Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан: "Бясьпека Паўднёвай Карэі — непарушнае забавязаньне для ЗША"


Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Лі Мэн Бак і Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан
Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Лі Мэн Бак і Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан сёньня ў Сэуле запатрабавала, каб Паўночная Карэя спыніла "пагрозы" і "правакацыі". Адначасова Клінтан зьвярнулася да міжнароднай супольнасьці з заклікам даць належны адказ затапленьню паўднёвакарэйскага карабля паўночнакарэйскай падводнай лодкай у сакавіку.


Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што інцыдэнт з затапленьнем карвэта "Cheonan" 26 сакавіка, калі загінула 46 паўднёвакарэйскіх маракоў, давёў абедзьве Карэі на мяжу шырокамаштабнага вайсковага канфлікту.

– Лёсы нашых двух народаў былі зьвязаныя цягам дзесяцігодзьдзяў, – сказала Гілары Клінтан падчас сёньняшняй сустрэчы з паўднёвакарэйскім міністрам замежных справаў Ю Мэн Хванам. – Для Злучаных Штатаў бясьпека і сувэрэннасьць Паўднёвай Карэі зьяўляецца сьвятой адказнасьцю і непарушным забавязаньнем.

Паўночная Карэя адкідае абвінавачаньні, што гэта яе падводная лодка затапіла "Cheonan".

Сёньня паўночнакарэйская тэлевізія заявіла, што Пхэньян разрывае ўсе сувязі з Сэулам і касуе двухбаковую дамову ад ненападзе. Адначасова Пхэньян выдаў афіцыйную заяву, у якой прэзыдэнт Паўночнай Карэі Лі Мэн Бак і ягоныя міністры называюцца "маньякамі канфрантацыі", "падхалімамі" і "падпальшчыкамі вайны".

Назіральнікі, аднак, зьвяртаюць увагу, што, нягледзячы на гэтыя жорсткія заявы, Пхэньян пакуль што не закрыў так званага індустрыяльнага парку каля гораду Кэсон, дзе 120 паўднёвакарэйскіх малых і сярэдніх фірмаў даюць працу 40 тысячам паўночных карэйцаў. Індустрыяльны парк зьяўляецца важнай крыніцай даходаў для Паўночнай Карэі, і назіральнікі сьцьвярджаюць, што наколькі доўга ён будзе заставацца адкрытым, настолькі доўга ўсе пагрозы з боку Пхэньяну будуць заставацца толькі пагрозамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG