Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія "матылькі" зьбіраюцца даляцець да фіналу "Эўрабачаньня"


Сёньня ў сталіцы Нарвэгіі афіцыйна стартуе 55-ы сьпеўны конкурс "Эўрабачаньне-2010". У Осла прыехалі прадстаўнікі 39 эўрапейскіх дзяржаў, уключна зь Беларусьсю.


Беларускі квінтэт "3+2" выступіць пад 16-м нумарам у першым паўфінале з конкурснай песьняй "Butterflies" ("Матылькі"). Другі паўфінал адбудзецца 27-га, а 29 траўня на сцэну найбуйнейшай у Паўночнай Эўропе "Тэленор-арэны" выйдуць найлепшыя.

Шанцы маладога калектыву "3+2" на пасьпяховы выступ крытыкі ацэньваюць стрымана. Гурт мала вядомы нават у Беларусі, бо ствараўся збольшага якраз пад удзел у "Эўрабачаньні". Зрэшты, букмэкеры не выключаюць, што беларусы могуць прабіцца ў фінальную частку конкурсу, аднак наблізіцца да запаветнай дзясяткі ўдасца наўрад ці.

Музычны аглядальнік Алег Клімаў лічыць, што перабольшваць значэньне "Эўрабачаньня" ня варта — тэндэнцыя апошніх гадоў такая, што пераможцам конкурсу так і не ўдаецца годна раскруціцца нават у эўрапейскіх маштабах. Мінулагодні трыюмфатар "Эўрабачаньня" — нарвэскі беларус Аляксандар Рыбак — запатрабаваны выключна на пасьлясавецкай тэрыторыі, дый тое з адной кароннай песьняй "Казка". Што да хлопцаў і дзяўчат з гурту "3+2", то Алег Клімаў не выключае зь іхнага боку паўтарэньня подзьвігу Дзьмітрыя Калдуна:

Алег Клімаў
"Мне ў гэтым годзе песьня нават падабаецца — прынамсі, ня самая дрэнная рэч Макса Фадзеева. Думаю, у фінал пройдуць, а што далей — канечне, сказаць цяжка. З таго, што фрагмэнтамі паслухаў зь ліку нашых супернікаў, то, як на мой густ, ёсьць песьні больш мэлядычныя, больш цікавыя. Калі б думаў, што паставіць у якасьці рынгтону, то, натуральна, нейкія іншыя рэчы выбраў бы... А чаго не хапае, каб перамагчы? Увогуле, гэта вельмі спэцыфічны конкурс, на якім бываюць такія пераможцы, якіх асабіста мне было б сорамна проста паказваць. Ня толькі на "Эўрабачаньні", але яшчэ дзесьці — зь іх песьнямі. У апошнія гады ён як быў фэстывалем, які не дае асаблівай пуцёўкі ў жыцьцё, так ён гэта і пацьвярджае. Думаю, што фэстываль апраўдвае сваё, так бы мовіць, ніякае прызначэньне: адзін раз цябе паказалі, ты засьвяціўся — і ўсё".

За ўсю гісторыю ўдзелу ў "Эўрабачаньні" прадстаўнік Беларусі толькі аднойчы трапіў у фінал. У 2007 годзе ў Хэльсынкі гэта ўдалося зрабіць згаданаму ўжо Дзьмітрыю Калдуну, які заняў выніковае шостае месца. Усе астатнія беларускія ўдзельнікі фінішавалі ў ліку аўтсайдэраў.

Лідэр гурту "Рэха" Андрэй Такінданг да безумоўнай вартасьці "Эўрабачаньня" адносіць маштабнасьць імпрэзы, якая зьбірае разам прадстаўнікоў такой вялікай колькасьці краінаў. Аднак галоўны недахоп, на яго думку, — аднастайнасьць нумароў, "заточаных" пад традыцыйную эстраду:

Андрэй Такенданг
"Я сачыў за мінулымі конкурсамі. З аднаго боку, музычнай часткі там ня так і шмат, структура больш замыкаецца на бізнэсе, піяры. Вялікае значэньне надаецца ўласна шоў. Але мне здаецца, што Беларусь задужа сур'ёзна ставіцца да конкурсу "Эўрабачаньня". Магчыма, адносіцца да яго трэба нашмат лягчэй, не перажываць так за паразы, таму што ўсё гэта выглядае крыху неадэкватна самой падзеі. Вырашаецца ажно на дзяржаўным узроўні — артыстаў выбіраюць на "Эўрабачаньне" ўсё адно, як касманаўтаў для палёту ў космас. Так сур'ёзна да гэтага падыходзіць папросту ня варта. Насамрэч было б цікава, каб там былі абсалютна розныя каманды, а ня толькі эстрадныя. Каб былі перадусім нечаканыя выканаўцы. У прынцыпе, асабіста я з задавальненьнем паглядзеў бы на "Эўрабачаньні" ад беларускага боку "Троіцу".

Дзеля справядлівасьці, сёлета "выправы" на "Эўрабачаньне" адбываліся без звыклага ажыятажу. Як кажа музычны экспэрт Алег Клімаў, чыноўнікі нарэшце зразумелі, што выглядаюць недарэчна ў спробе "прышыць" вялікую палітыку да сярэдняга ў сваім статусе фэстывалю:

"Можа, нарэшце дайшло і да нашых чыноўнікаў, што прасьцей трэба да ўсяго гэтага ставіцца. Нарэшце аддалі чыноўнікі ад культуры ўсю ініцыятыву на водкуп Першаму каналу, ня ўлазілі туды, наколькі я разумею — то бок, што хочаце, тое і рабіце. У гэтым сэнсе, як мне падалося, усё аказалася толькі на карысьць: няма чаго на дзяржаўным узроўні ўносіць у сярэдняга ўзроўню сьпеўны форум яшчэ і палітычны падтэкст. Маўляў, праз "Эўрабачаньне" ў сьвеце даведаюцца пра нашу краіну; а вось калі прайграем — як дрэнна падумаюць пра Беларусь. І добра, што гэты навязьлівы фактар сёлета нарэшце зьнік. Бо так і трэба да гэтага ставіцца — як да нейкага звычайнага фэстывалю. Так — вялікага, але які нічога асабліва не дае ні артысту, ні краіне".

Калі меркаваць па стаўках эўрапейскіх букмэкерскіх кантораў, гурт "3+2" зь песьняй "Butterflies" знаходзіцца на 23 месцы. У фаварытах сёлетняга "Эўрабачаньня" — азэрбайджанская сьпявачка Сафура, а таксама Харэль Скаат з Ізраілю і Лена зь Нямеччыны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG