Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візаві з Захадам: візы застануцца



Розэнкранц: Тады ўвесь сьвет турма

Гамлет: І гожая турма; дзе мноства сутарэньняў, цэляў ды завалаў, і Данія прытым — сярод найгоршых.

Уільям Шэксьпір. Гамлет

Канстанцін Чарнец
У Эўропу трапіць — задача для мэтанакіраваных, трывалых. Турфірмы марудзяць у сваіх пасярэдніцкіх намаганьнях, амбасады выглядаюць таямнічымі неадольнымі камяніцамі. Працаёмісты й нятанны занятак. І бестурботны выезд у якуюсь краіну Шэнгенскай зоны ў рэжыме «сёньня сплянаваў — назаўтра ў дарозе» — пакуль што летуценьне. Надоечы эўракамісар Штэфан Фюле чарговы раз запэўніў, што без задавальняючага разьвязаньня праблемаў з правамі чалавека вялікага энтузіязму з боку эўрапейскіх візаві чакаць ня варта.

На тле абвешчанага зьмякчэньня візавага рэжыму з боку ЭЗ для Украіны «стабільнасьць» беларускага становішча выклікае зьменшага тугу, бо нагадвае памежны стан Віні Пыха, які захраснуў на выхадзе з нары ў вольны сьвет. Ня есьці тыдзень — як ад згаданага пэрсанажа — ніхто не патрабуе: трошкі сьціпласьці й паваротлівасьці ў адносінах да неафіцыйнай актыўнасьці грамадзян было б напачатку дастаткова. «Візавы рэжым у дачыненьні да грамадзян Беларусі павінен грунтавацца на тых жа прынцыпах, што і для грамадзян астатніх краін», — казала старшыня Сталай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ніна Мазай на сваёй прэсавай канфэрэнцыі тыдзень таму назад, а пазаўчора спадар Фюле давёў, што менавіта так, павінен. Прынцыпы абвешчаныя, і… для нашай краіны, відавочна, непрымальныя.

Калісьці ў СССР магчымасьць чытаць, уведваць, што жадаеш, ды ехаць, куды пажадаеш — была недасяжным і збольшага высакародным імкненьнем сумленных людзей. І тыя, хто абяцаў задаволіць гэтае імкненьне, здабываў найлепшыя шанцы ў барацьбе за ўладу. Калі хлеб ужо нейкім чынам забясьпечаны й няма пагрозы для звычайнага дабрабыту, людзі пачынаюць жадаць прасторы. Расейцам лягчэй — вось як распасьціраецца іхная краіна, а нам дасталося месца хаця й утульнае, але, шчыра скажам, трошкі сьціслае.

Здаецца, нашыя ўрадавыя людзі зусім ня супраць таго, каб беларусы каталіся па цікавых замежжах.
«Беларусь у Эўропу!» — звыклы лёзунг апазыцыйнай «субкультуры». Але, здаецца, нашыя ўрадавыя людзі зусім ня супраць таго, каб беларусы каталіся па цікавых замежжах — тым больш рахмана будуць яны рабіць на бацькаўшчыне. Калі няма праблемы сесьці на аўтобус і выйсьці ў Варшаве, Празе, Бэрліне, то пачынае адчувацца, нібы ты ўсімі сваімі сацыяльнымі органамі — у Эўропе, дайшоў нарэшце да яе. І ўжо ня надта цікава — ці ўтварае Беларусь з заходнім сьветам нейкае арганічнае цэлае: эканамічнае й культурнае. Для сацыяльнай часьцінкі, асабліва калі яна маладая й спрытная, важная магчымасьць мабільнасьці — няхай пакуль «гарызантальнай». Рэчыва эўрапейскасьці паволі, драбінкамі нанеслася б на наш грунт, і сіняк правінцыйнасьці, які зараз памерам амаль з усю краіну, пачаў бы пакрысе разыходзіцца. Турцыя, Ізраіль, зь якімі межы робяцца пранікальнымі, — усё гэта добра, аднак недзе за паземам штодзённага досьведу. Вандроўка да такіх аддаленых геаграфічна й цывілізацыйна рэгіёнаў — падзея з шэрагу ўрачыстасьцяў, а Эўропа — такая блізкая, так вабіць абяцанкай пераўтварэньня звычайнага жыцьця ў нешта больш асэнсаванае…

Калі б тое, пра што колькі гадоў гаворыць апазыцыя, ажыцьцявіў наяўны «рэжым», ягоны стан неверагодна ўмацаваўся б. Бо дадатковыя затамкі заўсёды спрыяюць падтрымцы нутраной раўнавагі. Хто ведае, што рабілася б зь цяперашнім захадам Украіны, калі б галічане не прызвычаіліся зарабляць у прылеглых краінах? Хто прагне канчаткова вырвацца за мяжу, каб жыць і працаваць у іншым асяродзьдзі — таго аніякімі візавымі цяжкасьцямі не стрымаеш. Хто жадае застацца, для таго цяжкасьці з атрыманьнем аднаго з асноўных сымбаляў дабрабыту — свабодай вандровак — будуць крыніцай спакусы неяк паспрыяць зьмене цяперашняга рэжыму (візавага ў тым ліку). Аднак для большасьці палітыкаў вышэйшага эшалёну межы й зараз не праблема, таму зацяжка ім зразумець нуду й нецярплівасьць сваіх грамадзян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG