Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле заявы загадчыка аддзелу спорту і турызму Талачынскага райвыканкаму Ўладзімера Шашалевіча сёньня коханаўскага актывіста Мікалая Петрушэнку выклікалі ў міліцыю па тлумачэньні.


Як высьветлілася, Талачынскі РАУС праводзіць праверку фактаў, выкладзеных у заяве чыноўніка. Той вінаваціць актывіста ў публічным паклёпе праз СМІ, маючы на ўвазе артыкул «Даёшь гласность доходов чиновников» (PDF).

Артыкул быў надрукаваны ў газэце «Витебский курьер» ад 1 красавіка. Напісаў яго Мікалай Петрушэнка, прысьвяціўшы перадвыбарчым падзеям. У прыватнасьці, таму факту, што талачынская ды іншыя раённыя газэты не зьмясьцілі інфармацыі пра гадавыя прыбыткі кандыдатаў у дэпутаты.

Спадар Петрушэнка напісаў, што яго як жыхара Талачынскага раёну і грамадзяніна-выбарца дужа цікавяць прыбыткі прэтэндэнтаў. Да прыкладу, былога старшыні райвыканкаму Аляксандра Марэйкі, ягонага намесьніка Георгія Мурашкі, а таксама загадчыка аддзелу спорту і турызму Ўладзімера Шашалевіча — тым болей што бухгальтарку гэтага аддзелу летась асудзілі на 7 год за раскраданьне дзяржаўных сродкаў. «А яе кіраўнік выйшаў з гэтай гісторыі зь незаплямленай рэпутацыяй і паўторна ідзе ў дэпутаты райсавету», — гаворыцца ў артыкуле, які спадар Шашалевіч лічыць паклёпніцкім.

Мікалай Петрушэнка кажа, што вынікі праверкі паведамяць заяўніку, які павінен прыняць рашэньне — ці патрабаваць з аўтара артыкула судовага спагнаньня. Калі Ўладзімер Шашалевіч будзе настойваць, то матэрыялы перададуць у пракуратуру, якая вырашыць, ці заводзіць супраць Мікалая Петрушэнкі крымінальную справу, ці не.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG