Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў скаргі берасьцейцаў


Ірына Лаўроўская
Ірына Лаўроўская

З Камітэту правоў чалавека ААН прыйшло паведамленьне, што зарэгістраваныя скаргі чатырох актывістаў зь Берасьця — Ірыны Лаўроўскай, Дзяніса Турчыняка, Валера Фамінскага і Рамана Кісьляка.


Цяпер на працягу 6 месяцаў Беларусі даецца магчымасьць пракамэнтаваць гэтае паведамленьне паводле як зьместу, так і прымальнасьці. Далей магчымасьць камэнтаваць дадуць берасьцейскім актывістам, а пасьля зноў — дзяржаўным уладам. Пасьля гэтага Камітэт зможа прыступіць да разгляду гэтых скаргаў.

Пачаткам гэтай справы стаў помнік, пастаўлены з нагоды 1000-годзьдзя Берасьця, які выклікаў шматлікія спрэчкі ў грамадзтве.

Ірына Лаўроўская
распавядае, што яны зьвярнуліся да ўладаў з просьбай дазволіць пікет, каб растлумачыць людзям, што адбываецца, сабраць подпісы пад зваротам да ўладаў, каб пераасэнсавалі зьмест гэтага помніка і месца яго разьмяшчэньня. Аднак правесьці пікет у заяўленым месцы не дазволілі. Дазвол быў атрыманы на тое, каб правесьці яго на стадыёне «Лякаматыў» — у досыць аддаленым месцы.

«Адным з аргумэнтаў адмовы было захаваньне 50-мэтровай дыстанцыі, якое ня можа намі быць выканана. Але ўлады выкарыстоўваюць менавіта гэтае месца для правядзеньня школьных і сельскагаспадарчых кірмашоў. А мы атрымалі адмову», — распавядае спадарыня Лаўроўская.

У сувязі з гэтым была складзеная скарга ў суд, дзе актывістам было адмоўлена ў прэтэнзіях. І тады актывісты зьвярнуліся ў Камітэт правоў чалавека ААН і паведамілі аб парушэньні іх правоў на свабоднае выказваньне думак ды правядзеньне мірных сходаў, аб дыскрымінацыі па прыкмеце перакананьняў.

Юрыст і праваабаронца Раман Кісьляк перакананы, што разгляд гэтых паведамленьняў уздыме на міжнародны ўзровень праблему немагчымасьці грамадзянаў Беларусі выступаць публічна, выказваць сваю думку на пікетах, мітынгах, сходах.

«У гарадах ствараюцца рэзэрвацыі, і толькі там грамадзяне могуць праводзіць пікеты і мітынгі. Гэта абсалютна непрымальная сытуацыя, якая цягнецца шмат гадоў. Мы зьвярталіся ўжо паўсюль, і адзіная магчымасьць зараз — атрымаць камэнтар Камітэту правоў чалавека ААН, каб выправіць гэтую сытуацыю», — кажа спадар Кісьляк.

Паводле Рамана Кісьляка, Беларусь ужо атрымала гэтыя матэрыялы, і ўлады мусяць пачаць іх вывучэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG