Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавыя службы кіраўнікоў Беларусі і Украіны абверглі інфармацыю пра нібыта заплянаваную на 28 траўня сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча.

Раней “Украінскія навіны” са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі Чарнігаўскай вобласьці паведамілі, што Лукашэнка і Януковіч сустрэнуцца ў Батурыне і падпішуць некаторыя дакумэнты.


Львоўскі візыт Януковіча: пакуль без пратэстаў


Сёньня прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч знаходзіцца ў Львове. У праграме сёньняшняга аднадзённага візыту– азнаямленьне з рэканструкцыяй міжнароднага аэрапорта “Львів” і іншых аб’ектаў, якія рыхтуюцца да фінальнай часткі чэмпіянату Эўропы па футболе 2012 году. Таксама Януковіч узяў удзел у пасяджэньні Рады рэгіёнаў.

Напярэдадні візыту чакалася, што ўжо ў аэрапорце Януковіча сустрэнуць пікеты ягоных палітычных апанэнтаў – аднак ніякіх акцый не было.


НАТА і Украіна: вучэньням -- так, сяброўству -- не


Міністар замежных спраў Канстанцін Грышчанка заявіў, што Ўкраіна будзе працягваць разьвіваць адносіны з НАТА, аднак пытаньне пра членства краіны ў гэтай арганізацыі здымаецца з парадку дня. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства нагадаў, што “ідэя членства Ўкраіны ў альянсе не карыстаецца падтрымкай большасьці ўкраінцаў і дэструктыўна ўплывае на эфэктыўнасьць зьнешняй палітыкі Украіны”, -- цытуе міністра УНІАН.

На мінулым тыдні Вярхоўная Рада прыняла закон, які дазваляе правядзеньне сумесных вучэньняў з НАТА (прадстаўнікі Партыі рэгіёнаў і Блёку Літвіна галасавалі “за”, камуністы – "супраць").

Вярхоўная Рада разгледзіць эканамічныя рэформы


Тым часам, на наступным тыдні Вярхоўная Рада прыступіць да разгляду пакету эканамічных рэформаў, прапанаваных Віктарам Януковічам. На думку кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Сяргея Лёвачкіна, некаторыя зь іх могуць сустрэць супраціў дэпутатаў-камуністаў. У іх ліку – пэнсійная рэформа, тарыфы на камунальныя паслугі і пытаньні зямельнага рынку. Спадар Лёвачкін не выключае, што могуць узьнікнуць складанасьці і з законам аб выбарах у мясцовыя органы ўлады.
XS
SM
MD
LG