Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Не, зразумела, клясык паліталёгіі нічога не пісаў пра абставіны звальненьня ў 2010 годзе кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму. Але некаторыя думкі, выказаныя ў свой час Максам Вэбэрам, тлумачаць сёе-тое ў гэтым звальненьні.

“Палітык у краіне толькі адзін”

Прадстаўляючы новага кіраўніка аблвыканкаму Сямёна Шапіру прэзыдэнт выказаў на адрас ягонага папярэдніка даволі дзіўныя абвінавачваньні:

"Выявілася адсутнасьць дакладнай стратэгіі ў максымальна эфэктыўным выкарыстаньні наяўных магчымасьцяў. У немалой ступені руху наперад перашкаджала і тое, што замест мабілізацыі людзей на ўстараненьне недахопаў Уладзімер Саўчанка вельмі балюча рэагаваў на крытыку (не ад прэзыдэнта, іншых), выжываў непажаданых яму кіраўнікоў. Але самае галоўнае — страціў пачуцьцё адказнасьці за даручаны ўчастак працы".

Можа, зразумела, ўсё сказанае – добрая міна пры кепскай гульні. Шматлікія крымінальныя справы супраць найбліжэйшых супрацоўнікаў
Звальненьне аднаго з высокіх кіраўнікоў са скандалам можа ў год выбараў даць эфэкт, адваротны жаданаму,
Ўладзімера Саўчанкі, загадкавасьць яго цяперашняга стану (знаходзіцца ён пад хатнім арыштам ці не) – ўсё гэта схіляе да думкі, што тлумачэньне можа быць надзвычай банальным: Беларусь не адзіная краіна ў сьвеце, дзе высокія кіраўнікі блытаюць уласную кішэнь з дзяржаўнай, і здараецца тое як у дзяржавах аўтарытарных, гэтак і ўзорна дэмакратычных. Але звальненьне аднаго з такіх высокіх кіраўнікоў са скандалам, выкрываньнем злоўжываньняў, публічным надзяваньнем кайданкоў можа ў год выбараў даць эфэкт, адваротны жаданаму, і ў вачах насельніцтва, і ў вачах кіроўнай эліты.

Але ў любым выпадку папрокі дзіўныя. Нават калі яны – прыкрыцьцё, а асабліва калі яны – сапраўдная прычына адстаўкі. У апошнім выпадку яны – яскравае дэманстрацыя межаў магчымасьцяў існай беларускай дзяржаўнай сыстэмы, ў якой, паводле выразу А.Лукашэнкі, “палітык толькі адзін”.

“Палітыка як пакліканьне і прафесія”

Вось менавіта на гэты конт Макс Вэбэр і пісаў у сваёй працы “Палітыка як пакліканьне і прафэсія” – пра розьніцу паміж палітыкам і чыноўнікам.

“Такім чынам, палітычны чыноўнік не павінен рабіць менавіта таго, што заўсёды і неабходным чынам павінен рабіць палітык - як правадыр, так і яго атачэньне, - змагацца. Бо прыняцьце якога-небудзь боку, барацьба, жарсьць - стыхія палітыка, і перш за ўсё палітычнага правадыра. Дзейнасьць правадыра заўсёды падпарадкоўваецца цалкам іншаму прынцыпу адказнасьці, прама процілегламу адказнасьці чыноўніка. У выпадку, калі (нягледзячы на яго ўяўленьні) вышэйшая ўстанова настойвае на загадзе, які ўяўляецца яму памылковым, справа гонару чыноўніка - выканаць загад пад адказнасьць таго, хто аддае загад, выканаць добрасумленна і дакладна, так, быццам гэты загад адпавядае яго уласным перакананьням: без такой ў вышэйшым сэнсе маральнай дысцыпліны і самаахвярнасьці разваліўся бы ўвесь апарат. Наадварот, гонар палітычнага правадыра, то бок кіруючага дзяржаўнага дзеяча, ёсьць выключная асабістая адказнасьць за тое, што ён робіць, адказнасьць, адхіліць якую ці скінуць яе з сябе ён не можа і не мае права. Як раз тыя натуры, якія ў якасьці чыноўнікаў высока стаяць у маральным сэнсе, з’яўляюцца кепскімі, безадказнымі ў палітычным сэнсе слова”.

Насамрэч сучасная дзяржава ня можа існаваць без чыноўнікаў, без няўмольных выканаўцаў правілаў, зададзеных ня імі, а ці законам ці/і воляй тых, хто стаіць над імі. І абвінавачваньні на адрас чыноўнікаў у няздольнасьці ўваходзіць у прыватныя абставіны, прыслухоўвацца да людзкога меркаваньня па сутнасьці недарэчныя, яна па сваім функцыянальным прызначэньні, па сваёй карпаратыўнай этыцы і не павінны таго рабіць.

“Апанэнты ня сьпяць”

Проста існуюць кіруючыя пасады, якія павінны займаць не чыноўнікі, а палітыкі. А вось калі “палітык у краіне толькі адзін”, то вынікі
Калі ўсе -- чыноўнікі, то яны і палітычныя праблемы вырашаюць па-чынавенску, гэта значыць, кепска.
такога становішча расхлёбвае ня толькі грамадзтва ў цэлым, але і ён таксама. Бо яму хацелася б, каб падначаленыя былі робатападобнымі выканаўцамі ягонай волі і разам з тым лідэрамі на тых пасадах, дзе лідэрскія здольнасьці патрабуюцца. Але М. Вэбэр 92 гады таму патлумачыў, што справа тут ня ў кепскіх здольнасьцях спадара Саўчанкі, а ў тым, што ў сучасным грамадзтве гэта немагчыма паводле вызначэньня. Калі ўсе -- чыноўнікі, то яны і палітычныя праблемы вырашаюць па-чынавенску, гэта значыць, кепска.

Тут таксама варта прыгадаць словы Анатоля Рубінава, які на гэтым тыдні заняў пасаду старшыні Савету Рэспублікі. Ён, выступаючы перад сябрамі Савету, папярэдзіў, што "апанэнты не сьпяць", успомніўшы кампанію Уладзіміра Някляева "Гавары праўду". Таму, па словах Рубінава, людзям трэба тлумачыць палітыку ўлады, "чаму робіцца так, а не інакш", каб людзі "былі ўпэўненыя ў правільнасьці курсу, які праводзіцца прэзыдэнтам". Але тлумачыць – гэта змагацца за ўладу, за яе захаваньне. А хто такія як сам спадар Рубінаў, гэтак і яго слухачы? Чыноўнікі. Ну ня іх тое справа. Іх пакліканьне – дасканала і дакладна выконваць загады, у прафэсійным пляне прынцыпова не абцяжарваючы сябе роздумамі пра іх правільнасьць. Не, загадана тлумачыць, дык і будуць, куды падзенуцца? Так і будуць. Як умеюць.

У гэтай несумяшчальнасьці роляў палітыка і чыноўніка – разгадка таямніцы, чаму сыстэмы, якія здаюцца непахіснымі, часам абрынаюцца, як карткавы дамок. Таму што калі прыходзіць час барацьбы, высьвятляецца, што на баку правадыра няма змагароў – усе чыноўнікі, усе прафэсійныя выканаўцы чужой волі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG