Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч прапануе скасаваць вобласьці і забараніць пладовае віно


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Апазыцыйны палітык Алесь Міхалевіч, які раней заявіў пра намер узяць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, сёньня прэзэнтаваў сваю перадвыбарчую праграму і каманду. Прэзэнтацыя прайшла ў будынку менскай ратушы.


Каманда Міхалевіча маладая і пакуль малавядомая. Сёньня былі прадстаўленыя эканамісты Алесь Лукашэвіч і Віктар Яўмененка, пэдагог Ігар Драко, правізар Данута Чыгір, геоляг Кастусь Лукашоў.

Перадвыбарчая праграма Міхалевіча носіць назву «Беларусь: стратэгія эвалюцыі». Эканамічная яе частка мае выразна лібэральную скіраванасьць: палітык прапануе падтрымку прыватнага бізнэсу, мясцовага самакіраваньня, канстытуцыйную рэформу, вяртаньне падзелу ўладаў, прыватызацыю дзяржаўных СМІ. Міхалевіч выступае за пераўтварэньне Беларусі ў лідэра зялёнага руху кантынэнту і адмову ад будаўніцтва АЭС, прапануе адміністратыўную рэформу — скасаваньне абласьцей і ўвядзеньне 16 паветаў.

Сярод сацыяльных ініцыятыў Міхалевіча — прапанова забараніць вытворчасьць пладовых він.

«Тыя мужчыны, якія п’юць пладова-ягадныя віны, да электарату, на які я прэтэндую, на сёньняшні дзень не адносяцца».

Алесь Міхалевіч прапануе пашыраць сфэру выкарыстаньня беларускай мовы. Разам з тым свае праграмныя тэзісы ён прадстаўляў па-расейску.

«У эканамічнай галіне я выступаю за падвышэньне эканамічных свабод, прасоўваньне ідэй канкурэнцыі, стварэньне празрыстых і зразумелых правілаў гульні і спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату».

Алесь Міхалевіч заявіў, што не зьбіраецца праводзіць ніякіх перамоваў зь іншымі кандыдатамі, што ён прапануе не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны шлях разьвіцьця краіны і не займаецца падрыхтоўкай масавых пратэстаў на плошчы, як у 2006 годзе:

«Упэўнены, што першым крокам да зьменаў павінна быць электаральная перамога. Людзі павінны прагаласаваць. Калі ёсьць сацыяльная падтрымка, канвэртацыя гэтай падтрымкі ва ўладу можа адбыцца рознымі шляхамі».

Алесь Міхалевіч і яго каманда: Алесь Лукашэвіч, Кастусь Лукашоў, Ігар Драко, Данута Чыгір, Віктар Яўмененка.

Пасьля прэзэнтацыі спадар Міхалевіч пагадзіўся на бліц-інтэрвію для «Свабоды»:

Карэспандэнт: «Алесь, чаму для прэзэнтацыі абраная ратуша, які сэнс у гэтым?»

Міхалевіч: «Як я казаў, мы за мясцовае самакіраваньне, мы за адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, каб рашэньні прымаліся на мясцовым узроўні. А ратуша — гэта сымбаль мясцовага самакіраваньня».
Большасьць маёй кампаніі будзе адбывацца на расейскай мове. Расейская — гэта тая мова, на якой размаўляе большасьць жыхароў нашай краіны.


Карэспандэнт: «Чаму вы выступалі з прэзэнтацыяй сваёй праграмы на расейскай мове?»

Міхалевіч: «Большасьць маёй кампаніі будзе адбывацца на расейскай мове. Расейская — гэта тая мова, на якой размаўляе большасьць жыхароў нашай краіны».

Карэспандэнт: «Вашая праграма выразна лібэральная, чым яна адрозьніваецца ад праекту дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі па лібэралізацыі?»

Міхалевіч: «Я і мае экспэрты дапамагаюць сваімі парадамі і прапановамі ўладзе, мы робім усё магчымае, каб усё тое, што гучыць у маёй праграме, было прынята ўладай».

Карэспандэнт: «Ці прапануеце вы вольны продаж зямлі?»

Міхалевіч: «Так, мы за прыватную ўласнасьць на зямлю і яе вольны продаж».

Карэспандэнт: «…скасаваньне сьмяротнага пакараньня?»

Міхалевіч: «Пра гэта ў праграме не гаворыцца. На сёньня мы выступаем за мараторый на сьмяротную кару».

Карэспандэнт: «…далучэньне Беларусі да НАТО?»

Міхалевіч: «Мы за нэўтралітэт».

Карэспандэнт: «Далучэньне Беларусі да Эўразьвязу вы абумовілі геапалітычнымі варункамі, гэта значыць — пазыцыяй Расеі?»

Міхалевіч: «Зразумела, пазыцыя Расеі будзе таксама ўплываць. Але да таго моманту, пакуль мы ўступім у ЭЗ, пройдзе яшчэ вельмі шмат часу».

Апрача Алеся Міхалевіча, пра свой магчымы ўдзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах заявілі лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, лідэр Эўрапейскай кааліцыі Андрэй Саньнікаў, прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук.

У суботу пройдзе зьезд Партыі БНФ, якая зьбіраецца вылучыць свайго кандыдата, на панядзелак заплянаваная прэзэнтацыя праграмы кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП. Апрача таго, пра свой удзел у выбарах казалі лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч і дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG