таксама адзначыў, што сустракаўся з Курманбекам Бакіевым два тыдні таму. Ён падкрэсьліў, што не шкадуе аб сваім рашэньні прыняць прэзыдэнта Кіргізстану ў сваёй краіне.

Курманбек Бакіеў пакінуў Кіргізстан у пачатку красавіка, калі ў краіне пачаліся масавыя беспарадкі. Улада ў краіне перайшла да часовага ўраду, які ўзначаліла Роза Атунбаева. У сярэдзіне траўня быў прыняты дэкрэт, паводле якога Атунбаева была надзеленая паўнамоцтвамі прэзыдэнта Кіргізстану. Яна будзе ўзначальваць краіну да 31 сьнежня 2011 году.

Самога Бакіева ў Кіргізстане абвінавачваюць у эканамічных злачынствах і датычнасьці да масавых забойстваў падчас вулічных беспарадкаў. 27 траўня часовы ўрад зьвярнуўся ў Інтэрпол з просьбай паспрыяць у затрыманьні былога прэзыдэнта. Раней Бакіеў сьцвярджаў, што ён па-ранейшаму лічыць сябе прэзыдэнтам, і што ён не зьбіраецца вяртацца ў Кіргізстан.
XS
SM
MD
LG