Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шчыра прызнаюся: застаўся непрыемны асадак праз тое, як адбылася замена начальнікаў у крэсьле аблвыканкамаўскага старшыні. З выгляду нязрушны, манумэнтальны Уладзімір Саўчанка пацярпеў фіяска, але прычыны так нікому й невядомыя. Нешта непераканаўчае — што страціў пачуцьцё адказнасьці за свой участак работы — ніякай яснасьці не дадае. Першы, галоўны ўрок: ніхто ніякіх пытаньняў задаваць не павінен, пагатоў — патрабаваць дакладных адказаў. Добра, засвоілі. І гарадзенцы вымушаныя гаварыць — не хачу нічога
Першы, галоўны ўрок: ніхто ніякіх пытаньняў задаваць не павінен
ведаць пра сапраўдныя прычыны адстаўкі Саўчанкі або — называць пачутае ў тэлевізары. Часам, праўда, са скептычнай інтанацыяй.

Другі ўрок: людзей задаволіць любое тлумачэньне, самае нават незвычайнае. Скажуць, што заманулася капаць тунэль да Швэцыі — павераць ці, прынамсі, зробяць выгляд, прымуць да ведама. Бо, урок трэці: людзі самі па сабе, начальства — адпаведна, або ўлада адлучана ад народу, які ніякага рэальнага дачыненьня да яе ня мае. Карацей, як той казаў: у іх сваё вясельле, у нас сваё.

Дарэчы, вельмі трапна, калі гаварыць пра шлюбны дзень, у які Лукашэнка прывёз у аблвыканкам Шапіру — новага старшыню. Гарадзенцаў да гмаху ўлады не падпускалі на гарматны стрэл. Ачапленьне стаяла перад домам шлюбаў, да якога не пусьцілі аздобленыя вясельныя машыны, а людзям загадалі не сьмяяцца і не крычаць “Горка!”, бо ў напружаньні некалькі гадзінаў чакалі, калі да аблвыканкаму заруліць з аховай самы галоўны чыноўнік.

Народу выразна прадэманстравалі, што ўлада — гэта нібы сьвяты Грааль якісьці, да якога нават падысьці паспалітаму люду строга забаронена. А што ж такога сакрэтнага мела адбыцца ў аблвыканкаме? Шэсьцьдзесят новаабраных дэпутатаў абласнога савету павінны
Народу прадэманстравалі, што ўлада — нібы сьвяты Грааль, да якога нават падысьці паспалітаму люду забаронена.
былі “зацьвердзіць” кандыдатуру Сямёна Шапіры. Адзінагалосна! Хто б сумняваўся. Яны ж дагэтуль пад моцным уражаньнем ад зьнікненьня папярэдняга старшыні аблсавету Карпуця і цьмянай адстаўкі Саўчанкі. Кожны адчувае сябе нібы на ценькім лёдзе.

Урок чацьверты: лепей не задумвацца. Бо калі пачаць самастойна разьбірацца ў скупых тлумачэньнях наконт Саўчанкі, адразу трапляеш у тупік: што было першасным — тое, што ён ня справіўся, ці тое, што стан здароўя пагоршыўся? Незразумела. Усё, калі верыць дзяржаўнай прэсе, пры Саўчанку квітнела і пахла. І крызіс зубы зламаў, і СЭЗ “Гродна-інвэст” пашыралася і буяла. Вось пішуць, праўда, “Азот” сёлета за першы квартал у шэсьць разоў павялічыў прыбытак адносна пачатку 2009-га. Але прычым тут Саўчанка? Бо мінулым жа летам дырэктара “Азоту” Радзевіча прызначылі міністрам.

Насельніцтва, нагадаю, не выбірае кіраўніка гораду, вобласьці, раёну і на яго кандыдатуру ўплываць ніяк ня можа, яно нават ня ведае да апошняга моманту — каго яму прывязуць, хто будзе кіраваць ім, насельніцтвам. Маскоўскі багаслоў Кураеў (ён, дарэчы, нейк выступаў у Гарадзенскім унівэрсытэце) нядаўна сказаў: жыхары Расеі, на жаль, не зразумелі галоўнага ўроку сталінізму — стаўленьня да чалавека як да шрубкі. Мы бачым, што й чыноўнікі выкарыстоўваюцца таксама як тыя шрубкі.

Так, лёс чыноўнікаў непрадказальны. Памятаю, як Саўчанку прызначылі першым намесьнікам старшыні аблвыканкаму Дубко. Казус у тым, што кабінэт быў заняты, прызначыўшы Саўчанку, забыліся звольніць наяўнага першага намесьніка Дубко, які ні ў чым не правінаваціўся. Потым, дастаткова хутка вызвалілася і крэсла самога Дубко, які памёр ад сэрца. Так Уладзімір Саўчанка зрабіўся кіраўніком вобласьці, а ў выніку праблемы з сэрцам яго таксама не абмінулі (калі верыць пачатковаму афіцыйнаму тлумачэньню ягонай адстаўкі).

Што выклікае пэўнае зьдзіўленьне? Што Лукашэнку за час кіраваньня Саўчанкі бачылі хіба толькі аднойчы ў Горадні. Праўда, нібыта
Лукашэнку за час кіраваньня Саўчанкі бачылі хіба толькі аднойчы ў Горадні.
прыяжджаў калісьці ў хакей гуляць, але ніхто і не заўважыў, бо гульні гэтыя праходзяць у закрытым рэжыме. Зноў жа: некалькі разоў паведамлялася, што прыехала каманда са сталіцы і рыхтуецца прыезд галоўнага чыноўніка, выступ на нарадзе то ў аблвыканкаме, то ў драмтэатры. Але ён так і не прыехаў. Ці таму, што не любіў асабліва Саўчанку ці, наадварот, што — давяраў цалкам? Няма адказу.

Некаторыя гавораць: пад прэзыдэнцкія выбары Саўчанку вызвалілі з пасады. А чаму? Бо напэўна сапраўдныя лічбы не на яго карысьць. Вось, напрыклад, узяць апошнія “мясцовыя” — восемдзесят адсоткаў “нарысавалі”. Але людзі ў Горадні ня вераць у гэта, бо яны прыходзілі на свой участак пад канец галасаваньня і бачылі, што насупраць многіх прозьвішчаў не было росьпісаў. Адкуль жа восемдзесят адсоткаў? А што было насамрэч у апошнія прэзыдэнцкія? За каго галасавалі гарадзенцы? Саўчанка напэўна ж ведае. З аднаго боку, гэта ня мае для ўлады ніякага значэньня, лічбы яна малюе якія хоча. З другога, кагосьці можа раздражняць веданьне таго, за каго сапраўды галасуюць гарадзенцы. Дык можа і праўда — звольнены чыноўнік “страціў пачуцьцё адказнасьці за даручаны ўчастак”?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG