Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сярод тых, хто сустракаў актывіста "Маладога фронту" Арцёма Дубскага каля брамы магілёўскай турмы, былі людзі, якія таксама калісьці адседзелі за кратамі за сваю палітычную дзейнасьць. Як склаўся лёс тых палітвязьняў, якія трапілі ў турму ў маладым узросьце.

Па-рознаму склаўся лёс былых палітвязьняў. Адны зьехалі зь Беларусі ў эміграцыю, іншыя засталіся тут і не спынілі грамадзкую дзейнасьць.

Аляксей Шыдлоўскі і Вадзім Лабковіч сталі палітвязьнямі ў 1997 годзе. Іх абвінавацілі ў злосным хуліганстве, зьдзейсьненым з асаблівым цынізмам. Падставай для крымінальнай справы сталі графіці палітычнага зьместу ў Стоўбцах. На грамадзкай прыбіральні было напісана фарбай: "Палац прэзыдэнта", а таксама лёзунгі: "Жыве Беларусь".

Вадзім тады быў школьнікам, і яго пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Да суду трымалі ў сьледчым ізалятары.

Аляксей Шыдлоўскі
Аляксей Шыдлоўск
і выйшаў на волю ў 1999 годзе. Ён быў абраны намесьнікам старшыні "Маладога фронту", а потым быў адным зь лідэраў руху "Зубр". У 2001 годзе за палітычныя графіці быў пакараны двума гадамі пазбаўленьня волі, але ўмоўна.

Да суду ён быў студэнтам журфаку БДУ. Але аднавіцца на вучобе яму не ўдалося. Адлічылі яго й зь недзяржаўнага ўнівэрсытэту.

"32 гады мне цяпер... Ня той узрост, каб вучыцца. У Беларусі я працаваў як вольны журналіст. З-за крымінальнай справы ў 2008 годзе я зьехаў на мяжу. На станцыі мэтро "Пушкінская" я сарваў партрэт Лукашэнкі. Мяне затрымлівалі, і я адбіваўся. У выніку мне пагражала да 10 гадоў.

Вось забраў жонку і котку і зьехаў у Прагу. Працы сталай ня маю. Час ад часу прадаю нейкія сувэніры на пляцы. Хачу дадому, але пакуль не магу".

Вадзім Лабковіч
Вадзім Лабковіч
пасьля заканчэньня школы, нягледзячы на прысуд, удзельнічаў у дазволеных уладамі вулічных акцыях. Ён вучыўся ў недзяржаўным унівэрсытэце і працаваў, каб плаціць за вучобу, ажаніўся і цяпер жыве і працуе ва Ўкраіне.

Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч трапіў за краты ў 2006 годзе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Ён выйшаў на волю ў 2008 годзе.

"Адміністрацыйныя арышты адбываў, і мне пагражалі новымі "крыміналькамі". Але мне было зразумела, што трэба рухацца гэтым шляхам. Я атрымаў дыплём па спэцыяльнасьці "Беларуская філялёгія і літаратуразнаўства" Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Натуральна, што з такой біяграфіяй, як у мяне, цяжка ўладкавацца на працу. Я зьяжджаць зь Беларусі не зьбіраюся і спыняць сваю дзейнасьць таксама, нягледзячы на ўсе перасьледы, выкраданьні, якія адбываюцца са мной і з маімі паплечнікамі".

Артур Фінькевіч
Лідэр руху "Маладая Беларусь" Артур Фінькевіч
трапіў за краты 31 студзеня ў 2006 годзе. Палітычныя графіці напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі абышліся яму ў два гады зьняволеньня. Пасьля турмы Артур паступіў вучыцца ў ЭГУ, што ў Вільні.

"Я займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Калі спрабаваў уладкавацца на працу, то калі даведваліся, што я сядзеў у турме за палітыку, мяне ня бралі працаваць. Працадаўцы ня хочуць для сябе праблемаў".

Літаральна за пару тыдняў да арышту Артура Фінькевіча ў сьледчы ізалятар трапіў лідэр іншай арганізацыі, якая таксама называецца "Маладая Беларусь", Зьміцер Касьпяровіч.

Зьміцер Касьпяровіч
"Я займаўся той жа справай, якой займаўся й раней — арганізацыяй краязнаўчых падарожжаў па Беларусі і за яе межамі. Гэта ад Таварыства аховы помнікаў. Я ажаніўся, маю дачку Паліну. Ёй 2 гады і 3 месяцы.

У 2005 годзе я скончыў Інстытут культуры і мастацтва і працую па сваёй спэцыяльнасьці".

Лідэр кампаніі "Ініцыятыва" Андрэй Кім быў фігурантам "справы 14-ці". Ён трапіў за краты 21 студзеня 2008 году, а на волю выйшаў праз 7 месяцаў, калі Аляксандар Лукашэнка выпусьціў палітвязьняў аднаго за адным падчас перамоваў з Захадам наконт гандлёвых прэфэрэнцый.

Андрэй Кім
"Тое, што я хацеў рабіць, я й раблю. Тое, чым я марыў займацца, — разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці — я гэтым і займаюся. Але калі казаць рэальна пра магчымасьці, то іх стала менш. Стала цяжка ўладкавацца на працу. Ёсьць пэўны імідж. Чыноўнікі калі чуюць, што я сядзеў, то адразу нэгатыўнае стаўленьне. Таму, канечне, гэта крыху перашкаджае. Але турма была вялікай школай жыцьця, таму я не шкадую".

Сьпіс маладых людзей, якія трапілі ў жорны рэпрэсіўнай машыны ад 1995 году, налічвае тысячы прозьвішчаў. Гэта няспынныя затрыманьні і арышты за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. Ператрусы і канфіскацыі сьцягоў, улётак, сымболікі сталі нормай для маладых людзей, і яны нават не абскарджваюць дзеяньні ўлады. Толькі за ўдзел у студзеньскіх акцыях апазыцыі на так званую "хімію" трапілі 13 моладзевых актывістаў. Пры гэтым невядома ніводнага выпадку, каб нехта зь іх адмовіўся ад прынцыпаў і назваў свае ўчынкі "памылкамі маладосьці".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG