Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскія выбары: "Я вярну вам Элвіса!"


У Чэхіі 28 і 29 траўня праходзяць выбары ў ніжнюю палату парлямэнту (Poslanecká sněmovna).

Як выбіраюць чэхі?

У ніжняй палаце Чэскай Рэспублікі — 200 дэпутатаў. Яны выбіраюцца кожныя чатыры гады паводле адмысловай прапарцыйнай сыстэмы. Мандаты ў шматмандатнай выбарчай акрузе, якіх у краіне 14 (столькі, колькі і адміністрацыйных адзінак – краёў), разьмяркоўваюцца паміж партыямі, якія набралі ня менш за 5 адсоткаў галасоў у дадзенай акрузе. Колькасьць мандатаў у дадзенай акрузе вызначаецца пасьля выбараў, у залежнасьці ад колькасьці пададзеных галасоў (агулам кажучы, чым вышэйшая прысутнасьць выбарцаў у дадзенай акрузе, тым больш мандатаў аказваецца ў ёй для падзелу). Мандаты для партый налічваюцца пры дапамозе адмысловай арытмэтычнай працэдуры, званай мэтадам д’Ондта. Гэты мэтад дае перавагі моцным партыям, якія набралі значна больш галасоў за супернікаў.

Папярэднія выбары ў 2006 годзе закончыліся палітычным патам, калі левыя (сацыял-дэмакраты і камуністы) здабылі 100 мандатаў, дакладна столькі ж, колькі Грамадзянска-дэмакратычная партыя (ODS), Хрысьціянска-дэмакратычная унія-Чэхаславацкая народная партыя (KDU-CSL) i Партыя зялёных, якія потым стварылі ўрад пад кіраўніцтвам Мірка Тапаланка.

Левым удалося правесьці вотум недаверу ўраду Тапаланка ў сакавіку 2009-га. Датэрміновыя выбары былі прызначаныя на чэрвень 2009-га, але суд, у выніку скаргі аднаго з дэпутатаў, скасаваў закон, які гэтыя выбары прызначыў. "Тэхнічны ўрад" Яна Фішэра, які прыйшоў пасьля Мірка Тапаланка і меўся кіраваць Чэхіяй да датэрміновых выбараў, датрываў да сёлетніх выбараў, якія адбываюцца ў нармальны, акрэсьлены канстутуцыяй тэрмін.

Хто можа выйграць выбары 2010?

У выбарах бяруць удзел 27 партый і рухаў, якія разам выставілі крыху больш за 5 тысяч кандыдатаў (на адзін мандат прыпадае 25 прэтэндэнтаў).

Апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што выбары выйграюць сацыял-дэмакраты Іржы Пароўбка (ČSSD), а месцы ў парлямэнцe гарантаваныя таксама партыі ODS i камуністам (KSČM). Гэта тры найбольшыя, "традыцыйныя" партыі, да якіх чэхі ўжо прызвычаіліся і якія шмат каму ў краіне ўжо абрыдлі.

Паводле апытаньняў, месцы ў парлямэнце атрымае і зусім новая чэская партыя, TOP09, якую арганізаваў былы міністар замежных справаў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг. (Карл Шварцэнбэрг, які быў міністрам замежных справаў Чэхіі, калі краіна старшынявала ў Эўрасаюзе, наведаў з афіцыйным візытам і Менск. Пра сваё бачаньне беларускай сытуацыі Шварцэнбэрг распавёў летась у эксклюзіўным інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода).

"Абяцаю вам піва за 2 кроны і сямідзённы вікэнд"

Самым яркім акцэнтам сёлетніх парлямэнцкіх выбараў сталася выбарчая "антыкампанія", то бок, выбарчая прапаганда, якая дыскрэдытуе палітычных супернікаў. На вуліцах чэскіх гарадоў раптам зьявіліся агромністыя плякаты, на якіх Іржы Пароўбэк, лідэр найбольш папулярнай партыі ČSSD, абяцае нечуваныя рэчы, калі ягоная партыя прыйдзе да ўлады: "Я вярну вам Элвіса", "Скасую ранішняе пахмельле", "Скасую ранішняе ўставаньне", "Абяцаю вам ўікэнд даўжэйшы на пяць дзён", "Абяцаю вам праз тры гады піва за 2 кроны".

Усе ведаюць, што плякаты заказалі палітычныя супернікі сацыял-дэмакратаў з ODS, якія ня надта каб аднекваліся ад гэтага. Чэхі ўволю пасьмяяліся з такіх палітычных хохмаў, а таму сацыял-дэмакраты, паразважаўшы, што ім лепей акупіцца — шукаць справядлівасьці ў судзе ці агрызнуцца тым самым спосабам — вырашылі адказаць антыпрапагандай у бок ODS. На вуліцах зьявіліся плякаты, на якіх, побач з выявай Мірка Тапаланка і ягоных партыйных калегаў, стаіць надпіс: "Мы ў нічым не вінаватыя. Гэта вы нас выбралі".

Вельмі злосны прыклад палітычнай антыпрапаганды зьявіўся ў форме відэа ў інтэрнэце. У гэтым роліку дзьве вядомыя постаці чэскага тэатру і кіно з малодшага пакаленьня, Марта Ісава і Іржы Мадл, тлумачаць, чаму нельга галасаваць за левых і як пераканаць бабуляў і дзядуляў на вёсцы і ў малых мястэчках, каб яны гэтага не рабілі. Тут, зразумела, прыгадваецца вешык Г.Лабадзенкі, у якім малады беларускі паэт раіў унуку схаваць бабулін пашпарт перад выбарамі. Парады Ісавай і Мадла таксама можна ўспрымаць у гумарыстычным ключы, але яны, так бы мовіць, настолькі цынічныя і маральна ненарматыўныя, што мы не наважыліся даць нават спасылку на гэтае відэа на YouTube, ня кажучы ўжо пра тое, каб паставіць яго на наш сайт.

У якасьці суцяшэньня прапануем вам выбарчы ролік партыі TOP09 Карла Шварцэнбэрга, які зьяўляецца прыкладам густоўнай і дасьціпнай палітычнай прапаганды, зробленай на найвышэйшым мастацкім узроўні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG