Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны Януковіч заявіў, што Ўкраіна не прызнае прэтэнзіяў Расеі на валоданьне ўсёй маёмасьцю былога СССР за мяжой. Менск маўчыць.

“Мы ня бачым на сёньняшні дзень рашэньня. Мы ніколі не прызнаем гэтага. Мы лічым, што яна (маёмасьць) павінна быць падзеленая паміж краінамі. А як гэта зрабіць, мэханізму пакуль ня знойдзена” – цытуе агенцтва УНІАН словы прзыдэнта Украіны Віктара Януковіча.

Заява Януковіча прагучала ў адказ на словы кіраўніка справамі прэзыдэнта РФ Уладзімера Кожына, які выказаў спадзяваньне, што Украіна пагодзіцца на перадачу Расеі ўсёй маёмасьці былога СССР за мяжой – паколькі “Расея прыняла на сабе ўсе запазыкі саюзных рэспублік і выплаціла іх цалкам”.

Дамоўленасьць аб пераходзе маёмасьці былога СССР за мяжой (гэта будынкі дыпляматычных місіях, гандлёвых прадстаўніцтваў і інш. больш чым у сотні краінаў) пад юрысдыкцыю Расеі была дасягнутая на сустрэчы кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік у Алма-Аце ў канцы сьнежня 1991 г. Вось як піша пра гэта ў сваіх успамінах тагачасны міністар замежных спраў Беларусі Пётра Краўчанка:

“У асноўнай частцы алма-ацінскага саміту, якая праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, удзельнічалі толькі першыя асобы рэспублік – кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Астатнія члены дэлегацый чакалі вынікаў перамоваў у іншым памяшканьні. Пасьля завяршэньня сустрэчы да беларускай дэлегацыі выйшаў Станіслаў Шушкевіч і распавёў пра прынятых рашэньнях. Як бы паміж іншым ён адзначыў, што па просьбе Барыса Ельцына ўсе ўдзельнікі саміту пагадзіліся прызнаць Расею правапераемніцай Савецкага Саюза у Радзе Бясьпекі ААН і ўласьнікам ядзернай зброі. Мы адчулі сапраўдны шок. Выходзіла, што Шушкевіч нас проста здаў! Здаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, якая адным махам пазбавілася галоўных козыраў на перамовах з Расеяй – аб падзеле ўласнасьці былога Саюза. Канешне, ён ня меў права прымаць такія рашэньні, не параіўшыся з усім складам дэлегацыі. Не даводзілася сумнявацца, што цяпер мы не атрымаем ад Ельцына нічога! Памятаю, як я накінуўся на сьпікера, спрабуючы патлумачыць яму, што ён нарабіў, але Шушкевіч у адказ мармытаў нешта няўцямнае... Другім чалавекам у нашай дэлегацыі, які цалкам усьвядоміў увесь драматызм сытуацы, быў мой даўнішні апанэнт Зянон Пазьняк. Ён спахмурнела назіраў за нашай перапалкай і, сумна ўздыхнуўшы, вымавіў такую фразу: -- “Шушкевіч не клапоціцца аб дзяржаўных інтарэсах Бацькаўшчыны!” (Пётра Краўчанка, «Беларусь на распутье, или Правда о Беловежском соглашении», «Время», Масква, 2006, стар. 185-186).

Дададзім, што на момант дасягненьня дамоўленасьцяў у Алма-Аце Беларусь як сувэрэнная краіна, якая аднавіла сваю незалежнасьць 25 жніўня 1991 г., ніякіх запазыкаў ні ў іншых дзяржаў, ні ў міжнародных фінансавых арганізацыяў ня брала.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG