Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына актывісткі кампаніі “Гавары праўду!” тыдзень трымаюць за кратамі


Паводле санкцыі пракуратуры жыхар Менску Мікіта Матусевіч, які быў затрыманы падчас ператрусаў у кватэрах актывістаў кампаніі «Гавары праўду!», застанецца за кратамі. У кватэры Матусевіча былі знойдзеныя патроны, зброя і «наркатычнае рэчыва расьліннага паходжаньня».


Удзел Мікіты Матусевіча ў дзейнасьці кампаніі «Гавары праўду!» яго маці Валянціна Матусевіч лічыць вельмі сьціплым: некалькі разоў дзяжурыў як вартаўнік у офісе, сабраў некалькі подпісаў за перайменаваньне вуліцы Ўльянаўскай у вуліцу Васіля Быкава — вось і ўсё. Сябе ж жанчына называе паўнавартаснай актывісткай: актыўна зьбірала подпісы, раней удзельнічала ў закрытай уладамі жаночай партыі «Надзея». Але 18-га траўня, калі міліцыянты ўзламалі дзьверы ў іх кватэру, на пракурорскай пастанове аб ператрусе было пазначана імя сына. Тлумачэньня гэтаму Валянціна Матусевіч ня мае. У кватэры знайшлі патроны, нажы, дзьве адзінкі зброі, а яшчэ нейкую сухую траву ў пакунку, якую ў пратаколе пазначылі як «наркатычнае рэчыва расьліннага паходжаньня». Прэтэнзіі выставілі сыну. Зараз Мікіта Матусевіч па-ранейшаму ў ізалятары. Паводле Валянціны Матусевіч, пракурор даў санкцыю на затрыманьне на час праверкі паводле захаваньня наркатычных рэчываў.

Што насамрэч было знойдзена ў кватэры Валянціна і Мікіты Матусевічаў?

Валянціна Матусевіч дала «Свабодзе» падрабязнае тлумачэньне наконт кожнага з пунктаў сьпісу, складзенага міліцыянтамі. Пачала жанчына з патронаў, якія, як яна кажа, не баявыя, а вучэбныя:

Бабуля Мікіты працавала на катэдры крыміналістыкі БДУ. Дзеці былі малыя і гулялі з тымі патронамі.
«Бабуля Мікіты працавала на катэдры крыміналістыкі БДУ. Дзеці былі малыя і гулялі з тымі патронамі. Гэта вучэбны матэрыял, які ад яе застаўся. Там былі вучэбныя патроны ад вінтоўкі, пісталетаў ды аўтаматаў самых розных».

Падобная сытуацыя і з шасьцю адзінкамі халоднай зброі, знойдзенай у кватэры, кажа жанчына. Ад былога мужа Валянціны Матусевіч, юрыста паводле адукацыі, засталіся рэшткі калекцыі нажоў, якія сьледчыя запісалі як халодную зброю. Што да агнястрэльнай зброі, то гаворка ідзе пра пнэўматычны і газавы пісталеты, якія былі знойдзеныя ў кватэры. «Калі мы вінаватыя ў захоўваньні гэтых рэчаў, то гатовыя адказаць паводле закону», — кажа Валянціна Матусевіч.

Але як найбольш небясьпечную яна ўспрымае знаходку невялікага пакунка з сухой травой, запісанай сьледчымі ў разрад «наркатычных рэчываў расьліннага паходжаньня». Валянціна Матусевіч кажа, што сын пра гэтую траву нічога ня ведаў, а зьявілася яна ў доме гэтак:

«Я распавяла, што ногі баляць, не магу хадзіць. І адна бабуля мне кажа, што вось гэтую траву трэба заварваць і накладаць на ногі, і дапаможа».

Паводле Валянціны Матусевіч, яе сын пад ціскам сьледчых ужо нібыта прызнаў, што захоўваў гэтую траву, каб курыць. Жанчына лічыць гэта агаворам і баіцца, каб сына не прымусілі даць паказаньні, якія будуць потым выкарыстаныя супроць яго.

Што кажуць у кампаніі «Гавары праўду!» адносна сытуацыі вакол Мікіты Матусевіча? Калі я дазваніўся да лідэра кампаніі паэта Ўладзімера Някляева, ён сказаў, што яшчэ разьбіраецца з наступствамі ператрусаў і затрыманьняў і пакуль да камэнтару адносна Мікіты Матусевіча не гатовы:

«Я не адмаўляюся, але дакладна тое, што ён ня быў у нас актыўным валянтэрам. Я б пра гэта ведаў, бо сустракаўся з усімі менскімі валянтэрамі ня раз і яго ня бачыў. Магчыма, што ён і прыходзіў у офіс і мог сябе палічыць удзельнікам кампаніі».

Уладзімер Някляеў запісаў тэлефон Валянціны Матусевіч і паабяцаў зь ёй стэлефанавацца.

Атрымаць камэнтары да справы Мікіты Матусевіча ў прэсавай службе МУС не ўдалося: кіраўніцтва службы занятае на нарадзе ў міністра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG