Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які лёс чакае Мытны саюз?


На трохбаковых перамовах прэм’ераў Беларусі, Расеі і Казахстану ў Санкт-Пецярбургу напрыканцы мінулага тыдня не ўдалося ўзгадніць пазыцыі па стварэньні Мытнага саюзу. Чаму праваліліся перамовы? Ці сталася Беларусь галоўным тормазам у стварэньні гэтага аб’яднаньня? Ці магчымы Мытны саюз у складзе Расеі і Казахстану безь Беларусі?


Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Тацьцяна Манёнак
Кірыл Коктыш
Валер Карбалевіч

Чаму праваліліся перамовы?


Валер Карбалевіч: «Падпісаньне дакумэнтаў аб стварэньні Мытнага саюзу ў лістападзе мінулага году адбылося ўрачыста. „Прынятае сёньня рашэньне можна назваць лёсавызначальным, як і рашэньне, прынятае ў свой час у Белавескай пушчы“, — сказаў тады з патасам Лукашэнка. Прайшло паўгода, і кіраўнікі ўрадаў вымушаныя канстатаваць, што стварыць Мытны саюз не атрымоўваецца. Перамовы, якія адбыліся паміж прэм’ерамі Беларусі, Расеі і Казахстану ў Санкт-Пецярбургу, скончыліся безвынікова. У чым прычыны правалу?»

Тацьцяна Манёнак: «Вы так апакаліптычна ацэньваеце гэтыя вынікі, амаль крыж ставіце на гэтым праекце. Думаю, гэта ня так. Пуцін напярэдадні гэтага паседжаньня заяўляў, што ў Санкт-Пецярбургу будуць падпісаныя ўсе дамовы і Мытны саюз запрацуе. Але для мяне было відавочна, што гэтага не адбудзецца.

Пуцін заявіў, што гэты праект перарос эканамічныя формы і становіцца геапалітычным. Аднак Беларусь і Казахстан разглядаюць Мытны саюз як праект, які найперш вырашае эканамічныя пытаньні.

Для Беларусі самае балючае пытаньне — гэта мыта на нафту і нафтапрадукты. Калі б Расея адмовілася ад гэтага мыта, то Менск зьняў бы пытаньне наконт мыта на аўтамабілі. Пасьля таго як была падпісаная дамова па нафце ў студзені, беларускія афіцыйныя асобы заяўлялі, што гэтыя правілы будуць дзейнічаць часова. Бо з 1 ліпеня, з увядзеньнем Мытнага кодэксу, Расея скасуе нафтавае мыта.

Аднак Расея не касуе мыта. Гэта павінна здарыцца пасьля стварэньня Адзінай эканамічнай прасторы, якая паводле пляну павінна пачаць працу з 2012 году. Пуцін прапанаваў гэтую структуру стварыць хутчэй».

Карбалевіч: «Вось спн. Манёнак без пэсымізму ацэньвае правал перамоваў, лічыць гэта цяжкасьцямі росту новай арганізацыі. Аднак прапанова ствараць хутчэй Адзіную эканамічную прастору выклікае сумненьне, гледзячы на тое, як ствараецца Мытны саюз».

Кірыл Коктыш: «Правал перамоваў быў запраграмаваны. Стварэньне Мытнага саюзу патрабуе доўгай карпатлівай працы па гарманізацыі эканомік трох краін. Але гэта не было зроблена. Цяпер трэба пачынаць спачатку. Афіцыйнаму Менску цяпер трэба па-новаму асэнсоўваць беларускія інтарэсы».

Ці магчымы Мытны саюз безь Беларусі?


Карбалевіч: «Расейскія мэдыі паведамляюць, нібыта Расея і Казахстан знаходзяць паразуменьне, а галоўным тормазам у стварэньні гэтага аб’яднаньня выступае Беларусь. Ці так гэта насамрэч? Калі так, то чаму?

Расейскія мэдыі прыводзяць выказваньне расейскага віцэ-прэм’ера Шувалава, што мы, маўляў, можам стварыць Мытны саюз у складзе Расеі і Казахстану, а Беларусь далучыцца тады, калі будзе гатовая. Гэта рэальны сцэнар ці сродак ціску на Менск?

Манёнак: «Я ня бачу сэнсу ствараць Мытны саюз толькі паміж Расеяй і Казахстанам. Гэта будзе дрэнным прыкладам для іншых краін СНД, якія, як плянуе Масква, павінны далучыцца да гэтага Мытнага саюзу. Гэтыя размовы — сродак ціску на Беларусь.

Напрыканцы гэтага году пройдуць цяжкія перамовы пра цэны на газ наступным годам. Менск гэта разумее, таму ў яго няма выбару.
У Расеі ёсьць рычагі ціску на Беларусь. Па-першае, гэта ўвядзеньне мыта на ўсю нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, без выняткаў. Па-другое, гэта ўвядзеньне мыта на газ для Беларусі. Напрыканцы гэтага году пройдуць цяжкія перамовы пра цэны на газ наступным годам. Менск гэта разумее, таму ў яго няма выбару. Ён ня будзе ляскаць дзьвярыма. Будуць працягвацца доўгія нудныя перамовы».

Коктыш: «Мытны саюз паміж Расеяй і Казахстанам цалкам магчымы. Па-першае, гэта дазволіць Расеі гарманізаваць гандаль вуглевадародамі. У выніку гэтага ўсе гульні з пастаўкамі касьпійскай нафты ў Эўропу ў абход Расеі спыняцца.

Па-другое, Казахстан — канкурэнт Беларусі ў гандлі з Расеяй. Там створаны амаль усе прадпрыемствы, якія ёсьць у Беларусі. Таму Казахстан цалкам можа замяніць Беларусь на расейскім рынку. Калі Беларусь будзе далучацца да саюзу Расеі і Казахстану пасьля, то яна будзе вымушаная прыняць іхнія ўмовы і ўплываць на іх ня зможа».

Складаная канструкцыя


Карбалевіч: «Калі гэты сцэнар са стварэньнем Мытнага саюзу Расеі і Казахстану будзе рэалізаваны, то атрымаецца цікавая сытуацыя. Сёньня дэ-юрэ і дэ-факта існуе Мытны саюз Расеі і Беларусі, заключаны яшчэ ў 1995 годзе. Ён жа існуе, хоць і ня ў поўным фармаце, з выняткамі, але яго ніхто не адмяняў. Цяпер Расея створыць яшчэ адзіны мытны саюз з Казахстанам. Адначасова Расея, як і іншыя ўдзельнікі гэтага працэсу, зьбіраецца ўступаць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. То бок Расея будзе ўдзельнічаць у трох розных гандлёвых мытных рэжымах, саюзах. Гэта вельмі складаная канструкцыя».

Манёнак: «Беларуска-расейскі Мытны саюз існуе толькі фармальна. У клясычным мытным саюзе не павінна быць ніякага мыта».

Карбалевіч: «Ня згодзен. Афіцыйна мытнай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй не існуе менавіта на падставе дамовы 1995 году».

Манёнак: «Стварэньне Мытнага саюзу Расеі і Казахстану для РФ прынцыпова нічога не мяняе. Расейскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што старэньне саюзу трох не павінна быць перашкодай на шляху ўступленьня ўсіх краін ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Думаю, будзе абвешчана, што з 1 ліпеня Мытны кодэкс уступае ў сілу з выключэньнямі. І потым пасьля тры краіны будуць узгадняць спрэчныя пазыцыі. Дамова з Украінай паводле прынцыпу „Газ у абмен на флёт“ сьведчыць, што Расея гатовая ісьці на саступкі толькі тады, калі партнэр ідзе насустрач».

Коктыш: «Трэба ўлічваць, што ўсясьветная эканоміка і палітыка перажываюць цяпер пэрыяд бурнай трансфармацыі. Адны інтэграцыйныя аб’яднаньні адміраюць, іншыя ўзьнікаюць. Таму сяброўства Расеі ў розных інтэграцыйных аб’яднаньнях можа стацца для яе і спрыяльнай акалічнасьцю. А якое аб’яднаньне будзе працаваць, прадказаць сёньня цяжка».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG