Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучоны-геоляг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, грамадзкі дзеяч. Нарадзіўся 7 сьнежня 1928 году ў Менску. У 1930-я, калі на сям'ю Гарэцкіх абрынуліся палітычныя рэпрэсіі, знаходзіўся ў высылцы ў Расеі. Пасьля зьняцьця абвінавачваньняў з бацькі, вядомага вучонага Гаўрылы Гарэцкага, скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут. У 1952-м прыняты ў Геалягічны інстытут Акадэміі навук СССР, дзе працаваў да вяртаньня сям'і ў 1971-м у Беларусь.У 1972-м абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1977-м абраны правадзейным членам АН БССР і прызначаны дырэктарам Інстытуту геахіміі і геафізікі АН БССР. З 1992-га да 1997-га быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук Беларусі. З 1993-га да 2001-га зьяўляўся прэзыдэнтам "Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“. Напісаў звыш пяцьсот навуковых працаў, уганараваны шматлікімі ўзнагародамі і прэміямі, аўтар дзьвюх кніг пра трагічны лёс сваёй сям'і і публіцыстычнага зборніка "Шляхам адраджэньня".


Што для вас свабода?

Воля, свабода – гэта самае галоўнае пачуцьцё, якое даецца чалавеку ад Бога, пачуцьцё, якім ён павінен ганарыцца і ўсяляк яго берагчы. Самае галоўнае – трэба быць вольным у душы і сэрцы, нягледзячы ні на якія сытуацыі.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Абмяжоўвае, на жаль, шмат што: і агульная сытуацыя ў краіне, і тое, што няма ў нас такога шырокага шчырага асяродзьдзя беларускага, і націск чынавенства, якое толькі камандуе і не прыслухоўваецца да разумных людзей. Гэта прыгнятае.


Што для вас шчасьце?


Шчасьце – гэта воля, любімая праца, любімая сям'я і мае сябры. Калі ўсё гэта разам ёсьць, то я шчасьлівы.


Чаго вы найбольш баіцеся?


Ранней я баяўся хваробы, яшчэ нечага такога, а цяпер, мне здаецца, я нічога не баюся.


Які талент вы хацелі б мець?

Вельмі шкадую, што ня ведаю многіх замежных моваў. Гэтага таленту мне не хапала.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Захапляюся тымі людзьмі, для якіх Беларусь – галоўнае. А калі пэрсанальна, то назаву найперш Васіля Быкава і Янку Брыля.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Чытаць – гэта самая прыемная работа. А на другім месцы ў гэтым сьпісе – зьбіраць грыбы.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Мусіць, нічога, апрача таго, што больш сур'ёзна паставіўся б да вывучэньня замежных моў.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Усе найлепшыя парады я атрымаў ад сваіх бацькоў. Гэта маё шчасьце, што ў мяне такія бацькі, якія давалі мне і стратэгічныя парады, і парады ў канкрэтных жыцьцёвых сытуацыях.


Які ваш улюбёны дэвіз?

"Не казацца, а быць!"


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай, незалежнай, багатай Беларусі.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У беларускай Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Тут чалавек ня можа выбраць, у якой давялося жыць, у такую і жыву. Але хацелася б зазірнуць сюды гадоў празь пяцьдзесят і пабачыць, што тут будзе. Я б з прыемнасьцю перакінуўся на пяцьдзесят гадоў наперад.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Найперш вярнуў бы канстытуцыю 1994 году і зрабіў так, каб законы былі для ўсіх законамі.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Мы павінны там быць.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Сяброўскія, але незалежніцкія.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатуры не павінна быць ніякай.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Я думаю, што яна зьменіцца досыць хутка, ну і спадзяюся, што яна зьменіцца нармальным, законным, эвалюцыйным шляхам.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі стане зусім іншая ўлада ў нас, не антыбеларуская, а беларуская. Як казаў Якуб Колас, начальства загаворыць па-беларуску і народ загаворыць. Будзе гэта, можа, тады, калі я празь пяцьдзесят гадоў убачу Беларусь, то ўбачу ўжо сапраўдную беларускую эўрапейскую Беларусь.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Зьнікне мова, зьнікне народ, зьнікне дзяржава.
XS
SM
MD
LG