Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"На кожнага ашмянца – па чатыры машыны"


Паводле дадзеных беларускай статыстыкі, кожны год у краіну ўвозіцца больш як 30 тысяч аўтамабіляў, якія былі ў карыстаньні за мяжой. Сёлета на хвалі ажыятажу, выкліканага чуткамі аб рэзкім падвышэньні з 1-га ліпеня увазнога мыта, гэта лічба была перавышана ўжо ў першым квартале.

Найбольшая колькасьць старых легкавікоў прадаецца ў рэгіёнах. Сёньня карэспандэнты "Свабоды" на месцах высьвятлялі сытуацыю, што склалася пасьля таго, як улады заявілі, што мыта падвышацца ня будзе.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Панічныя настроі ў аўтаперагоншчыкаў з Ашмянаў

Не збываюцца спадзяваньні жыхароў памежнага райцэнтру Ашмяны. Панічныя настроі тут у аўтаперагоншчыкаў.

На сёньня ў Ашмянах наліваецца ўжо па 4 аўтамабілі на чалавека — машынамі застаўлены літаральна ўсе двары. Іх звозілі з аўтамабільных рынкаў Вільні, Коўна ды іншых літоўскіх гарадоў. Былі спадзяваньні на добры прыбытак. У невялічкім раённым цэнтры іншую працу знайсьці даволі складана.

Цяпер, як распавядае мясцовы жыхар Леанід, аўтарынак стаў і ў Ашмянах. Некаторыя людзі папросту ў шоку, бо ня ведаюць, як цяпер вяртаць банкам крэдыты, а людзям — пазыкі:

Спадар: "Панабіраць то панабіралі машынаў, але кошт на іх падае. Хацелі людзі зарабіць вялікія грошы, але іх, відаць, зарабіць ня ўдасца. От, адзінае, што, можа, хоць нешта ды заробяць, і гэта нядрэнна…"

У ашмянца Сяргея Каўтуна няма спадзяваньняў, што бліжэйшым часам на мясцовым аўтарынку справы палепшацца:

"Я магу гаварыць пра гэта з поўнай перакананасьцю. Ужо ў Латвіі аўтамашыны патаньнелі на 200—300 эўра, перадусім самыя хадавыя маркі. Попыту ня будзе і ў нас — гэта адназначна".

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Падзеньне попыту на аўтамашыны гандляры тлумачаць тым, што ў людзей няма грошай, каб іх набываць


Упаў попыт на прыгнаныя з-за мяжы машыны і на Магілёўшчыне. Чаканых прыбыткаў перагоншчыкі не дачакаліся.

"Да пяці тысячаў машыны яшчэ ідуць, а вышэй — дужа цяжка. Зараз крэдыты стала нявыгадна браць, бо заробкі фактычна стаяць на месцы. Усё-ткі крызіс эканамічны адбіўся й на нас таксама. Цэны падаюць і яшчэ ўпадуць. Калі хочаце для сябе машыну набыць, то пачакайце", — мяркуе перагоншчык машын Генадзь.

Як сьцьвярджае спадар Генадзь, сытуацыя на аўтарынку застанецца няпэўнай яшчэ доўгі час:
Непрадказальны чалавек ва ўладзе. Можа быць што заўгодна ...

"У нас такі ўрад непрадказальны. Лягчэй у Афрыцы прадказаць, што будзе, чым у нас. Тры разы за нейкі месяц па БТ вось гэтую гістэрыку разьвялі. То так будзе, то так. Яны самі ня ведаюць, што будзе. Расея зноў нечым пакрыўдзіць. Пошлінамі якімі-небудзь… Непрадказальны чалавек ва ўладзе. Можа быць што заўгодна".

Адчуваюць падзеньне актыўнасьці й арганізатары бізнэс-тураў па машыны. Гаворыць супрацоўніца аднаго з агенцтваў, якое арганізуе паездкі ў Латвію.

"Мы запусьцілі іх у лістападзе. І ў нас быў попыт на іх. Мы зьбіралі кожныя тры тыдні па тры-чатыры чалавекі. Цяпер жа ўпаў гэты наплыў. Народ, відаць, хто хацеў, той сабе прыдбаў аўтамабіль. Цяпер я думаю, што ўсе чакаюць 1 ліпеня".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Патаньнела эўра, і гэта таксама б'е па кішэні перавозчыкаў"

Апошнім часам у Гомелі ня толькі на аўтарынках, але й на вуліцах і нават у дварах прыкметна паболела імпартных легкавікоў з абвесткай "Прадаецца".

Дасьведчаныя людзі сьцьвярджаюць, што прапанова на ўжываныя аўтамабілі, увезеныя з Эўропы, пачала перавышаць попыт.

Гаворыць спадар Генадзь, які апошнім часам далучыўся да ажыятажнага ўвозу легкавікоў у зьвязку з абвешчаным уладамі на пачатку году намерам падвысіць на іх мыта:

"Шмат нагналі — столькі, што нават цяжка выбраць. Прапанова перавышае попыт — цяжка прадаць. І зноў-такі — людзі за гэты год не пабагацелі, а хутчэй наадварот".

У спадара Генадзя "падвіс у паветры" францускі мінівэн маркі "Сітраэн" і "Рэно" 2001 году выпуску. Яшчэ адна праблема — патаньнела эўра, і гэта таксама б’е па кішэні перавозчыкаў.

"Дзяржаве гэта выгадна, бо яна ўжо зарабіла на мыце"

42-гадовы спадар Аляксандар, які таксама зьвязаны з аўтабізнэсам, лічыць, што на сытуацыі з ажыятажным завозам ужываных замежных аўтамабіляў зарабіла хіба толькі дзяржава:

"Завісла сытуацыя! Хто прадаваў, панабіраліся машын. Прадаюць іх нават тыя, хто гэтым раней не займаўся. За гэтыя паўгода, відаць, увезьлі столькі, колькі за два папярэднія гады ня ўвезьлі. У выніку рынак насычаны. Дзяржаве гэта выгадна: я думаю, на мыце яна ўжо зарабіла. А тыя, хто хоча нешта сабе купіць, чакаюць, калі кошты скінуць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG