Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь забясьпечаная "аўтахламам" на дзясяткі гадоў


У справаздачы перад Палатай прадстаўнікоў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі паведаміў, што мыта на ўвоз аўтамабіляў для фізычных асобаў застанецца на ранейшым узроўні і пасьля 1 ліпеня.

Дылеры вядучых аўтамабільных вытворцаў, якія ад пачатку году праводзяць мытнае афармленьне паводле новых тарыфаў, заяўляюць пра дыскрымінацыйную палітыку ўладаў. Прыватныя гандляры, якія набралі машынаў з разьлікам выгадна прадаць іх у Расеі, падлічваюць страты.

У асяродзьдзі аўтагандляроў гуляюць гісторыі пра тое, як "прафэсійныя" перагоншчыкі папрадавалі кватэры і на ўсе грошы накупілі машынаў — у разьліку на тое, што ад 1 ліпеня запрацуе Мытны саюз і можна будзе азалаціцца на перапродажы ў Расеі. Ажыятаж, які набыў шырокія маштабы з-за першапачатковай нявызначанасьці Менску, саступіў месца застою. Як кажа гандляр сталічнага рынку "Малінаўка", машынаў навезена столькі, што будзе праблемай "пераварыць" іх за бліжэйшыя 10—15 гадоў:
Зараз цэньнік пойдзе ўніз, іншага варыянту няма ...

"Рынак ліхаманіць ад новага году, дакладней, яшчэ ад леташняга лістапада. А апошнія два тыдні руху няма ніякага ўвогуле! Таму што людзей пастаянна пакідаюць у паўзе: маўляў, яшчэ нічога ня вырашана, усё ў стадыі вырашэньня. І калі ўжо сказалі, што сапраўды нічога ня зьменіцца для беларусаў, для фізычных асобаў, то тады ўсё супакоіцца канчаткова. Бо машын у людзей столькі, што яны ня ведаюць, куды іх падзець! Зараз цэньнік пойдзе ўніз, іншага варыянту няма. Вось толькі 1 ліпеня надыдзе, калі ўсё стане зусім зразумела, што нічога ня зьменіцца, надыдзе застой. Прапановаў будзе мільён, бо стаянкі, шчыра вам кажу, па ўсім горадзе перапоўненыя!"

Перанасычанасьць аўтамабільнага рынку адаб'ецца на і без таго сьціплых продажах у аўтасалёнах. Ад 1 студзеня мытныя тарыфы для юрыдычных асобаў падвысіліся ўдвая; цяпер машына ў прыватніка ў любым выпадку выходзіць таньнейшаю, чым у спэцыялізаванай краме. Інтарэсы юрыдычных асобаў прадстаўляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Генэральны дырэктар арганізацыі Людміла Шабанава лічыць, што палітыка ўладаў не зусім пасьлядоўная: з аднаго боку — клопат пра фізычных асобаў, але поўнае ігнараваньне інтарэсаў аўтамабільных кампаній:
каб зноў разьвіваўся легалізаваны рынак аўтамабільнага транспарту, павінна быць аднолькавая юрыдычная база, якая дзейнічала ў краіне да ўсіх гэтых зьменаў ...

"Я гэта даўно ўбачыла, ня толькі ўчора. Уважліва сачыла за паседжаньнем у Санкт-Пецярбургу 20 траўня, і ўжо 21-га фактычна ўсё было зразумела… А што да пазыцыі асацыяцыі, то яна не зьмянілася: дзеля таго, каб зноў разьвіваўся легалізаваны рынак аўтамабільнага транспарту ў Беларусі, павінна быць аднолькавая юрыдычная база, якая дзейнічала ў краіне да ўсіх гэтых апошніх зьменаў. То бок павінны быць роўныя ўмовы ўвозу і рэалізацыі аўтамабіляў для ўсіх суб'ектаў гаспадараньня — як для юрыдычных, так і для фізычных асобаў".

Карэспандэнт: "З боку дзяржавы ёсьць нейкія спробы зраўняць становішча?"

"Ня ведаю. Прынамсі, нас пра гэта не інфармавалі…"

Рэаліі аўтамабільных пляцовак і аўтасалёнаў — падобныя. Выбар у салёнах ёсьць, аднак кошты палохаюць пакупнікоў. На аўтарынках валам гандляроў і машынаў па прымальных коштах, але бальшыня людзей ужо паклапаціліся пра асабісты аўтапарк. Між тым нават у асяродку прыватнікаў няма поўнага даверу да чыноўніцкіх абяцаньняў захаваць сытуацыю "пад кантролем":

"Усе гэтыя заявы мытнага камітэту — што дакладна нічога ня зьменіцца, — магчыма, робяцца з мэтай стрымаць увоз. Тады народ сапраўды супакоіцца. Калі ўчора сказалі, што дакладна не памяняецца, я вас запэўніваю: у гэтыя выходныя будзе "мярцьвяк", нікому нічога ня будзе патрэбна. Толькі тыя, каму рэальна неабходна машына, прыйдуць. Але апошнія грошы з панчохаў даставаць, каб з 1 ліпеня машына зноў ня стала нязбыўнай марай на бліжэйшыя гады — такога ня будзе. А будзе вялы, амаль ніякі, рух. А 1 ліпеня ўлады ўсё роўна вырашаць, як захочуць. То бок гэтыя заявы могуць быць абсалютна папулісцкімі. Потым Шпілеўскі скажа: у мяне на той момант была адна інфармацыя, потым яна зьмянілася. Нават апраўдвацца ня будзе, бо ў гэтай краіне ніхто не апраўдваецца. Усё вырашыць подпіс прэзыдэнта".

Напярэдадні кіраўнік Фэдэральнай мытнай службы Расеі Андрэй Бельянінаў выказаў занепакоенасьць, што пасьля прадугледжанага скасаваньня 1 ліпеня мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы ў Расею хлынуць тысячы танных легкавікоў зь Беларусі. У зьвязку з гэтым ён ня выключыў перанос адмены кантролю на нявызначаны тэрмін. Зрэшты, як лічыць экспэрт Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава, небясьпеку беларускай экспансіі расейскі бок яўна перабольшвае:

"Я лічу, што ня можа гэтага быць у прынцыпе. Яны крыху згушчаюць фарбы, дый гэта пытаньне ўжо зусім зь іншай плоскасьці. Але я ўпэўненая, што ў расейскага боку ёсьць вельмі шмат бар'ераў, якія спынілі б (і, я перакананая, — спыняць) гэты гіпатэтычны паток".

Чыноўнікі не выключаюць, што захаваньне ранейшага мыта ўсё ж давядзецца "кампэнсаваць". У прыватнасьці, ня скінуты з разгляду варыянт, пры якім прадаць набыты паводле існуючых ставак аўтамабіль можна будзе не раней, чым праз 3 гады. У іншым выпадку трэба будзе выплаціць мыта паводле стаўкі як для юрыдычных асобаў.



Згодна з ацэнкамі спэцыялістаў, у Беларусі блізу 10 тысяч чалавек "прафэсійна" займаюцца ўвозам і продажам аўтамабіляў. У першым квартале практычна ўвесь аб'ём імпарту — амаль 98% — забясьпечылі прыватнікі. На хвалі ажыятажу яны прыгналі 44 тысячы аўто, што ўдвая больш, чым за такі ж пэрыяд летась. Юрыдычныя асобы за 3 месяцы ўвезьлі толькі 860 аўтамабіляў — у 20 разоў менш, чым у студзені-сакавіку 2009-га.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG