Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларусы запалоханыя і зацугляныя кантрактнай сыстэмай"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 26 траўня 2010 году

Прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі афіцыйна пакуль не абвешчана, але фактычна пачалася. Апазыцыйныя актывісты адзін за другім заяўляюць пра свае прэтэнзіі на лідэрства і гатовасьць заняць месца адзінага кандыдата ад аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Улада ж тым часам рэагуе на ажыўленьне непадкантрольнага ёй грамадзкага сэктару ўсё часьцейшымі затрыманьнямі, ператрусамі і арыштамі.

На тэму прэзыдэнцкіх выбараў, якія чакаюцца неўзабаве, — і значная частка нашай пошты апошняга часу. Вось якія думкі пра найбольш вартага апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта выказвае наш слухач Мікалай Куксо з Івянца Валожынскага раёну. Ён піша:

"У незалежных СМІ і некаторых апазыцыйных колах нярэдка крытыкуюць Мілінкевіча — нібыта ён нерашучы, а то і ледзь ня здраднік. Але ў сапраўднасьці іншага такога палітыка — адукаванага, дасьведчанага, адданага Бацькаўшчыне, вядомага за мяжой — у сёньняшняй Беларусі пакуль што няма. І праграма ў Мілінкевіча талковая — накіраваная на адраджэньне Беларусі.

Каб стаць сапраўднай нацыяй, патрэбна рэвалюцыя найперш у галовах нашага насельніцтва. Пакуль што беларускае грамадзтва, запалоханае і зацуглянае кантрактнай сыстэмай, знаходзіцца як бы ў стане летаргічнага сну.Толькі цяжкая ўпартая работа апазыцыі можа прывесьці да фармаваньня нацыянальнага сьветапогляду і пачуцьця гаспадара сваёй краіны. Дай Бог, каб падчас выбараў адбыўся гэты зрух у сьвядомасьці. Толькі тады можна спадзявацца на чаканыя перамены ў краіне. А пакуль у нас, як у маім вершы:

Чарка, скварка і хакей
Беларусам найважней.
Чарку выпіў, скварку зьеў
І хакею паглядзеў.
Ні пра што ня трэба думаць
(Гэтак Бацька наш прыдумаў).
Бо наш Бацька — карыфэй:
Ён хітрэй за ўсіх людзей"
.

Зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці, спадар Мікалай, адбываюцца не тады, калі гэтага хоча (ці ня хоча) апазыцыя. Чалавек найбольш давярае ўласнаму жыцьцёваму досьведу. Лёзунг "чаркі і скваркі" на працягу апошніх пятнаццаці гадоў у Беларусі, сапраўды, ажыцьцяўляўся і спрацоўваў. Скварка станавілася ўсё больш тлустай, чарка — поўнай і даступнай. І на хакейныя відовішчы дзяржава грошай не шкадавала. Іншая справа, якой цаной усё гэта дасягалася? Калі скончыліся патокі таннай расейскай нафты, калі Масква перастала фінансаваць стратную беларускую эканоміку — выявілася, што так званы "беларускі цуд" трымаўся на вельмі хісткім падмурку. Для беларуса адразу зрабіліся меней даступнымі і чарка, і скварка. І нават хакей неяк зьмізарнеў і стаў больш раздражняць, чым радаваць...

Тэма дыскрымінацыі працоўнага чалавека і даступнасьці "чаркі" ў Беларусі гучыць і ў лісьце Міхася Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну. Ён піша:

"Жыцьцё ў нашай краіне за апошні час ня толькі не палепшылася, а наадварот — ператварылася ў сапраўднае пекла. На працы работнікаў пераводзяць на кароткатэрміновыя кантракты (адзін год), ігнаруюць правы працоўных. Хто паскардзіцца ў вышэйшую ўстанову альбо проста паспрабуе адстойваць перад начальствам свае правы і гонар, з тым проста не працягваюць кантракт. Асабліва цяжка тым, каму за 50 гадоў. У такім узросьце знайсьці працу амаль немагчыма. Так стваральнікаў матэрыяльных, культурных, інтэлектуальных каштоўнасьцяў ператварылі ў маўклівых рабоў.

Вяртаецца рабочы чалавек з працы. Ля прыпынку — харчовая крама, за ёй адмыслова пастаўлены сталы — маўляў, для арганізацыі адпачынку працоўных. Вось народ і "адпачывае" — за бутэлькай таннага віна. Калі выпіўкі акажацца замала — па дабаўку далёка ісьці ня трэба. Нібыта ўсё прыстойна: ніхто нікому ў рот не залівае, а ўлада да гэтага ніякага дачыненьня ня мае. Так губіцца здароўе нацыі, прапіваюцца апошнія правы чалавека.

Асабіста я вельмі ўзрадаваны, што Аляксандар Мілінкевіч працягвае барацьбу за будучыню Беларусі. Прапаную яму ўключыць у перадвыбарчую праграму наступныя пункты. Па-першае — адмяніць сыстэму кароткатэрміновых працоўных кантрактаў. Па-другое, распрацаваць культурную, духоўную, адукацыйную праграму, асабліва для моладзі. І па-трэцяе, забясьпечыць бясплатную і даступную мэдычную дапамогу хворым на алькагалізм"
.

Ідэальны для любога аўтарытарнага рэжыму тыповы прадстаўнік электарату, напэўна, павінен выглядаць так: працоўную зьмену моўчкі паслухмяна стаіць за станком, а пасьля працы нясе з такой цяжкасьцю заробленыя рублі ў віна-гарэлачную краму. Кола інтарэсаў для такога суб'екта абмяжоўваецца рыльцам бутэлькі, палітыкай ён не цікавіцца, адміністрацыі баіцца, бо ўвесь час у яе "на кручку" з прычыны сваёй хваравітай залежнасьці. Дый жывуць такія асобы нядоўга: на пэнсію зь дзяржаўнай кішэні траціцца ня трэба. Адна бяда: разам з алькагольнай залежнасьцю найчасьцей страчваецца ня толькі цікавасьць да грамадзкіх праблемаў, а і здольнасьць да працы. А за кошт чаго тады ствараць дадатковую вартасьць ды напаўняць дзяржаўную казну, будаваць лядовыя арэны і праводзіць "Дажынкі"?

Наш слухач Мікола Дубоўскі зь Менску зьвярнуў увагу на тое, як асьвятляюцца грамадзка-палітычныя праблемы на дзяржаўным тэлебачаньні. У прыватнасьці, ён акцэнтуе ўвагу на нядаўна паказаным ток-шоў аб праблемах аховы здароўя. Слухач піша:

"Вядучы пільна сочыць, каб хто з прысутных не сказаў чаго недазволенага, непрыемнага для ўлады. Вось і ў гэтай тэледыскусіі, паказанай 26-га красавіка, сьвяцілы беларускай мэдыцыны зрабілі аднадушную выснову: хворыя на сэрца самі вінаватыя ў сваіх праблемах. Маўляў, шмат паляць, п'юць, не займаюцца фізкультурай, маюць лішнюю вагу... І чамусьці не прагучалі іншыя аргумэнты. Няўжо гэтыя хворыя — ворагі самі сабе? Ніхто не згадаў, якое было жыцьцё ў гэтых хворых — людзей пераважна сталага веку. А была ж вайна, акупацыя, падчас якой цярпелі і ад немцаў, і ад партызанаў. Потым — голад '46-га, '47-га і часткова '48-га гадоў. А цяжкая праца без аплаты? А бясхлеб'е, карткі і талёны на харчаваньне? А галоднае студэнцтва?

Чалавек клапоціцца аб здаровым ладзе жыцьця, калі для гэтага ёсьць умовы — дастатак, грошы, магчымасьці. У нас жа нічога гэтага няма. Шкада, што наша апазыцыя дагэтуль не знайшла глыбокіх аргумэнтаў, каб у такіх дыскусіях доказна пярэчыць сваім апанэнтам з боку ўлады"
.

Праблема ў тым, спадар Мікола, ці хочуць гэтыя ўладныя апанэнты слухаць тое, што кажуць ім людзі, якія не падзяляюць іхны пункт гледжаньня. Калі б хацелі — напэўна, знайшлося б месца ў тэлестудыі і для прадстаўнікоў апазыцыі. Але ўваход туды для апазыцыянэраў строга забаронены вось ужо амаль шаснаццаць год.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Міхась Булавацкі з Магілёва, паведамляе, што паступова асвойвае сучасныя сродкі атрыманьня інфармацыі. Ён піша:

"На пачатку 90-х здавалася, што патрэба ў дзейнасьці такога радыё ў Беларусі хутка адпадзе, бо мы выходзілі на шлях сапраўднай свабоды. Але гісторыя паказала нам вялікую дулю (можа, і заслужана). І сёньня Радыё Свабода побач з тэлеканалам "Белсат" і газэтамі "Народная воля", "Наша ніва" ды іншымі — як глыток сьвежага паветра для чалавека, які не забыў, што ён — беларус. Нізкі паклон вам за гэта.

Я ня маю магчымасьці слухаць Радыё Свабода, таму карыстаюся сайтам "Свабоды". У такім варыянце ёсьць і свае перавагі: напрыклад, можна глядзець фатаздымкі, якіх ня ўбачыш у радыёрэпартажах. Але маю намер у бліжэйшыя дні падключыць хуткасны інтэрнэт і, мяркую, мае стасункі са "Свабодай" пашырацца"
.

Актыўна асвойваюць інтэрнэт і многія іншыя нашы даўнія сябры, якія калісьці прарываліся на хвалю "Свабоды" праз шум і трэск радыёперашкод. Вось што піша, напрыклад, Генадзь Агафонаў зь Віцебску:

"Калісьці на прыймачы слухаў ваша радыё штодзённа, але цяпер вымушаны абмяжоўвацца інтэрнэтам. Зараз з настальгіяй зрэдзьчас праслухоўваю ўлюбёныя перадачы вечарамі дома".

Наступны ліст прыйшоў да нас з салдацкай казармы з Жодзіна, ад палітпрызыўніка Зьмітра Хведарука, пра якога мы ня раз расказвалі ў сваім эфіры. Зьміцер піша:

"Пішу ад сябе і яшчэ ад некалькіх сталых і ўдзячных слухачоў Вашае хвалі (няшмат іх, канечне, але ёсьць). Праўда, нядаўна нехта ўчыніў дывэрсію і радыёпрыймач давялося аддаць у майстэрню. Пакуль цягнецца рамонт, праслухоўваньне перадач "Свабоды" перапынілася. Але спадзяюся, што здольныя людзі выправяць сытуацыю і хвалі "Свабоды" зноў напоўняць мітусьлівую прастору казарменнага памяшканьня".

Кароткі ліст ад Івана Абрамовіча са Сьветлагорску — з парадамі і заўвагамі. Слухач піша:

"Адзначу, што эфір у апошнія тыдні стаў надзвычай зьмястоўным. Мае асабістыя парады: больш матэрыялу аб барацьбітах за Адраджэньне. Асабліва малавядомых — такіх, як мой зямляк Жылка.

Вы выдаяце DVD-дыскі, а я маю толькі касэтны магнітафон. Сучасная аўдыёапаратура — недасягальная мая мэта. Сорамна, але так...
"

Са словамі ўдзячнасьці зьвяртаецца да нас Уладзімір Чайкоўскі зь вёскі Новадзявяткавічы Слонімскага раёну:

"Дзякуй вам, што вы ёсьць, што кожны дзень можна пачуць праўдзівыя навіны, камэнтары, экспэртызы. Што можна слухаць песьні на роднай беларускай мове".

І на заканчэньне — кароткі ліст ад Аляксея Лапенкі зь Менску. Слухач зьвяртаецца з наступнымі прапановамі:

"Пажадана больш перадач па гісторыі Беларусі, у тым ліку па матэрыялах кнігі Вадзіма Дзеружынскага "Таямніцы беларускай гісторыі". Таксама хацелася б часьцей чуць па радыё выступы Зянона Пазьняка, Пятра Садоўскага, Юрыя Беленькага, Сяргея Антончыка. І куды, цікава, падзеліся такія змагары за незалежнасьць Беларусі, як Домаш, Ганчарык, Казлоўскі, Шарэцкі?"

Слушныя пытаньні і цікавыя прапановы, Аляксей. Да тых імёнаў, якія ў свой час часта гучалі на нашых хвалях у шматлікіх інтэрвію і рэпартажах, мы будзем пэрыядычна вяртацца, расказваць пра тое, як склаўся лёс герояў мінулых дзён.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG