Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Януковіч: уступленьне ў НАТО “сёньня нерэальна"


Уступленьне Ўкраіны ў НАТО, “сёньня нерэальна", заявіў прэзыдэнт Віктар Януковіч.

У інтэрвію журналістам падчас знаходжаньня ў Львове ён патлумачыў гэта тым, што паводле крытэраў Паўночнаатлянтычнага альянсу для ўступленьня неабходна мець падтрымку "большасьці насельніцтва», якой ва Украіне цяпер няма. “Таму на сёньня мы бачым нашы адносіны партнэрскімі”, – дадаў Януковіч.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што “супрацоўнічаць з такім блёкам, як НАТО, мы абавязаныя».

Раней сёньня міністар замежных справаў Кастусь Грышчанка заявіў, што Ўкраіна будзе працягваць разьвіваць свае адносіны з Паўночнаатлантычным альянсам, але цяпер пытаньне аб сяброўстве Украіны ў НАТО «здымаецца з парадку дня». Менавіта такі падыход найбольш адпавядае сучаснаму становішчу, лічыць міністар.

І Януковіч, і Грышчанка пры гэтым казалі аб цяперашнім становішчы рэчаў і не сталі выключаць магчымасьці зьменаў у будучыні.

З краін-сябраў НАТО толькі дзьве – Вугоршчына і Славенія – праводзілі напярэдадні ўступленьня рэфэрэндум аб гэтым; ўсе астатнія ўступалі без атрыманьня асобна згоды народу. Пры гэтым у Вугоршчыне за ўступленьне ў НАТО прагаласавалі 85% удзельнікаў рэфэрэндуму, але толькі 49,25% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. У Славеніі за ўступленьне ў НАТО былі 66% удзельнікаў рэфэрэндуму і толькі 39% ад усіх выбарнікаў.
XS
SM
MD
LG