Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта трымаць карову, калі жывём пры камунізьме?”


На адной з вуліц у Квасоўцы

На адной з вуліц у Квасоўцы

Аляксандар Лукашэнка абвясьціў нядаўна пра новую праграму падтрымкі прыватных гаспадарак. Ён заявіў, што сам заўзяты прыхільнік іх разьвіцьця і нават трымае ўласную карову. Наш карэспандэнт пабываў у адным з найлепшых на Гарадзеншчыне сельгасвытворчых каапэратываў, дзе ўласных кароў не трымаюць. І пацікавіўся, як людзі паставіліся да новае праграмы Аляксандра Лукашэнкі.


Сельгасвытворчы каапэратыў «Кастрычнік-Гродна» — найбольш сучасная гаспадарка ў вобласьці. Тут замежныя трактары і камбайны, галяндзкія кароўнікі, перапрацоўчыя мяса-малочныя цэхі, асфальтаваныя дарогі і ходнікі ў цэнтральнай сядзібе, што ў вёсцы Квасоўка.

Валун з надпісам у цэнтры Квасоўкі.

Найбольш зьдзівіла тое, што ў прыватных гаспадарках на тэрыторыі СВК наагул няма кароў. У лепшым выпадку людзі трымаюць аднаго-двух парсючкоў, курэй, гусей, і то ня ўсе.

Вось што наконт гэтага кажа мне першая стрэчная спадарыня:

Спадарыня: «Нам збудавалі аграгарадок, тут і кавярня, і сталоўка, і крамы добрыя, і заробкі высокія».

Карэспандэнт: «А колькі вы атрымліваеце?»

Спадарыня: «У мяне недзе 500 тысяч, а ёсьць, што і 700 і нават мільён…»

На адной з вуліц у Квасоўцы

Аднак галоўная прычына ў іншым: аказваецца, калгасьнікі і пэнсіянэры атрымліваюць дармовае малако, мяса і нават хлеб.

Спадарыня: «А нам даюць 20 літраў малака, хлеб, батоны, па 5 кіляграмаў мяса на месяц».

Другая спадарыня: «А яшчэ 25 кіляграмаў мяса на дзень нараджэньня кожны год даюць. Што, мала?»

Карэспандэнт: «Але ж 20 літраў малака ў дзень надойваюць ад самай звычайнай каровы…»

Спадарыня: «Нам хапае…»

Спадар: «Нават бульбу я не саджу, бо атрымліваю ў калгасе».

Падобная сыстэма ў гаспадарцы была ўсталяваная ў другой палове 90-х гадоў колішнім старшынёй калгасу, героем сацыялістычнай працы Віталём Крамко. Ён, дарэчы, ужо памёр, і зараз СВК узначальвае ягоны сын.

Помнік былому старшыні СВК Віталю Крамко побач з галоўнай сядзібай у цэнтры Квасоўкі.

Адзін спадар распавядаў, што Віталь Крамко рабіў гэта з той мэтай, каб калгасьнікі больш аддаваліся працы і каб уласная гаспадарка ім у гэтым не замінала. Дарэчы, людзі добра яго ўзгадваюць.

Праўда, маладзейшая спадарыня кажа, што моладзь гэта не затрымала ў вёсцы, а ў новых дамах жывуць пераважна прыежджыя.

Спадарыня: «Затрымліваюцца ў нас толькі прыежджыя, а са сваіх толькі сталыя людзі. Моладзь пазьяжджала ў горад і ўжо не вяртаецца, бо тут і працы няма, дзе ж яны тут будуць што рабіць?»

І ў Квасоўцы, і ў суседніх Гарнах са сталых людзей пераважна толькі жанчыны, гаспадароў ужо няма.

У вёсцы Гарны жывуць пераважна пэнсіянэры

Яны ўзгадваюць, што нікога не прымушалі адмаўляцца ад кароў, а тыя, хто ўсё ж не жадаў, вымушаныя былі адмовіцца з прычыны таго, што загаралі ўсе выганы. Большасьці, аднак прыйшлося даспадобы, што малако і мяса пачалі даваць задарма. Праўда, з настальгіяй і зараз узгадваюць сваіх каровак, цялушак…

Пытаюся — ці пагадзіліся б зноў аднавіць прыватную гаспадарку і трымаць кароўку?

Спадарыня: «Не, не, ужо гады такія, што не…»

Маладая спадарыня: «У нас даюць малако дармовае, хлеб, мяса — і навошта нам гэта? У нас ужо камунізм настаў…»

І яшчэ адна сталая спадарыня дадае:

Спадарыня: «Гэта ўсё таму, што наш старшыня такі добры і зрабіў такі калгас, і нас корміць, нам усё дае. А памрэш, таксама дае, і слава Богу, што Бог дапамагае нашаму старшыні».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG