Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа пра сьцяг, якім актывіст парушаў грамадзкі парадак, працягваецца


Яўген Васьковіч

Яўген Васьковіч

Сёньня судзьдзя Бабруйскага суду Натальля Чарапуха аднавіла разгляд адміністрацыйнай справы супраць актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Васьковіча. Судовае паседжаньне было нядоўгім — каля гадзіны. Судзьдзя дапытала сьведку, які нібыта бачыў, як актывіст парушаў грамадзкі парадак на хакейным матчы ў Бабруйскім лядовым палацы.


Яўген Васьковіч: «Гэтага сьведку завуць Генадзь Раманавіч Кушнер. Яму сорак гадоў. Я яго ўпершыню пабачыў на судзе. Ягоныя паказаньні супярэчылі тым, якія зафіксаваныя ў міліцэйскім пратаколе апытаньня. Як высьветлілася, на хакейным матчы ён сядзеў на тым жа месцы, дзе сядзеў і я. У матэрыялах справы мой квіток ёсьць. Ён сьцьвярджаў, што ў той момант, калі ўсе заўзятары сядзелі й спакойна глядзелі хакей, толькі я адзін, стоячы, паводзіў сябе агрэсіўна. Я даводзіў суду, што Кушнер хлусіць, бо наагул на хакейным матчы, праўдападобна, яго не было».

Паказаньняў Генадзя Кушнера суд чакаў ад 11 траўня. У гэты дзень пачаўся судовы працэс. Сёньняшняе паседжаньне было ўжо чацьвёртым.

Заўтра разгляд справы працягнецца. Чакаецца, што суд заслухае паказаньні міліцыянта, які затрымліваў Яўгена Васьковіча. Міліцыянт сам з Магілёва й мусіць прыехаць у Бабруйск.

18 красавіка Яўгена Васьковіча затрымалі ў бабруйскім лядовым палацы на матчы юніёрскага першынства па хакеі Беларусь — ЗША. Туды ён прыйшоў зь бел-чырвона-белым сьцягам. Актывіста абвінавачваюць у тым, што ён «размахваў забароненай сымболікай, крычаў, паводзіў сябе з выклікам, чым парушаў грамадзкі парадак і спакой грамадзян». Актывіст не прызнае абвінавачаньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG