Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Колас: трэба ахвяраваць уласнымі амбіцыямі дзеля агульнай справы


Рада беларускай інтэлігенцыі падрыхтавала дакумэнт пад назвай “Умовы правядзеньня прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі”. У падзагалоўку тлумачыцца, што гэта “Прагнозная ацэнка дзеяньняў рэжыму” падчас будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Некаторыя аспэкты дзейнасьці Рады ва ўмовах прэзыдэнцкай кампаніі патлумачыў яе старшыня, дырэктар Беларускага ліцэю, кінарэжысэр Уладзімер Колас.


Сярод іншага ў прагнозе сказана: “Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія пройдзе ва ўмовах рэпрэсій і спробаў запалохаць незалежнае грамадзтва. Кіроўны рэжым будзе падаўляць дэмакратычныя СМІ, праводзіць рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў – сябраў каманд апазыцыйных кандыдатаў, у тым ліку іх масавыя прэвэнтыўныя арышты напярэдадні галасаваньня па сфабрыкаваных абвінавачаньнях. У першую чаргу будуць ізаляваныя патэнцыйныя лідэры масавых пратэстаў. Актывізуецца антыдэмакратычная дзейнасьць спэцслужбаў. Дзяржаўныя СМІ, найперш тэлебачаньне, разгорнуць шырокую паклёпніцкую кампанію супраць апазыцыі...”

Абламейка: Вы пішаце, што прадухіліць такі змрочны варыянт разьвіцьця падзеяў можа кансалідацыя апазыцыі. Неяк у адной з нашых перадач вы сказалі, што Беларусі патрэбны адзіны апазыцыйны кандыдат? Як ён можа быць абраны, пры дапамозе якога мэханізму?

Колас: Усе, хто прэтэндуе на ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі, павінны ўсьведамляць менавіта гэтыя ўмовы, у якіх яна будзе праводзіцца, павінны разумець тое, што гэта не дэмакратычныя ўмовы, у якіх магчыма нармальная цывілізаванае дэмакратычнае спаборніцтва. Дзеля таго каб пераадолець гэты рэжым, трэба кансалідацыя, бо ўсе дзеяньні, якія зноў будзе ажыцьцяўляць кіруючая сыстэма, яны скіраваныя менавіта на тое, каб пасяліць у душы кожнага страх, пасяліць у душы кожнага ўсьведамленьне, што ён адзін, а ўсе астатнія сьпяваючы песьню Дунаеўскага ідуць да выбарчых участкаў і кідаюць у ўрны бюлетэні ў падтрымку гэтага рэжыму. Дзеля таго, каб людзі адчулі, што яны не адны, што так як яны думае большасьць, патрэбная кансалідацыя, і прыклад такой кансалідацыі павінен паказаць дэмакратычны актыў, і знакам для грамадзтва, што гэтая кансалідацыя магчымая, павінен быць вось гэты адзіны кандыдат як сымбаль кампрамісу, сымбаль пагадненьня, сымбаль яднаньня.

Абламейка: А вы сам, Уладзімер, зьбіраецеся вылучаць сваю кандыдатуру?

Колас: Не, я не зьбіраюся. Таму што я спрабаваў рабіць гэта ў мінулы раз і лічу, што двойчы ў тую самую раку ўваходзіць нельга. Па-першае, не атрымалася – значыць трэба займацца чымсьці іншым. Па-другое, нехта павінен узяць на сябе вось гэтую кансалідуючую ролю, нехта павінен паказаць прыклад ахвяраваньня ўласнымі амбіцыямі дзеля агульнай справы. Гэта мы імкнемся рабіць.

Абламейка: Ці супрацоўнічаеце вы з кампаніяй “Гавары праўду” і як наогул да яе ставіцеся?

Колас: Уладзімер Някляеў незадоўга да свайго арышту папрасіў аб сустрэчы і выказаў жаданьне ўдзельнічаць у нашым круглым стале. Да гэтага мы запрашалі яго на гутарку, як і іншых вядомых асобаў, якія падазраюцца ў тым, што яны маюць намеры вылучацца ў якасьці кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Больш ніякіх сумесных дзеяньняў нашай Рады інтэлігенцыі з кампаніяй “Гавары праўду” не ажыцьцяўляла, але некаторыя сябры Рады інтэлігенцыі, такія як Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, наколькі мы ведаем, атрымлівалі прапанову ўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах гэтай кампаніі і бралі ў ёй удзел.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG