Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дойдзе азэрбайджанская нафта да Беларусі?


Алі Цеймур аглы Нагіеў

Алі Цеймур аглы Нагіеў

Магчымасьці транспартаваньня азэрбайджанскай нафты ў Беларусь абмяркуюць кіраўнікі дзьвюх краін. Пра гэта паведаміў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Азэрбайджану ў Беларусі Алі Цеймур аглы Нагіеў. Ён сказаў, што візыт беларускага лідэра ў Баку адбудзецца «празь некалькі дзён».

Амбасадар Азэрбайджану прывёў наступныя лічбы: таваразварот паміж дзьвюма краінамі летась склаў 125 мільёнаў даляраў. А кіраўнікі дзяржаў лічаць, што гэтая лічба павінна ўзрасьці да 500 мільёнаў. Найбольш пэрспэктыўны шлях тут — супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры, у прыватнасьці — закупы азэрбайджанскай нафты ды ўдзел беларусаў у яе здабычы.

Спадар Нагіеў таксама паведаміў: над гэтым пытаньнем цяпер інтэнсіўна працуюць экспэрты абедзьвюх краін:

«Пачынаючы зь Міністэрства прамысловасьці Азэрбайджану, Міністэрства эканомікі, нафтавай карпарацыі, і заканчваючы беларускімі экспэртамі. Я выказваю пазыцыю сваёй краіны — тут трэба знайсьці пункты сутыку, каб гэта было выгадна і для Беларусі, і для Азэрбайджану».

Разам з тым амбасадар даў зразумець, што разьлічваць на ільготы не выпадае:

«Азэрбайджан узяў шлях на дывэрсыфікацыю паставак сваіх энэрганосьбітаў на міжнародны рынак. Аднак гэтае пытаньне будзе вырашацца не насуперак нашым эканамічным інтарэсам».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі згадвае: азэрбайджанская нафта можа паступаць у Беларусь альбо праз Расею, альбо праз Украіну:

«Азэрбайджанская нафта ня будзе прадавацца Беларусі па нейкай спэцыяльнай цане, а толькі па тых коштах, якія існуюць на ўсясьветным рынку. І казаць, што яе выгадна набываць, што яна будзе таньнейшая за расейскую, — гэта ня так.

А на пытаньне, ці дойдзе гэтая нафта да Беларусі, сёньня рэальнага адказу няма. Паміж краінамі пралягае, напрыклад, Украіна. І тэхнічна дастаўка нафты ў Беларусь сёньня, на мой погляд, вельмі складаная і малаверагодная».

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў апошні раз наведваў Беларусь летась, у кастрычніку. Ужо тады ішла размова пра азэрбайджанскую нафту для Беларусі. Але на беларускія заводы яна пакуль не патрапіла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG